Докшицкие выпускники стоят перед выбором

264c257e875b53bd4d49165f40067138   Падыходзіць да завяршэння чарговы навучальны год. Школьнікі не могуць дачакацца прыходу канікул, і толькі выпускнікі крыху хвалююцца, бо перад імі стаіць вельмі цяжкі выбар. Гэта менавіта той выбар, ад якога залежыць іх будучыня. Гэта той выбар, зрабіўшы які, яны выходзяць на новы ўзровень свайго жыцця. Канечне, бацькі не пакінуць без дапамогі сваіх дзяцей у такім цяжкім пытанні, але нам стала цікава: чаго ж хоча  цяперашняя моладзь і якія прафесіі, на іх думку, зараз актуальныя?

Вікторыя Глазко (17 год):
– Мяне заўсёды прыцягвала сфера турызму. Так цікава кожны дзень сустракацца з новымі людзьмі, падарожнічаць па розных краінах. Таму прафесія перакладчык-гід на факультэце міжнародных адносін БДУ адразу ж прыцягнула маю ўвагу. Закончыўшы ўніверсітэт, я б магла працаваць у гасцінічным бізнесе менеджэрам па турызме. Ужо зараз уяўляю сябе супрацоўнікам якой-небудзь турыстычнай фірмы. Хачу ўжо хутчэй паздаваць усе тэсты і з новымі сіламі пачаць самастойнае жыццё. Канечне, не забуду пра тых, хто дапамог мне стаць на гэтую новую прыступку – сваіх бацькоў.
Юлія Палянская (15 год):
– Цікавасць да хіміі і біялогіі ў мяне з’явілася ў 7-8 класах. Даведаўшыся пра існаванне ліцэя пры БДУ, я рашыла паспрабаваць паступіць пасля заканчэння 9 класаў на хіміка-біялагічнае аддзяленне. Таму мне хочацца хутчэй паздаваць усе выпускныя школьныя экзамены. Спадзяюся, што вучоба будзе цікавай і я пазнаёмлюся з новымі людзьмі, а пасля заканчэння гэтай навучальнай установы змагу паступіць у БДУ для атрымання вышэйшай адукацыі па прафесіі фармацэўтычная дзейнасць.
Валерыя Гуменнік (17 год):
– Вельмі не хочацца пакідаць родныя Докшыцы, бо тут прайшло маё дзяцінства. Але наступае час, калі трэба прыняць вельмі важнае рашэнне: вызначыць, кім я хачу стаць. Быць фатографам – гэта мая мара. Але, цвярозым поглядам ацэньваючы сітуацыю, я разумею, што першую вышэйшую адукацыю трэба атрымаць больш сур’ёзную, напрыклад – эканаміст. Бо ў наш час без яе нельга ўліцца ў грамадства. У дарослага чалавека таксама павінна быць і фінансавая стабільнасць. Таму я рашыла, што буду займацца фатаграфіяй як хобі, проста дзеля душы.
Аляксандра Купрэвіч (17 год):
– Я падышла да выбару прафесіі вельмі сур’ёзна, але ж не змагла пайсці супраць даўняй мары. Бо яшчэ з дзяцінства мяне прыцягвала прафесія лекара. У маёй сям’і іх шмат, што таксама паўплывала на выбар. Ну і канечне, падабаецца тое, што прафесія досыць практычная і запатрабаваная. А гэта так хораша, калі твае сапраўдныя мары і жаданні могуць адказваць усім патрабаванням сучаснасці.
Дар’я Шылько (15 год):
– Шмат часу я займалася танцамі. І зараз мне стала зразумела, што гэта для мяне не проста хобі, а тое, з чым я хачу звязаць свой далейшы лёс. Мне б хацелася выступаць на сцэне, танцаваць для людзей, радаваць іх новымі выступленнямі. Вось таму я і рашыла пасля дзевяці класаў паступаць у Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтва на спецыяльнасць эстрадны танец. Зараз ужо рыхтуюся да ўступных экзаменаў. Пажадайце мне поспехаў!
Жадаем усім выпускнікам паспяхова здаць школьныя экзамены, цэнтралізаванае тэсціраванне і паступіць у тую навучальную ўстанову, якую яны выбралі.
Вераніка ДАЛЖУК, вучаніца 9 “В” класа СШ № 2 г. Докшыцы.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *