Анатолий Шауро з Докшиц — хороший специалист

рукадзельніца 605   Анатоль Ільіч Шаура больш чым 30 гадоў працуе ў меліярацыйнай сістэме. Прыйшоў сюды яшчэ да арміі – адразу пасля заканчэння школы. Планаваў паступіць у Пінскі меліярацыйны тэхнікум, але здарыўся казус: затрымаўся з падачай дакументаў. Таму пайшоў у памочнікі да бацькі. Ілья Іосіфавіч працаваў экскаватаршчыкам аднакаўшовага экскаватара. Сын шмат чуў пра гэту работу, іншы раз бываў разам з ім на аб’ектах. Але толькі тады, як стаў паўнацэнным членам калектыву, па-сапраўднаму адчуў на сабе ўсё “хараство” працы на балоце. Асабліва цяжка было ў летні сезон, калі працавалі, лічы, да цямна. Гэта цяпер меліяратары шукаюць сабе работу, асвойваюць аб’екты нават за межамі раёна, а тады на месцы спраў было хоць адбаўляй. І ручная праца была ў пашане (збіралі карчы), і механізаваная. Каб не спыняўся рабочы працэс і выкарыстоўвалася кожная хвіліна прыдатнага для работы перыяду, трэба было трымаць тэхніку ў спраўнасці. “Лятучкай”, “техпомощью” альбо “АТУ” называлі машыну, якая была абсталявана ўсім неабходным для ўстаранення паломкі на рабочым месцы. Рамантавалі, практычна, толькі на месцы здарэння. Ды інакш і нельга, направільным было б. Толькі ўявіце, што значыць даставіць, напрыклад, трактар на гусенічным хаду ў майстэрню? Ліквідаваць няспраўнасць трэба было на месцы і ў лічаныя гадзіны. А для гэтага неабходна быць спецыялістам. І не абы якім.
Пасля заканчэння тэхнікума Анатоль пэўны час працаваў па накіраванні ў Язне, а затым вярнуўся ў свой раён – у тады яшчэ ПМК-48. Быў на розных пасадах (механік, слесар-наладчык, старшы майстар-наладчык), але справу рабіў адну: трымаў у належным стане меліярацыйную тэхніку, рамантаваў яе, праводзіў планавыя мерапрыемствы. З гадамі набыў вялікі вопыт і з упэўненасцю можа сказаць, што з любой паломкай справіцца. “Такіх спецыялістаў, як Анатоль Шаура, у арганізацыі няма, – сказаў галоўны механік ПМС Міхаіл Дварэцкі, які некалькімі штрыхамі даў поўную характарыстыку наладчыку. З яго слоў зразумела, што ў калектыве цэняць спецыяліста тонкай наладкі. А яго работа патрабуе дэталёвага ведання справы, умення ўбачыць нябачнае і пачуць “глухое”. Тут трэба не толькі карпатліва ды спакойна адносіцца да справы, але мець пабочнае чуццё, якое, як кажуць супрацоўнікі, даецца Богам. І далёка не кожнаму. Наладзіць паліўную помпу, усю сістэму для Анатоля Ільіча не праблема. Нават не стрымлівае недахоп грашовых сродкаў у арганізацыі. Практычна любую дэталь ён можа ўстанавіць са спісанай старой тэхнікі. І зробіць гэта на высокім узроўні. Няма яго з кім параўнаць і ў рамонце матораў. “Матарыст ад Бога, – зноў дае сваю ацэнку Дварэцкі. – Ён эканоміць мільёны арганізацыі. Напрыклад, калі здасі рухавік бульдозера ў рамонт, то заплаціш мільёнаў 20, не менш. А Шаура выканае гэту работу ў разы чатыры танней”.
Непрыкметна і хутка праляцелі не гады – дзесяцігоддзі. І ні разу не пашкадаваў Анатоль Ільіч, што практычна ўсё жыццё аддаў справе меліяратараў, якія асушаюць балоты, кладуць дрэнаж, чысцяць каналы… Для яго меліярацыя – не месца працы, а жыццё. З ёй звязалі свае працоўныя біяграфіі бацька, маці, брат. І шчасце ў асобе другой палавінкі сустрэў Шаура тут жа. Менавіта за працу па асушэнні балот адзін з Шаураў – бацька – быў удастоены вялікай урадавай узнагароды – ордэна Працоўнай славы. І хоць стаіць Анатоль Ільіч на парозе 60-гадовага юбілею, аднак пра адпачынак не думае.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Анатоль Шаура рамантуе пускавы рухавік трактара “Т-130”.
Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *