В Докшицком районе стоит вопрос о закрытии и реорганизации некоторых школ

парта

Калі ў вёсцы закрываецца школа, гэту з’яву мясцовыя жыхары ўспрымаюць звычайна вельмі балюча. Іх рэакцыя абсалютна апраўданая і зразумелая для прадстаўнікоў улады. Аднак, у гэтага працэсу няма іншых варыянтаў. Трэба разумець, што закрываюцца школы не толькі ў нашым раёне, але і па ўсёй рэспубліцы, для гэтага ёсць, хоць і не радасныя, але аб’ектыўныя прычыны.

Толькі за апошнія пяць год у Беларусі было закрыта 450 школ, яшчэ 543 – рэарганізаваны. У бягучым годзе плануецца закрыць 114 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 96 рэарганізаваць. На Віцебшчыне падлягаюць закрыццю ў бліжэйшы час 24 школы, а 46 – рэарганізацыі.
У нашым раёне на цяперашні час налічваецца 13 малакамплектных школ (да прыкладу, у Бешанковіцкім – 5, у Дубровеньскім – 4). У бягучым годзе стаіць пытанне аб закрыцці і рэарганізацыі некалькіх устаноў адукацыі раёна.

Неабходнасць такіх пераўтварэнняў абумоўлена, перш за ўсё, памяншэннем колькасці вучняў у сельскіх школах. У першую чаргу, скарачаюцца тыя школы, дзе менш за 50 дзяцей. Не камплектуюцца класы з аднаго ці двух вучняў. Намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі райвыканкама Алена Кучыц гаворыць, што па-першае, у такіх калектывах немагчыма на высокім узроўні арганізоўваць навучальны працэс, па-другое, гэта вельмі стратна для мясцовага бюджэту. Напрыклад, на ўтрыманне аднаго вучня ў сельскай школе ў нашым раёне расходуецца ў сярэднім 16 846 тысяч рублёў, на дашкольніка – 14 846 тысяч. У гарадскіх школах іх утрыманне абыходзіцца значна танней – каля 9 300 тысяч рублёў. Чым менш выхаванцаў у навучальнай установе, тым больш на іх ідзе затрат. Напрыклад, на адно дзіця ў Варганскім садку у год траціцца 46 мільёнаў рублёў, у Заборцаўскай базавай школе – 48 мільёнаў, Бярозаўскай установе адукацыі – больш за 73 мільёны, Вітуніцкай – больш за 50 мільёнаў рублёў. У сярэднім па раёне на 1 настаўніка прыходзіцца 5 вучняў. Ёсць школы, дзе колькасць вучняў і настаўнікаў практычна супадае. Гэта, само па сабе, абсурдна.

Бягучы год у Беларусі аб’яўлены Годам беражлівасці. Сістэма адукацыі адна з першых павінна прыняць меры па эканоміі і рацыянальным выкарыстанні бюджэтных сродкаў. Для гэтага і плануецца правядзенне яе аптымізацыі, што дазволіць больш эфектыўна выкарыстоўваць базу ўстаноў адукацыі, мінімізаваць затраты на іх утрыманне. Акрамя гэтага, вучням прадставіцца магчымасць займацца ў школах, якія маюць неабходнае сучаснае метадычнае і тэхнічнае аснашчэнне. Само выхаванне стане паўнацэнным, бо толькі ў калектыве чалавек можа развівацца ўсебакова. Псіхолаг раённага аддзела адукацыі Алена Хічова сцвярджае, што дзіця, якое выхоўваецца ў маленькім калектыве, мае менш прыкладаў для пераймання, у яго дрэнна развіты камунікатыўныя навыкі, што ў далейшым жыцці выклікае цяжкасці ў зносінах. Навучанне ў вялікім класе дапаможа пазбегнуць гэтай праблемы, пашырыць круг сяброў і аднадумцаў.

Работнікі раённага аддзела адукацыі запэўніваюць, што прычын для панікі з-за закрыцця школ і класаў няма. Калі школьны рэквіем і адбудзецца, то адказныя асобы зробяць усё неабходнае, каб ён не нашкодзіў ні настаўнікам, ні вучням, ні іх бацькам. Педагогі будуць працаўладкаваны, тэхработнікі школ – таксама: у раёне развіваецца вытворчасць і кожны год ствараюцца новыя працоўныя месцы. Пры неабходнасці для дзяцей будзе арганізоўвацца падвоз да школ і дадому. Спецыяльна для гэтага раённы аддзел адукацыі дадаткова плануе набыць аўтобус. Практыка закрыцця і рэарганізацыі школ у нашым раёне ёсць. Працэс гэты рашаўся спакойна і станоўча.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *