Освобождение Докшицкого района

27 чэрвеня 1944 года Савецкае інфармбюро паведаміла, што пад Віцебскам савецкія войскі завяршылі ліквідацыю акружанай групоўкі праціўніка. У палон было ўзята больш за 10 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў. На лепельскім кірунку нашы войскі з баямі авалодалі раённым цэнтрам Чашнікі.

roza_228 чэрвеня перадавыя часці 5-й арміі блізка падышлі да Бярэзіны. Перад імі была пастаўлена незвычайна цяжкая задача – фарсіраваць раку, шырока прыкрытую па ўсёй паласе глухімі лясамі, топкімі балотамі. Савецкія воіны з дапамогай партызан задачу выканалі. Якой цаной дасталася гэта перамога, лепш за ўсё могуць расказаць самі франтавікі. Гісторыя захавала імёны байцоў і камандзіраў 277 стралковай дывізіі: Героя Савецкага Саюза падпалкоўніка Г.А. Дуброўскага, падпалкоўніка Д.К. Марозава, лейтэнанта Л.П. Ізюмава. Іх успаміны рэдакцыі прадставіла дырэктар Бягомльскага музея народнай славы Ала Каралевіч.

Выхад да берагоў ракі Бярэзіна ствараў спрыяльныя ўмовы для далейшага наступлення савецкіх войск. Па разліках жа нямецкага камандавання мнагаводная рака павінна была стаць сур’ёзнай перашкодай на шляху гэтага наступлення. Гітлераўцы ўзвялі на правым беразе шматлікія інжынерныя збудаванні, якія рабілі гэты рубеж непрыступным. Перадавы атрад 2-га стралковага батальёна 277 стралковай дывізіі пад камандаваннем капітана Луева з баямі выйшаў да Бярэзіны, але ў раёне мосту быў спынены арганізаваным агнём праціўніка. Каб не загубіць дывізію, вырашана было па падказцы партызан-разведчыкаў брыгады “Жалязняк” абыйсці найбольш умацаваныя ўчасткі праціўніка і ўдарыць па ім з флангаў і тылу. Абыходзіць трэба было па балоце, якое лічылася непраходным.

Салдаты балансавалі па купках з матэрыяльнай часткай на плячах (кулямёт – 18 кг, станок – 32 кг) і пад яе вагой правальваліся. Выцягвалі аднаго, вязнуў – другі. Рух спыніўся, а ісці было трэба. Тады найбольш кемлівыя прыдумалі садзіцца на купку, перадаваць праз галаву кулямёт ці станок таварышу, а потым заходзіць яму за плечы і зноў прымаць гэты груз.

Складана сёння ўявіць, колькі ж спатрэбілася тым воінам сіл і цярпення, каб пераадолець такім чынам 12 кіламетраў топкай мясцовасці і выйсці да ракі. Многія байцы плакалі і валіліся ад непамернай цяжкасці. Таварышы падхоплівалі аслабеўшага пад рукі, давалі яму адпачыць. Фарсіраванне пачалося ў 15.00, а ў 3 гадзіны ночы Ізюмаў зразумеў, што далей рухацца немагчыма, сілы ў байцоў скончыліся. Спыніліся на адпачынак, калі можна назваць ім сядзенне на купінах з матчасткай на каленях. Але і ён даў свой вынік. Праз некаторы час байцы рушылі далей. На цвёрды грунт выйшлі ў 9 гадзін раніцы.
Камандзір загадаў усім разуцца, выкруціць анучкі і пераабуцца. Пасля гэтага дазволіў выпіць па 100 грамаў і падсілкавацца. Да байцоў вярнуліся сілы, у іх падняўся настрой.

Праз Бярэзіну перапраўляліся на розных плаўсродках, у тым ліку і самаробных. Пасля даклада разведкі два ўзводы кулямётчыкаў і 9-я стралковая рота накіраваліся на артылерыйскія пазіцыі немцаў. Другі батальён пад камандаваннем капітана Луева рушыў на пярэдні край пяхоты праціўніка, страляючы на хаду. Агонь быў настолькі моцным, што немцы пакідалі свае пазіцыі і сталі разбягацца па лесе дробнымі групоўкамі. Раніцай па захопленаму ля вёскі Кальнік мосце пачалася пераправа асноўных сіл 277 дывізіі.

Паступіў загад на праследаванне праціўніка і ўзяцце Бягомля. Перад ім немцаў накрылі “кацюшы”. Калі савецкія часці ўвайшлі ў пасёлак, яго не было: сярод развалін толькі тырчэлі пячныя трубы. Пахавалася і насельніцтва. Не спыняючыся, войскі рушылі далей і 1 ліпеня завязалі бой з немцамі на станцыі Параф’янава, захапілі яе і пайшлі далей на Мядзел.
З палітданясення палітаддзела 306 стралковай дывізіі:
“… Горад Докшыцы Віцебскай вобласці вызвалены 2 ліпеня 1944 года часцямі 306 стралковай дывізіі, 1-га стралковага корпусу (камандзіры: генерал-лейтэнант М.А. Васільеў, генерал-маёр М.І. Кучаравенка).

У сістэму Докшыцкага апорнага пункта ўваходзілі два цагляных будынкі, якія дазвалялі немцам трымаць шашу і падыходы да горада пад перакрыжавальным агнём на глыбіню да 800 метраў. Гэтыя ўмацаванні штурмавала 5-я рота 955 стралковага палка. У час наступлення раніла камандзіра роты, але яго, рызыкуючы жыццём, уратаваў чырвонаармеец Г.І. Байбекаў.

У баі за Докшыцы вызначыўся артылерыйскі разлік старшыны Мелянкова. Ён прамой наводкай расстрэльваў контратакуючых немцаў і знішчаў іх агнявыя кропкі, якія перашкаджалі руху пяхоты. У баі за Докшыцы смерцю героя загінуў капітан Калашнікаў…”

Падрыхтавала
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *