В Докшицком районе прошла неделя музыки и книги

image002

Кожны год у нашым раёне ў канцы сакавіка – пачатку красавіка праходзіць свята дзіцячай кнігі і музыкі. Гэты перыяд якраз супадае з вясеннімі школьнымі канікуламі. Пра тое, як праходзіў Тыдзень кнігі і музыкі сёлета, расказваюць загадчыца Бягомльскай гарпасялковай бібліятэкі Вольга Батура і выкладчыца Крулеўшчынскай музычнай школы Святлана Кузьміч.

Вольга Батура:

– Сёлета Бягомльская гарпасялковая бібліятэка імя П.Панчанкі разам са школьнай бібліятэкай Бягомльскай СШ і настаўнікамі гэтай школы на вясновых канікулах правялі Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі. На сустрэчу з вучнямі прыйшлі літаратурныя героі са сваімі загадкамі і віктарынамі, а Каралева Кніга правяла з дзецьмі гульню “Казачнае балота” і праверыла, наколькі добра яны ведаюць казкі. Цікава прайшлі таксама літаратурная гульня «Эти старые, старые сказки» і поле цудаў “Краіны, кантыненты, акіяны”.

Конкурс малюнкаў “Вясёлы капеж” быў арганізаваны адначасова ў Бягомльскай СШ і ў нашай бібліятэцы. Дзеці самі ацэньвалі свае малюнкі, некалькі пераможцаў атрымалі прызы.

У час гульнявога шоу «Слабае звяно», дзе былі задзейнічаны вучні старэйшых класаў, яны прадэманстравалі свае веды па розных пытаннях, вылучылі пры гэтым з каманды “самае слабае звяно”.

Тыдзень завяршыўся, а мы спадзяёмся, што арганізаваныя мерапрыемствы падштурхнуць юных чытачоў актыўней наведваць бібліятэку.

IMG_1392

Святлана Кузьміч:

– Тыдзень дзіцячай кнігі і музыкі, які прайшоў у Крулеўшчыне, падрыхтавалі разам Крулеўшчынская музычная школа і мясцовая бібліятэка. У яго ўвайшлі такія мерапрыемствы як біблія-шоу пад назвай “Скарбніца ўсіх багаццяў”, літаратурная гульня “Падарожжа ў краіну “Казка”, літаратурны калейдаскоп “Майстры чароўных усмешак” і іншыя. Пачаўся Тыдзень падарожжам у краіну Казкі. Вельмі ажывілі мерапрыемства казачныя героі Фея, Баба-Яга. Яны падрыхтавалі для дзяцей разнастайныя конкурсы, удзел у якіх з ахвотай прымалі ўсе дзеці. А паміж конкурсамі гучалі чароўныя мелодыі, ладзіліся вясёлыя танцы ў выкананні вучняў дзіцячай школы мастацтваў. Усе самадзейныя нумары з захапленнем успрымаліся гледачамі, якіх на свяце прысутнічала 145 чалавек.

У памяшканні бібліятэкі заклікала да чытання сваёй назвай кніжная выстава “С интересом без хлопот читайте книги круглый год”, а юныя мастакі школы мастацтваў таксама падрыхтавалі разгорнутую выставу сваіх малюнкаў. Самыя актыўныя чытачы бібліятэкі былі адзначаны ўзнагародамі.

На здымках: 1.На свяце кнігі ў Бягомльскай бібліятэцы. 2.Тыдзень музыкі і кнігі праводзяць крулеўшчынскія школьнікі.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *