Самый вкусный хлеб у докшицких пекарей

dscn1663Хлеб – усяму галава, кажуць у народзе. З даўніны гаспадыні пяклі яго амаль кожны дзень і нават мелі свае сакрэты. Хлебам-соллю сустракалі дарагіх гасцей і ў дальнюю дарогу абавязкова бралі акрайчык. У галодны ваенны час хлеб быў даражэйшым за золата. Многія савецкія дзеці памятаюць, як беглі з крамы з цёплым боханчыкам свежага хлеба-“цаглінкі”, як адкусвалі на хаду храбусткую скарыначку і са смакам елі. Нягледзячы на тое, што ў крамах з кожным годам павялічваецца асартымент хлебных вырабаў – зараз можна набыць хлеб з семачкамі, сухафруктамі, кмінам, кунжутам і нават з мёдам – самым любімым і смачным застаецца той самы, знаёмы з дзяцінства хлеб-“цаглінка”, вырабам якога на вытворчым прадпрыемстве “Докшыцкі хлебазавод” займаюцца ўмелыя пекары. Ігар Казлоў (на здымку) – адзін з іх.

На гадзінніку няма яшчэ і васьмі раніцы, але ў цэху поўным ходам ідзе работа – вытворчасць не перарываецца і ноччу. Да таго ж, для транспартавання хлеба выкарыстоўваецца даволі цяжкае абсталяванне: толькі гатовай прадукцыі на вазку 215 кілаграмаў, а яшчэ сама каляска кілаграмаў з дваццаць. Усё гэта патрабуе значнай сілы, таму наяўнасць пекараў-мужчын у цэху – не дзіва.
Тым не менш, Ігар Мікалаевіч ніколі не думаў, што звяжа сваё жыццё з “хлебнай справай”. Пасля школы атрымаў пасведчанне кіроўцы, затым адвучыўся на слесара. Але выйшла так, што трапіў менавіта на хлебазавод, дзе працаваў яго бацька. Мікалай Мікалаевіч Казлоў дваццаць тры гады быў кіроўцам на прадпрыемстве, а зараз з’яўляецца ветэранам працы.
Ігар спачатку займаўся ўпакоўкай хлеба, пасля перайшоў у пекары. Ён не мае спецыяльнай адукацыі, проста сам па сабе адказны чалавек і хутка ўсяму вучыцца: вось і хлеб выпякаць з лёгкасцю навучыўся.
– У гэтай працы вельмі важная дакладнасць, – сцвярджае хлебапёк. – Трэба прытрымлівацца тэмпературнага рэжыму, не адступаць ад рэцэптуры, кантраляваць увесь працэс выпякання, інакш прадукт атрымаецца не такім, як трэба.
Вось ужо шэсць гадоў працуе Ігар Казлоў на прадпрыемстве, за гэты час набыў бясцэнны вопыт. Прызнаецца, што не сустракаў ніякіх цяжкасцей. Хіба што да новай печы трэба было прывыкнуць.
Калегі лічаць Ігара Мікалаевіча адказным і ўмелым спецыялістам з добрай душой. Ён ўважлівы і спакойны, гатовы дапамагчы ў любой справе. А галоўнае, ведае сваю работу і любіць яе. У яго, несумненна, ёсць талент пекара і вялікае жаданне працаваць. За змену праз яго рукі праходзіць каля 1900 боханаў формавага хлеба. За восем гадзін працы, зразумела, адчуваецца стома ў целе: рукі гудуць і хочацца хаця б прысесці. Пераапрануўшыся, Ігар вяртаецца дадому, каб адпачыць і правесці час з сям’ёй.
А заўтра будзе новы дзень, і новая партыя свежага хлеба, зробленага ўмелымі рукамі Ігара Казлова, паступіць у крамы не толькі нашага, але і суседніх раёнаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *