Александр Ромашов легко управляет «Белорусом»

P1300862    За вёскай Туркі дасявалі яравыя збожжавыя. Поле, як вокам акінуць, апрацоўваў механізатар ААТ “Барсучанка” Аляксандр Рамашоў. Здавалася, без напружання ішоў “Беларус” у счэпе са шматкампанентным пасяўным агрэгатам, а на ўскрайку стаяў яшчэ адзін трактар, які быў заняты падвозам насення.
– Гэтыя хлопцы працуюць зладжаным дуэтам, – сказаў дырэктар таварыства Сяргей Маскалёнак. – Кантраляваць іх не трэба. Галоўнае – паставіць канкрэтную задачу, і яна будзе вырашана. А механізатар Рамашоў – і чалавек, і работнік выдатны. Ён сам ведае, калі і што трэба зрабіць, каб пасля ў рабочым працэсе не было затрымкі. Напрыклад, пасяўны агрэгат разам з токарам перабралі задоўга да пачатку сяўбы. А таму, як толькі адчапіў плугі, адразу выйшаў на поле з сеялкай. Маладзец – ды і толькі!
Аляксандр Рамашоў карэнны сібірак. Большая частка яго жыцця прайшла ў Сібіры. Там вывучыўся на механізатара, набыў вопыт. А на пастаяннае месца жыхарства з сям’ёй прыехаў у наш раён. Чаму? Так склаліся абставіны. Аляксандр, хоць і гарадскі чалавек, але палюбіў вясковую працу. Для яго важна не проста працаваць на трактары, а менавіта на полі: араць, сеяць. Пэўны час гэтай справай займаўся на радзіме, але не мог пагадзіцца з адносінамі тых, хто працаваў з ім побач. Маладому чалавеку падавалася, што яны на першае месца ставяць свае выгоду і дастатак, а грамадскае – на апошняе. Яму было “за дзяржаву крыўдна”. Пра жыццё ў Беларусі ведаў са слоў жонкі, якая родам з Крулеўшчыны. Паглыбіўся ў справы нашай сельскай гаспадаркі, жыццё вяскоўцаў і прыйшоў да высновы: трэба перабірацца. Уладкаваўся на працу ў ААТ “Барсучанка”, дзе прыезджых і работай забяспечылі, і жыллём. Працуе і дзякуе лёсу за тое, што ўсё так ладна складваецца.
Рамашоў перыядычна выходзіць у лідары раённых спаборніцтваў сярод механізатараў, якія заняты на ворыве глебы, на сяўбе. Неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі райсельгасхарчу і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, памятнымі падарункамі. Лічыць галоўным не матэрыяльны стымул, а маральны. І, канечне ж, увагу з боку кіраўніцтва мясцовага сельгаспрадпрыемства, вышэйстаячых арганізацый.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Рамашоў на сяўбе яравых збожжавых культур.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *