Старейшина деревни Докшицкого района в курсе всех проблем

IMG_1037   На тэрыторыі Сітцаўскага сельсавета знаходзіцца 17 вёсак, за дзень не аб’едзеш. Быць у курсе спраў, якія там адбываюцца, старшыні сельвыканкама Ізабэле Януковіч дапамагаюць старэйшыны.
– Старэйшына ў вёсцы – гэта як гаспадар у доме, – гаворыць Ізабэла Чаславаўна. – Пастаянна знаходзімся з імі на сувязі, многія пытанні вырашаем адразу, як кажуць, у рабочым парадку. На пасадзе старэйшын знаходзяцца людзі ініцыятыўныя, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, неабыякавыя да тых жыццёвых спраў, якія існуюць у вёсцы. У нашым сельсавеце рупяцца 15 старэйшын і пра кожнага з іх ёсць што сказаць. Вось, напрыклад, Фадзей Уладзіміравіч Чарняўскі з Заборцаў. Любое пытанне з ім можна вырашыць. Да яго ў гэтым населеным пункце шмат год мясцовае самакіраванне прадстаўляў вельмі аўтарытэтны чалавек Юрый Віктаравіч Паўловіч. Замену яму старалася падабраць адпаведную, і зараз бачу, што не памылілася.
Фадзея Уладзіміравіча сустрэлі на панадворку, дзе ён, як нам падалося, скручваў нейкую вяроўку. Аказалася, путы для каня суседа. Растлумачыў, што робіць простыя, а раней вясковыя майстры спляталі больш складаныя. У адказ на наш камплімент наконт таго, што ён з тых сельскіх мужчын, якія ўмеюць рабіць усё, запярэчыў. Маўляў, майстрам сябе не лічыць, але без работы яго рукі не бываюць. Яшчэ трымаюць з жонкай гаспадарку, у тым ліку і карову, а быў час, што і дзве стаялі ў хляве. Да жывёлы ў яго асаблівая любоў. На ферме даглядчыкам цялят адпрацаваў 13 год. Таму і зараз, магчыма, па “прафесійнай” звычцы пад кантролем трымае кожную сялянскую гаспадарку, дзе гадуецца цялятка. Паспрыяе таму, каб яго гаспадары своечасова прадалі свайго гадаванца сельгаспадарцы.
Перш, чым стаць жывёлаводам, Чарняўскі працяглы час быў брыгадзірам. Адсюль яго ўменне спрытна арганізаваць людзей у талаку. Напрыклад, для добраўпарадкавання мясцовых могілак. Тут жаданне старэйшыны поўнасцю супала з пунктам гледжання ксяндза Рамана Мурзіча. Разам з людзьмі яны выканалі вельмі вялікую работу па ачыстцы могілак ад дрэў, кустоўя. Зараз парадку на іх можна пазайздросціць. Хаця, адзначае Фадзей Уладзіміравіч, арганізаваць людзей з кожным годам становіцца ўсё складаней. Старэйшае актыўнае пакаленне, больш моцнае ў веры, паціху страчвае здароўе і сілы, а маладзейшыя на агульную справу ідуць не дужа ахвотна. То ім часу няма, то жадання.
Са сметнікамі вакол вёскі Чарняўскі “ваюе” ўжо не адзін год. Пакуль што, асабліва, сёлета, пераможцам сябе не лічыць. З аднаго боку, дакарае нядбайных гаспадароў, якія нясуць смецце пад бліжэйшы куст ці лагчынку, бо сам потым шукае магчымасць гэты сметнік ліквідаваць. А з другога боку, разумее і вяскоўцаў. Смецця, асабліва тых жа пластыкавых бутэлек, поліэтыленавых пакетаў, якія тэрміну існавання не маюць, хапае зараз і ў вёсцы, бо ўсё прадаецца ва ўпакоўцы. Тым часам цэнтралізаваны вываз яго сельгаспадарка не ажыццяўляе ўжо амаль год, няма на гэта ў яе сродкаў. Зайздросціць старэйшына суседняй вёсцы Параф’янава, дзе зборам смецця займаецца вытворчае прадпрыемства, але спадзяецца, што і ў Заборцах вырашаць яны з сельвыканкамам гэтую праблему.
Хутка пашавы сезон, і тады клопатам стане вада для грамадскага статка. Пасвіцца ён у агароджы, і з падвозам вады гаспадарка дапамагае, але ж жыццё ёсць жыццё. То трактарыст, што на падвозе вады захварэе, то забудзецца пра сялянскіх каровак, таму старэйшыну няма калі спаць у шапку.
Жонка Марыя гаворыць, што ўжо не раз Фадзей Уладзіміравіч, калі не атрымлівалася зрабіць так, як хацелася, разлаваўшыся, казаў, што кіне гэту няўдзячную пасаду. А потым астываў, уздыхаў і зноў браўся за справу. Некаму ж рабіць трэба, а ён не прывык перакладваць на чужыя плечы.
НА ЗДЫМКУ: старэйшына в. Заборцы Ф.У. Чарняўскі.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *