В Парафьяново выбрали властелина села (+фото)
У мінулую суботу ў аграгарадку Параф’янава было “горача” не толькі ад па-летняму цёплага надвор’я, але і ад вясёлага, шумнага мерапрыемства, у час якога маладыя сем’і змагаліся за тытул “Уладар сяла”. Сёлета ў конкурсе прымалі ўдзел пяць працавітых, творчых, энергічных і таленавітых сем’яў: Абуховічы з аграгарадка Крулеўшчына, Альфяровічы з вёскі Вецяра, Фролы з аграгарадка Сітцы і гаспадары конкурсу, сем’і Ясюлевічаў і Татарчукоў з Параф’янава.
Напачатку мерапрыемства з уступным словам да ўсіх звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна, якая з радасцю прывітала ўсіх прысутных, адзначыла, што колькасць сем’яў, якія б хацелі паўдзельнічаць у конкурсе, з кожным годам павялічваецца, а таксама пажадала ўсім удзельнікам поспеху.
Спаборніцтва пачалося з творчага конкурсу “Вітаем па-беларуску”, падчас якога ўдзельнікі змаглі і на другіх паглядзець, і сябе паказаць. Усе творча падышлі да гэтага этапу: са сцэны гучалі прыпеўкі, вершы, песні, якія шчыра віталі гледачы і заўзятары.
У народзе кажуць: “Па гнязду відаць, якая птушка”. Гэта выслоўе як нельга лепш тлумачыла конкурс, дзе сем’і-ўдзельніцы прэзентавалі свае сямейныя падворкі. Драўляная брама, па-майстрэску зробленая Ігарам Абуховічам, адразу выдзялялася сярод іншых падворкаў, а яго цудоўныя карціны выклікалі захапленне ў прысутных. Выстава Фролаў адрознівалася шматлікімі спартыўнымі ўзнагародамі, якія належаць гаспадару сям’і Андрэю. “Фішкай” падворка Дзмітрыя і Веранікі Татарчукоў стала хатняя жывёла: сужэнцы займаюцца развядзеннем трусаў, і гэтыя маленькія шэрыя камячкі сабралі вакол сябе не толькі дзяцей, але і дарослых. Асаблівасцю падворка сям’і Ясюлевічаў сталі малюнкі іх дачкі Вікторыі.
Прэзентаваўшы сябе як выдатных гаспадароў, старэйшыя прадстаўнікі сем’яў накіраваліся па спецыяльным маршруце, дзе іх чакала шмат цікавых і арыгінальных конкурсаў. Дзеці тым часам стваралі малюнкі на тэму “Мама, тата, я – дружная сям’я”.
Найбольш цікавым і багатым на разнастайныя этапы стаў конкурс “Вясковая эстафета”, у якім мужчыны бегалі дыстанцыю з ухватам, спавівалі дзіця, пераносілі вёдры з вадой, а пасля і сваю гаспадыню. Жанчыны павінны былі аддзяліць цыбулю ад часнаку, а таксама забіць цвік у бервяно. Хоць снегу на свяце не было, але ж падчас аднаго з конкурсаў сужэнцы павінны былі прайсці эстафету, абуўшыся ў лыжы. Конкурсы “Майстар” і “Сельскае асарці” дапамаглі вылучыць найбольш хуткіх гаспадароў: моцная палова рабіла насечкі на бервяне, што аж трэскі ляцелі, жанчыны займаліся нарыхтоўкай садавіны. Акрамя гэтага, сем’і разам хадзілі “па дровы”, дзе павінны былі напілаваць, насекчы дроў і скласці іх у асобным месцы, а таксама касілі траву падчас чарговага конкурсу “Касцы”. Бульба – наш другі хлеб, таму адзін з конкурсаў быў звязаны з гэтай агароднінай. Мужчыны стараліся патрапіць бульбінай у вядро, а жанчыны павінны былі перакаціць яе з аднаго месца на другое, карыстаючыся толькі драўлянай палачкай.
Відовішча было дынамічным і захапляльным. Сем’і праходзілі маршрут адначасова: выканаўшы адно заданне, імкліва рухаліся далей – лік ішоў на хвіліны. Напрыканцы ўсе стаміліся і ў чаканні вынікаў з радасцю адпачывалі, слухалі песні ў выкананні самадзейных артыстаў.
Усе сем’і былі адзначаны граматамі і атрымалі добрыя падарункі, а ў тройцы лідараў апынуліся наступныя ўдзельнікі: сям’я Фролаў заняла трэцяе месца, на другім месцы – сям’я Татарчукоў. Тытул “Уладар сяла” атрымала сям’я Ясюлевічаў.
– Хочацца сказаць вялікі дзякуй усім удзельнікам, – падвяла вынік мерапрыемства старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч. – Спадзяюся, што натхненне, якое суправаджала вас падчас конкурсу, застанецца з вамі, а гэта спаборніцтва яшчэ больш аб’яднае і згуртуе.
Таццяна САКОВІЧ.
Фота аўтара.