Чем занять докшицких школьников в летнее время

У школах закончыўся навучальны год і пачнуцца вясёлыя летнія канікулы. Вельмі важна, каб дзеці правялі лета з карысцю, адпачылі ад кніг і падручнікаў і ў той жа час не былі пакінуты сам-насам, а знаходзіліся пад наглядам дарослых і займаліся цікавымі і карыснымі справамі. Гэта будзе самай лепшай прафілактыкай правапарушэнняў сярод падлеткаў. На жаль, у мінулым годзе, менавіта ў летні час быў дапушчаны рост дзіцячай злачыннасці. Дадзены факт, як дакор службам, якія займаюцца арганізацыяй летняга адпачынку школьнікаў, Алег Пінчук агучыў на пасяджэнні і запатрабаваў ад іх большай адказнасці ў арганізацыі летняга адпачынку школьнікаў. Пра тое, як плануецца ў раёне правядзенне канікулярнага перыяду, дакладваў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Парцянка.
Бадай, самым жаданым і галоўным месцам правядзення канікулаў для школьнікаў з’яўляецца ў раёне дзіцячы аздараўленчы лагер “Бярозка”. Чакае ён сваіх юных сяброў і сёлета. Толькі ўжо не ў Клінтэнбургу, як раней, а ў Вітунічах, куды ён нядаўна перамясціўся і заняў будынак былой школы. Для прыняцця дзяцей цяпер тут вядуцца рамонтныя работы, і трэба паспяшацца, каб да адкрыцця лагера паспець іх завяршыць. Менавіта на апошняе і звярнуў увагу кіраўнік раёна, калі нагадаў, што аб’ём работы там яшчэ вялікі, а таму патрабаваў больш хуткіх тэмпаў у падрыхтоўцы гэтай установы да прыёму школьнікаў. Алег Леанідавіч удакладніў і кошт пуцёўкі, які складае больш за мільён рублёў на дзіця. А таму кіраўнікам арганізацый ён прапанаваў аказаць грашовую дапамогу бацькам у набыцці пуцёвак. Як запэўніў прысутных Дзмітрый Парцянка, у двухтыднёвы тэрмін лагер будзе гатовы прыняць першую змену адпачывальнікаў. А ўсяго ў лагеры пройдуць аздараўленне і правядуць адпачынак тры змены школьнікаў. Частка дзяцей будзе наведваць лагеры дзённага знаходжання, што створаны пры школах. Дзмітрый Данілавіч далажыў таксама і аб іншых формах арганізацыі піянерскага лета. Зазначыў пры гэтым, што асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца дзецям з сацыяльна небяспечных сем’яў, а таксама дзецям-сіротам.
Вядома, што далучэнне дзяцей да працы – самы эфектыўны метад іх выхавання. З гэтай мэтай у летні перыяд будуць дзейнічаць рамонтныя брыгады школьнікаў, якія выканаюць пасільны для іх рамонт класаў, школьнай мэблі. Вучні будуць працаваць на азеляненні прышкольных тэрыторый, на доследных участках, пройдуць летнюю вытворчую практыку. Юныя лесаводы акажуць дапамогу лясніцтвам у пасадцы дрэў, зборы ягад і іншай дзікарослай сыравіны. Экскурсіі, паездкі па памятных мясцінах, спартыўныя секцыі, гурткі па інтарэсах – усё гэта будзе прапанавана нашым дзецям на перыяд школьных канікулаў. Як бачым, разнастайных форм для карыснага правядзення доўгачаканага лета прыдумана шмат. Застаецца самае галоўнае – запланаванае ажыццявіць. А гэта ўжо клопат дарослых: настаўнікаў, бацькоў, выхавальнікаў, работнікаў тых службаў, дзейнасць якіх датычыцца выхавання нашай юнай змены. Менавіта ад іх залежыць, каб нішто не змагло азмрочыць гэту цудоўную пару.
Анна ЖОЎТКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *