Школьны марафон-2013

DSC02000

У апошні дзень лютага ў Бешанковічах вучні нашай докшыцкай СШ № 2 занялі першае месца ў занальным туры абласнога конкурсу на лепшую пярвічную арганізацыю ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” “Школьны марафон-2013”, які прысвечаны 10-годдзю маладзёжнай арганізацыі. У сакавіку маладыя актывісты будуць змагацца за званне быць лепшымі на абласным фінальным этапе.

Папярэднічаў занальнаму конкурсу раённы этап, у якім прынялі ўдзел сем школ. Ён дапамог вызначыць лепшыя пярвічкі, якія і абаранялі гонар раёна. Прызавыя месцы размеркаваліся такім чынам: першае – СШ № 2 г. Докшыцы, другое – СШ №1 г. Докшыцы, трэцяе – Бягомльская СШ.

– У гэтым годзе вырас узровень арганізацыі дадзенага мерапрыемства. Радуе, што бэрэсэмаўцы сталі яшчэ больш актыўнымі. А патэнцыял у нас вялікі, шмат таленавітых і актыўных школьнікаў, якія гатовы дзяліцца сваімі творчымі здольнасцямі, – адзначае першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Дзмітрый Чувахоў. – Кожная школьная пярвічка на выдатна падрыхтавала свае праграмы. Нумары былі насычаны і аздоблены музычна, выкарыстоўваліся самыя розныя касцюмы, якія надалі кожнай камандзе своеасаблівы каларыт і зрабілі праграмы больш цікавымі.

Праграма занальнага этапу “Школьнага марафона” складалася з трох конкурсаў. У першым з іх – прывітанні “Знаёмцеся – гэта мы!” – кожная каманда прадставіла візітную картку сваёй маладзёжнай арганізацыі, якая адлюстравала напрамак яе дзейнасці, гісторыю і традыцыі, пераемнасць і сувязь пакаленняў. У конкурсе капітанаў патрабавалася прадэманстраваць прамоўніцкія здольнасці і адказаць на прапанаваныя пытанні, якія тычыліся гісторыі “БРСМ” і яго статуса. Не было роўных у гэтым конкурсе сакратару пярвічнай арганізацыі “БРСМ” СШ № 2 Кацярыне Салавей. Завяршылася мерапрыемства конкурсам агітбрыгад, у якім удзельнікі марафону папулярызавалі і прапагандавалі дзейнасць “БРСМ”.

Каманды падрыхтавалі і прадставілі на разгляд журы сваё партфоліо. У іх увайшлі метадычныя распрацоўкі, публікацыі ў СМІ, а таксама матэрыялы па ўдзеле пярвічак у акцыях, конкурсах і канцэртах.

Па выніках “Школьнага марафону-2013” першае месца заняла каманда сярэдняй школы № 2 г. Докшыцы, другое – гімназіі № 2 імя І. М. Ерашова г. Лепеля. Трэцяе месца падзялілі дзве каманды – Крулеўшчынскай СШ Докшыцкага раёна (СШ №1 г. Докшыцы і Бягомльская СШ не маглі прыняць удзел па прычыне хваробы некаторых удзельнікаў, а таму выступала каманда, якая заняла чацвёртае месца на раённым этапе) і сярэдняй школы № 3 г. Лепеля. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі салодкія прызы, а пераможцы адзначаны граматамі і каштоўнымі падарункамі.

Таццяна ШУЛЬГАТ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *