В Докшицком райисполкоме рассмотрели важные вопросы
На парадку дня чарговага пасяджэння райвыканкама, якое правёў на мінулым тыдні старшыня Алег Пінчук, абмеркаваны два актуальныя пытанні: аб выніках ацяпляльнага перыяду 2013-2014 г.г. і задачах па падрыхтоўцы народнай гаспадаркі раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2014-2015 г.г.; аб рабоце па арганізацыі аздараўлення і занятасці дзяцей і падлеткаў у летні перыяд 2014 года.
Толькі што закончыўся асенне-зімовы ацяпляльны перыяд, а тыя, хто забяспечвае бесперабойную падачу цяпла ў нашы дамы і кватэры, арганізацыі і ўстановы, павінны ўжо думаць пра наступны сезон. Нездарма ж кажуць: “рыхтуй летам сані, а зімой калёсы”. Толькі загадзя падрыхтаваўшыся да наступлення халадоў, можна смела сустракаць зіму. Як прайшоў мінулы ацяпляльны перыяд, ці ўдалося выканаць усё запланаванае па рамонце кацельняў, водаправодаў, цеплатрас і якія работы ў гэтым накірунку трэба яшчэ правесці – пра гэта дакладваў на пасяджэнні намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Шнітко.
Было адзначана, што ў цэлым запланаваныя мерапрыемствы выкананы. Дакладчык назваў канкрэтныя ўстановы, дзе праведзена замена ацяпляльных катлоў, указаў, на якіх кацельных заменена помпавае абсталяванне. Пералічыў аб’екты, на месцы знаходжання якіх заменены ўчасткі цеплавых сетак, выканана ўстройства сістэм гарачага водазабеспячэння, праведзена мадэрнізацыя цеплавых пунктаў, хімічная ачыстка сістэм ацяплення будынкаў. У пералік зробленага ўваходзіць і газіфікацыя 16-кватэрных жылых дамоў па вуліцы Савецкай у г.п. Бягомль, будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады ў агр. Бярозкі.
Станоўчым фактам з’яўляецца тое, што ў раёне выкананы мэтавы паказчык па энергазберажэнні, які склаў -7,1 працэнта пры даведзеным заданні -7 працэнтаў.
Дакладчык указаў і на тыя з запланаваных мерапрыемстваў, якія засталіся нявыкананымі. А гэта рамонт участка цеплавых сетак ад кацельнай “Аўташкола” да сярэдняй школы № 2 г. Докшыцы; будаўніцтва цеплатрасы да 8-кватэрных жылых дамоў па вуліцы Ленінскай (№ 2) і вуліцы Горкага (№ 5); устройства сістэм гарачага водазабеспячэння ў шматкватэрных жылых дамах па вуліцах Кастрычніцкай (№ 34, № 6), Гайдара (№ 52), завулку Чарняхоўскага (№ 1); пераключэнне нагрузак кацельнай “Гасцініца” на кацельную ПМК-52; капітальны рамонт катла КВТ-1 на кацельнай “Дзіцячы сад”; замена дымасосаў на кацельнай “Параф’янава”; уцяпленне паветраных цеплатрас. Установай аховы здароўя “Докшыцкая ЦРБ” не праведзена наладка сістэм ацяплення ў будынку паліклінікі. Таксама не поўнасцю выканана хімводпадрыхтоўка на кацельнях.
Пры ажыццяўленні санітарнага дзяржаўнага нагляду ДУ “Докшыцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” былі выяўлены факты незахавання параметраў мікраклімату на некаторых аб’ектах аддзела адукацыі, спорту і турызму, райста і іншых. Недаробкі ёсць і ў жылых дамах: не ўсюды яшчэ заменены ўваходныя дзверы, зашклёны вокны.
Гэтыя і многія іншыя работы камунальнікам трэба будзе выканаць у бліжэйшы час, каб не прыйшлося займацца імі зімой, або яшчэ горш – ліквідоўваць у марознае надвор’е аварыйную сітуацыю.