Чудо-техника появилась на торгуновских полях Докшицкого района (+видео)

img_7988У ААТ “Таргуны” да пачатку вясенне-палявых работ прыступілі з асаблівым імпэтам, што цалкам зразумела: магчымасці новай тэхнікі, якая працягвае паступаць у гаспадарку, даюць надзею на тое, што пасяўная кампанія пройдзе ў аптымальныя тэрміны і якасна. Актыўна вядуцца работы па падкормцы азімых збожжавых культур і пашаў. Рыхтаваць жа глебу да сяўбы сёлета давядзецца не толькі звыклымі ўжо чызельнымі культыватарамі КЧ-5,1 (гэта работа ўжо праведзена на полі каля вёскі Вецяра), але і шматфункцыянальнымі культыватарамі з высокай прадукцыйнасцю TopDown. Іх зараз маецца ў наяўнасці тры: TopDown 700 з шырынёй захопу глебы 7(!) метраў і два шасцісотыя – з захопам па 6 метраў. Вага культыватара каля 10 тон, і справіцца з такой махінай можа толькі магутны трактар Fendt. Іх у Таргунах на сённяшні дзень чатыры: два “фэнды”, як іх сталі прасцей называць, 936, адзін – 734 і адзін, супермагутны, – 1050 vario.
Пробны выезд менавіта апошняга ў счэпцы з культыватарам адбыўся днямі ў гаспадарцы. Асвойваць сучасныя гіганты ўзяўся вопытны механізатар з немалым стажам работы, прафесіянал у сваёй справе Васіль Юхнавец. Вядома, ён пакуль што адчувае некаторую напружанасць у кабіне трактара з “бартавым” камп’ютарам, але адзначае камфорт і зручнасць кіравання, кампактнасць канструкцыі, унікальныя цягавыя характарыстыкі, эканамічны расход паліва і маслаў, праходнасць і манеўранасць свайго новага “баявога каня”. Гэта цалкам зразумела: мадэль Fendt 1050 vario адпавядае ўсім патрабаванням сусветнага стандарту і на афіцыйным узроўні атрымала статус “Лепшы трактар 2016 года”.
– Мы зрабілі выбар на карысць культыватара TopDown па той прычыне, што тэхніка гэтая ўніверсальная, з вельмі высокай прадукцыйнасцю, – тлумачыць кіраўнік ААТ “Таргуны” Аляксандр Лесюкоў. – Культыватар у два разы скарачае колькасць праходаў, дазваляе захоўваць аптымальную вільготнасць глебы і значна зніжае вытворчыя затраты.
– Гэта шматфункцыянальны культыватар, які аб’ядноўвае ў сабе інтэнсіўнасць дыскавага культыватара і моц трохвоснага лапавага культыватара, – падключаецца да размовы галоўны аграном гаспадаркі Дзям’ян Варанковіч. – Дыскі на індывідуальных стойках, размешчаныя на адлегласці 12,5 сантыметра, ствараюць правільную структуру глебы за кошт рыхлення і перамешвання верхніх слаёў. Размяшчэнне ж саміх стоек на адлегласці 27 сантыметраў адна ад адной дазваляе рыхліць, а затым перамешваць глебу і пажніўныя рэшткі на рабочай глыбіні 30 сантыметраў. А дзве апошнія рабочыя зоны – выраўняльныя дыскі і каток – забяспечваюць роўную і поўнасцю прыкатаную зямлю.
Варта дадаць, што для адаптацыі да розных па структуры глебаў механізатар можа на хаду проста з кабіны трактара адрэгуляваць інтэнсіўнасць работы дыскаў і гідраўлічных выраўняльнікаў, выканаць хутка і дакладна яшчэ шмат розных аперацый. А пры сяміметровым захопе глебы і сярэдняй хуткасці 10 км/г на палях з высокай контурнасцю можна спадзявацца на выпрацоўку ў 100 гектараў за рабочы дзень.
Хаця сёлетняя крыху запозненая вясна і павышаная вільготнасць глебы ранняму пачатку пасяўной кампаніі не спрыяюць, тым не менш на гэтым тыдні падрыхтоўку глебы да сяўбы пачалі, акрамя ААТ “Таргуны”, і ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *