Руслан Герасимов работает в Докшицкой аптеке

Изображение 003    У зале загучала бразільская самба – і прыгожая пара пачала танцаваць. Здавалася, што маладыя людзі жылі гэтай заварожваючай музыкай. Рухі былі дынамічнымі, чулымі. Экспрэсіўны і тэмпераментны настрой перадаваўся ўсім, хто назіраў за выступленнем незнаёмых артыстаў. Адкрытая ўсмешка партнёра выклікала самыя добрыя пачуцці, хацелася рушыць за маладой парай пад запальныя гукі. Пасля заканчэння рэтра-вечарыны, прысвечанай святу жанчын, многіх цікавіла, што за танцоры выступалі.

Знаёмцеся: юнак з прыгожай усмешкай і заварожваючай пластыкай – Руслан Герасімаў (на здымку). Вось ужо дзесяць месяцаў ён працуе правізарам у Докшыцкай аптэцы № 95 пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Дарэчы, за трыццаць гадоў існавання аптэкі гэта першы аптэкар-мужчына.
– ВДМУ – гэта “жаночы” ўніверсітэт, – усміхаецца Руслан. – Я трапіў у фармацыю толькі таму, што вельмі люблю хімію, а доктарам стаць зусім не марыў. Яшчэ ў школе, а вучыўся я ў Бягомльскай СШ, я настолькі палюбіў гэтую навуку, што думаў толькі пра тое, што і ў далейшым жыцці буду непарыўна з ёй.
Сям’я Герасімавых пераехала ў Бягомль з Гомельскай вобласці пасля чарнобыльскай трагедыі. Руслану тады было два гады. Першыя сябры, школа – усё пачалося ў Бягомлі, таму і сваёй маленькай Радзімай юнак лічыць гэты пасёлак. Настаўніца хіміі Галіна Бузо навучыла хлопца любіць прадмет, які яна выкладала. Спачатку было цяжка зразумець усе гэтыя формулы, але прафесіяналізм Галіны Ігнатаўны і стараннасць яе вучня перамаглі. Герасімаў заняў першае месца ў раённай алімпіядзе па хіміі.
Пасля заканчэння школы ён паступіў у Лужаснянскую гімназію (а трапіць туды не так і лёгка). Вучыўся ў хіміка-матэматычным класе, які праз некаторы час закрылі, а вучня перавялі ў хіміка-біялагічны. З біялогіяй прыйшлося трошкі пазмагацца, пакуль і яна стала дасціпнай і любімай. Тое, што Руслан добра ведаў хімію і біялогію, стала вызначальным момантам у яго біяграфіі.
– Цяпер я разумею, што работа ў аптэцы, гэта не зусім тое, што я ўяўляў сабе на тэарэтычных занятках. Але практыка – гэта галоўнае ў любой сферы, – дзеліцца ўражаннямі юнак. – Дзякуй калегам, што яны разумеюць і дапамагаюць у маіх першых кроках па сцяжынцы, якую я абраў.
Як жа хлопец трапіў на сцэну? На вучобе ва ўніверсітэце заўсёды хадзіў на канцэрты. Аднойчы сябар прапанаваў пайсці разам з ім на заняткі па танцах. Руслан згадзіўся і ні разу не пашкадаваў аб гэтым. Спачатку народныя, а потым спартыўныя, бальныя дапамаглі разняволіцца, стаць больш пластычным.
Калі скончыў універсітэт і вярнуўся дадому, вельмі хацелася зноў на сцэну. Аднойчы з маці прыехалі на канцэрт у Докшыцы. Ім вельмі спадабалася мерапрыемства, артысты, вялікая прыгожая к/з “Іскра”. На наступны дзень ён патэлефанаваў у Цэнтр культуры і прапанаваў падзяліцца сваім талентам. Так і трапіў на рэтра-вечарыну, дзе сваім запальным танцам адразу заваяваў сэрцы многіх дакшычан. На выступленне ён запрасіў сваю партнёршу, з якой ва ўніверсітэце кружыў у рытмах самбы, румбы і ча-ча-ча аж чатыры гады.
– Але дэбютам у Докшыцах стаў віншавальны танец у аптэцы для жанчын-калег, – працягвае размову юнак. Вось ужо і ў конкурсе “Таленты Докшыччыны” паўдзельнічаў, і ў канцэрце на Свята Перамогі танцаваў. Спадзяюся, што маё захапленне дорыць гледачам прыемныя пачуцці, якія я і сам атрымліваю.
Хімія і танцы – не адзіныя захапленні бягомльскага хлопца. З дзяцінства прывучаны да ранішняй зарадкі, ён любіць спорт, у прыватнасці, вялікі тэніс, таму зараз чакае, калі на гарадскім стадыёне падрыхтуюць пляцоўку для гэтага віду спорту. Вельмі любіць ездзіць на веласіпедзе. Аднойчы нават з Віцебска ў Бягомль даехаў на сваім двухколавым сябры. Так правяраў свае сілы і магчымасці. У Докшыцах прымаў удзел у першынстве па плаванні, дзе выступаў за дзве каманды – ЦРБ і аптэкі.
Вось такі рознабаковы ў сваіх інтарэсах герой нашага артыкула – Руслан Герасімаў. Як ён сам сябе называе – своеасаблівы мікс.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *