Владимир Андрейченко провёл приём граждан в Докшицах

IMG_5686

На мінулым тыдні дэпутат па Докшыцкай выбарчай акрузе № 22, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка праводзіў у нашым раёне асабісты прыём грамадзян. З пытаннямі да дэпутата прыйшлі 6 чалавек.

Жыхар вёскі Камайск Докшыцкага сельсавета Іосіф Маслоўскі звярнуўся адразу з дзвюма просьбамі: ліквідаваць забалочанасць прыдамавой тэрыторыі і аднавіць водаправод у Камайску. Што тычыцца першай просьбы, то яна неабгрунтаваная. Дом грамадзяніна стаіць на ўзвышэнні і забалочанасць, якая ўтварылася ад былой сажалкі, шкоды не наносіць. А вось сам дом знаходзіцца ў недагледжаным стане: агароджа паламаная, яблыні не абрэзаныя, нават дах ужо травой парос. Пара зразумець асобным грамадзянам, што перш, чым скардзіцца і чакаць дапамогі ад іншых, трэба самому навесці парадак на ўласнай сядзібе. Нягожа, калі ўласны дом знаходзіцца ў запусценні, а яго гаспадар шукае ў гэтым вінаватых.

Наконт водаправода. Ён з цягам часу прыйшоў у непрыгоднасць. Вяскоўцам было прапанавана стварыць кааператыў і будаваць водаправод на долевым удзеле: 50 % сродкаў выдзяляе дзяржава, астатнія 50 % уносіць насельніцтва. Але яна не была прынята. У вёсцы ёсць калодзежы, вяскоўцы карыстаюцца імі і не выказваюць прэтэнзій з прычыны адсутнасці водаправода.

Ад імя ўдзельніка вайны інваліда другой групы Вячаслава Хадаровіча яго дачка Ганна Пракапенка звярнулася з просьбай аб дапамозе ў рамонце жылога дома бацькоў, у якім працякае дах, развальваюцца печкі, або выдзяленні ім сацыяльнага жылля. Пытанне пастаўлена на кантроль і да 1 чэрвеня будзе вырашана. Канкрэтнае тлумачэнне дадзена таксама Алене Пазняк з вёскі Гліннае, і Генадзію Крупо з Докшыц, якія таксама звярталася да дэпутата па жыллёвым пытанні.

У свой час за кошт бюджэтных сродкаў у аграгарадку Таргуны былі газіфікаваны ўсе дамы, акрамя тых, што па вуліцы Баравой. Просьбу жыхароў правесці газіфікацыю дамоў і гэтай вуліцы выказала Антаніна Трус. Уладзімір Андрэйчанка патлумачыў, што для вырашэння дадзенага пытання магчымы два варыянты. Першы прадугледжвае стварэнне кааператыву і выкананне работы на долевым удзеле: 30 % кошту ўносіць насельніцтва, 70 % выдзяляецца з бюджэту. Магчымы і другі варыянт, пры якім неабходна будзе запланаваць на будучы год будаўніцтва на вуліцы Баравой трох-чатырох дамоў для патрэб гаспадаркі, а пры іх газіфікацыі можна будзе падключыць і дамы жыхароў гэтай вуліцы. Але тады чакаць газу прыйдзецца значна больш часу, чым пры першым варыянце.

Наталлю Ананьіну хвалявала пытанне наконт закрыцця Бярозаўскай школы-сада. Маўляў, у Крыпульскай школе менш дзяцей, а закрываюць Бярозаўскую. Грамадзянцы растлумачана, што канчаткова гэта пытанне пакуль не вырашана, але адну школу прыйдзецца закрыць. Якую канкрэтна – будзе вырашацца з улікам многіх іншых момантаў.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *