В Докшицком районе малое предприятие даёт большие надои

IMG_6484   ААТ “Замастачанскае” – самае дробнае сельгаставарыства раёна. У наяўнасці толькі адна жывёлагадоўчая ферма і статак у колькасці каля 200 дойных кароў. Можна лічыць, што справіцца з пастаўленымі задачамі ў жывёлагадоўлі тут лягчэй, чым там, дзе жыўнасці ў разы больш. Аднак без праблем не працуюць і ў “Замастачанскім”.
Перыяд пашавага ўтрымання жывёлы тут пачаўся своечасова з разлікам, што “без малака не застанецца той, хто пакорміць пяструх спажыўнымі травамі на ранняй стадыі іх развіцця”.

Замастачанцы выгналі кароў у поле аднымі з першых – як толькі атрымалі рэкамендацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. А зрабіць гэта было не так і лёгка. Перасоўныя даільныя ўстаноўкі маюць дваццацігадовы тэрмін эксплуатацыі, а значыць, ржавеюць, рассыпаюцца. Каб “давесці іх да розуму”, трэба было пастарацца. Пашанцавала гаспадарцы, што ў свой час займелі шырокапрофільнага спецыяліста, які з’яўляецца майстрам на ўсе рукі. Маем на ўвазе загадчыка майстэрні Аляксандра Сямашку, які віртуозна працуе на такарным і фрэзерным станках. Менавіта яго заслуга ў тым, што “ПДУшка” зноў у эксплуатацыі.

Утрымліваецца жывёла круглыя суткі на шматкампанентнай пашы. Летась пад авёс былі падсеяны травы, а сёлета пажніўная расліннасць вельмі спатрэбілася ў жывёлагадоўлі. Густы сакавіты травастой, дзе зеленева пераплятаецца з бела-ружовай канюшынай, паядаецца жывёлай добра.

Сёлетняе надвор’е спрыяльнае для росту траў. Праўда, тым, хто знаходзіцца шмат часу на полі, з-за частых дажджоў, хоць і кароткачасовых, не заўсёды камфортна.

Мы ехалі на сустрэчу з аператарамі машыннага даення ў перыяд абедзеннай дойкі. Сцёбаў роўны густы дождж. Хмары апусціліся аж да зямлі. Было цёмна і няўтульна. Аднак, непагадзь не перашкаджала даенню кароў. Аператары ў спецвопратцы — у доўгіх з капюшонамі плашчах — размерана вялі сваю работу. Вось нашы старыя знаёмыя, але маладыя кабеты — Аксана Піліпчук і Ірына Зялёнка. Крыху здзіўляемся, што побач з імі мужчына – у мінулым слесар МТФ “Валодзькі” КУП “Докшыцкі” Уладзімір Габруковіч. Адразу спыталі, у якой ролі тут ён, і пачулі ў адказ, што разам з усімі доіць кароў. Значыць, калектыў крыху ўзнавіўся. На вытворчых паказчыках гэта ніяк не адлюстравалася. З вясны тут даілі з “плюсам” у параўнанні да мінулагодняга. Штосьці ў апошнія дні надоі зраўняліся, хоць рэалізуюць сёлета больш чым летась. Нягледзячы на некаторыя акалічнасці, тут сярэдні надой ад каровы самы высокі ў раёне – 15,2 кілаграма. Цікавімся, за кошт чаго? Што залежыць менавіта ад даярак? Усміхнуўшыся, яны бойка адказваюць, што ад іх патрабуецца дакладнае выкананне тэхналогіі даення, а яны ад яе не адступаюць ні на крок.

Гэтай думкі прытрымліваецца дырэктар прадпрыемства Анатоль Цярэшчанка, а таму не бывае дня, каб ён не прыехаў да статка. Іншы раз даяркі пытаюцца: “Міхайлавіч, мабыць вы дні зблыталі: сёння ж нядзеля!”.
Давярай, але правярай – вось прынцып кіраўніка. І гэта тычыцца работы кожнай галіны, нават малога вытворчага звяна. Урэшце, на сённяшні дзень ААТ “Замастачанскае” лідзіруе ў раёне па надоях і рэалізацыі малака на карову, нарыхтоўцы кармоў на ўмоўную жывёліну. А канчатковыя вынікі і рэнтабельнасць у канцы сельскагаспадарчага года пакажуць, наколькі эфектыўна працуюць у таварыстве.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) аператары машыннага даення — Аксана Піліпчук, Ірына Зялёнка і Уладзімір Габруковіч.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *