Захавальнікі гісторыі

Бяг70 005

Апошнім часам прыкметна вырасла роля музеяў у развіцці грамадства. Гэтыя ўстановы перасталі быць толькі сховішчам гістарычных рарытэтаў. Яны з поспехам асвойваюць новыя, не зусім традыцыйныя для іх функцыі, “ідуць” да людзей і гэтым самым абуджаюць інтарэс да сваёй дзейнасці. У многім гэтаму паспрыялі зацікаўленыя адносіны дзяржавы да музейнай справы. У вышэйшых навучальных установах з’явіўся адпаведны факультэт. Летась у Гродна адбыўся першы ў нашай краіне нацыянальны форум “Музеі Беларусі”. У ім прымаў удзел і Бягомльскі музей народнай славы, экспазіцыя якога карысталася ўвагай у гасцей форуму. Падрыхтавала яе малады навуковы супрацоўнік Святлана Атрашкевіч.

Яна, а яшчэ Наталля Шыбкова, а зараз і Ларыса Карніцкая, Ірына Кучыц – гэта першыя навуковыя супрацоўнікі са спецыяльнай вышэйшай адукацыяй. Актыўныя, адукаваныя дзяўчаты далі новае жыццё музею, работа якога зараз арганізоўваецца па навуковых прынцыпах. Распрацавана праграма камплектавання фондавых калекцый. Актыўна вядзецца работа па стварэнні электроннага каталога музейных прадметаў. Супрацоўнікі музея сталі галоўнымі арганізатарамі свята “Ноч у музеі”, якое ўжо праводзілася два разы і было прымеркавана да Міжнароднага дня музеяў. Плённа працуе мемарыяльны комплекс “Шунеўка”, які з’яўляецца філіялам. У самім музеі пастаянна арганізоўваюцца выставы з вельмі цікавымі экскурсіямі, вядзецца вялікая пошукавая работа. Яго дырэктар Ала Каралевіч вельмі задаволена сваімі маладымі памочнікамі, а яны, у сваю чаргу, сцвярджаюць, што без падтрымкі кіраўніка, які ўсё разумее і вельмі добра ведае музейны фонд, гісторыю краю, ім прыйшлося б складана.

Пра Алу Уладзіміраўну хацелася б сказаць асобна. Не часта можна сустрэць чалавека, які б так, як яна, быў улюбёны ў свой бядотны лясны край. Гэта любоў натхняе яе на адшукванне невядомых, самых дробных фактаў, якія б дапамаглі аднавіць яшчэ адзін невядомы дзень, год, перыяд у існаванні Бягомльшчыны і ўсяго Докшыцкага раёна. Пошукавая работа дапамагла ўстанавіць сувязь з Героем Расіі, контр-адміралам У.М. Дронавым, які нядаўна пабываў у музеі, пакінуў у ім памятныя падарункі. Гасцявала і жонка апошняга старшыні Савета Міністраў БССР Міхаіла Кавалёва, бацька якога да вайны доўгі час працаваў у Бягомлі. Ала памятае кожную адметную дату ў гісторыі раёна і стараецца з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі данесці інфармацыю аб ёй да насельніцтва. Вельмі здзівіць чытача той факт, што пры ўсёй апантанасці ў рабоце, дырэктар музея па адукацыі нават не гісторык. У свой час яна атрымала дыплом псіхолага, а музейную справу ведае з багатай практыкі. Яшчэ дзяўчынкай-старшакласніцай бегала сюды, каб пабавіць час, які заставаўся да адыходу аўтобуса ў яе вёску. Дазорцам у музеі тады працавала, пасля таго, як выйшла на пенсію, першая настаўніца Алы Паліна Іванаўна Салаўёва. Яна, а яшчэ былыя партызаны Фёдар Міхайлавіч Літвінок, Уладзімір Лукіч Шыла, сваімі цікавымі расказамі і прыахвоцілі дзяўчынку да музею. Таму, як само сабой зразумелае, стала тое, што пасля заканчэння школы, Ала адразу прыйшла сюды працаваць. Ехаць у горад, дзе, дарэчы, жывуць яе чацвёра братоў і сясцёр, яна не хацела.

SAM_1136

Да самазабыцця любіла свае маленькія, маляўнічыя Клінікі і, пэўна, ніколі б з іх не выехала, каб не замужжа. Але, пажыўшы некаторы час у Докшыцах, яна ў 1999 годзе зноў вярнулася ў мілы сэрцу Бягомль у свой родны музей, якому яна аддала столькі сіл і душы.

У сярэдзіне 80-х гадоў разам з тагачасным дырэктарам, апантаным гісторыкам-краязнаўцам Дзмітрыем Грабоўскім, ім давялося размяшчаць фонд музея ў новым двухпавярховым будынку. Работы было процьма, але сэрца грэла тое, што яны змаглі па-новаму размясціць экспазіцыі, стварыць этнаграфічную залу. З’явіўся пакой для афармлення выстаў. Зараз Ала Уладзіміраўна разам са сваім маленькім калектывам зноў знаходзіцца на пераломным моманце ў дзейнасці музея. Работы вельмі шмат, але гэта яе, як і тады, толькі радуе: рух – гэта жыццё, а для іх пакрытай пылам гісторыі ўстановы – жыццё ўдвая.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *