В Докшицком районе выбрали «Леди-Босс»

  DSC00057 Даўно не меў радавы глядач асалоды ад культурнага мерапрыемства падобна той, якую атрымаў пасля завяршэння конкурсу паспяховых і дзелавых жанчын “Лэдзі-Бос”. Падрыхтавала конкурс мастацкі кіраўнік ГЦК Алена Чысцякова, а яго ўдзельніцы падарылі прысутным у зале непаўторныя хвіліны радасці, гонару і шмат пазітыўных эмоцый ад сузірання на сцэне інтэлекту, таленту і прыцягальнай у сваёй непаўторнасці жаноцкай прывабнасці. Іх было шэсць прыгожых (незалежна ад узросту і наяўнасці дарослых дзяцей), разумных, амбіцыёзных жанчын, якія, як сказала адна з удзельніц у час інтэлектуальнага конкурсу, умеюць валодаць сабой і ведаюць, чаго жадаюць у жыцці. Тое, што яны невыпадкова з’яўляюцца кіраўнікамі і маюць усе падставы для далейшага кар’ернага росту, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Наталля Гайчук, намеснік дырэктара цэнтра банкаўскіх паслуг г. Докшыцы ААТ “ААБ “Беларусбанк” Ірына Малюжанец, дырэктар ПУП “Дзіёна-плюс” Наталля Цімафеева, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльным абслугоўванні насельніцтва райвыканкама Алена Тулоўская, дырэктар Бягомльскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Шаркевіч, намеснік старшыні праўлення райста Таццяна Каляга, дэманстравалі ў шэрагу конкурсаў.

Першае ўяўленне аб удзельніцах глядач атрымаў яшчэ перад пачаткам шоу, калі пазнаёміўся з шэдэўрамі іх кулінарнага майстэрства на выставе “Бізнес-ланч”. На смак стравы спрабавала журы, а астатнія мелі магчымасць імі толькі палюбавацца. Наталля Цімафеева ўразіла вытанчанасцю, з якой яна сервіравала стол французскай кухні. Падавалася мяса, запечанае з соусам бешамель, з шампіньёнамі, фаршыраванымі сырам мацарэла, базілікам і размарынам. Узначальвала ўсе гэтыя прысмакі віно “Піна Фран”.

Ужо першы конкурс, які праходзіў у два этапы, надаў тую напружаную атмасферу шоу, якая суправаджала яго ўвесь астатні час. У першым этапе ўдзельніцы прадстаўлялі свой партфоліа з дапамогай відэазамалёўкі і дэманстравалі інтэлектуальныя здольнасці ў час бліц-інтэрв’ю. Прыемна было пачуць, што некаторыя дзелавыя дамы знаёмы з філасофіяй усходніх мудрацоў, а Таццяна Каляга знаходзіць час паразважаць над такім складаным творам Рэмарка, як “Жыццё ў пазыку”.

Конкурс “Мінута славы” ўпэўнена прадэманстраваў, што дзелавая жанчына можа ўсё, у тым ліку і праяўляць творчасць. Калекцыя мехавых вырабаў, аўтарам якой з’яўляецца ўладальніца мадэльнага агенцтва “Інтэр-Юні” Наталля Цімафеева, у час дэманстрацыі падарыла непаўторныя хвіліны еднасці з прыгожым. Здзівіла і пакарыла сваім выканаўчым майстэрствам, мастацкай глыбінёй харэаграфічнай замалёўкі “Анёл жыцця” Алена Тулоўская.

Фантанам прыгажосці і грацыі стаў завяршальны акорд шоу – дэфіле ўдзельніц у вячэрніх строях.
Пасля падобнага феерверку талентаў можна было зразумець журы, якое, каб вызначыць бізнес-лэдзі і пераможцаў у розных намінацыях, папрасіла дадатковы час. Яго крыху апярэдзілі гледачы з залы і інтэрнэт-карыстальнікі, якія “Прыз глядацкіх сімпатый” аддалі Таццяне Каляга. Пасля гарачых спрэчак журы, нарэшце, выйшла на сцэну і з рук самых вядомых мужчын раёна — намесніка старшыні райвыканкама Аляксея Місачэнкі, намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Шнітко, пракурора раёна Сяргея Куратніка, начальніка лакаматыўнага дэпо Крулеўшчынскай чыгункі Уладзіміра Батуры, дырэктара ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Мікалая Шульгата, лаўрэата другой ступені Нацыянальнага конкурсу беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2013” Андрэя Чабана — удзельніцы атрымалі дыпломы, падарункі і, канечне, кветкі.

Пераможцам конкурсу “Бізнес-ланч” стала арыгінальная Наталля Цімафеева. Яна ж прызнана і “Лэдзі-Крэатыўнасць”. Званне “Лэдзі-Абаяльнасць” дасталося самай маладой удзельніцы Таццяне Гайчук. “Лэдзі-Элегантнасць” журы назвала Ірыну Малюжанец. “Лэдзі-Творчасць” бясспрэчна аддалі Алене Тулоўскай. Званне “Лэдзі-Вытанчанасць” павезла ў Бягомль Алена Шаркевіч. І вось наступае развязка галоўнай інтрыгі шоу. Непараўнальны вядучы конкурсу Віталь Замулка, які цудоўна працаваў у “прамым эфіры” і ў многім забяспечыў поспех конкурсу, зрабіў паўзу, зала замёрла і, нарэшце, прагучала: “Гран-пры конкурсу “Лэдзі-Бос-2014” уручаецца Таццяне Каляга”. Ашаламляльныя апладысменты гледачоў, балельшчыкаў і – на сцэну “выплывае” велізарны торт са свечкамі. Гучаць фанфары, дажджом кружацца канфеці. Свята закончылася, але яго зорнае святло яшчэ доўга будзе свяціць удзельнікам, арганізатарам і гледачам.

Тамара Альшэўская

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *