Зоны комфорта или стыда обследовала рейдовая группа в Докшицком районе?

Изображение 078Изображение 114

Изображение 095

Два дні на мінулым тыдні рэйдавая брыгада ў складзе намесніка старшыні райвыканкама В. Ю. Рандарэвіч, старшыні райсавета дэпутатаў В.У. Сівіцкай з удзелам прадстаўнікоў санэпідстанцыі, экалагічнай службы, таварыства выратавання на вадзе, аддзела ўнутраных спраў, фізкультурна-спартыўнага клуба “Ураджай” і рэдакцыі прысвяціла кантролю за тым, як у гэтым годзе зоны адпачынку падрыхтаваны да сезона масавага купання. Рашэннем райвыканкама № 292 ад 9 красавіка 2014 года вызначаны 14 зон масавага адпачынку, што размешчаны каля вадаёмаў. За кожную адказвае замацаваная за ёй арганізацыя.
У ідэале месцы адпачынку каля вады павінны мець дагледжаны выгляд і элементарныя зручнасці для тых, хто вырашыў там адпачыць. Але гэта ў ідэале. На практыцы ж з году ў год без штуршка ў выглядзе прадпісання з боку адказных службаў мала хто да купальнага сезона прыводзіць іх у поўны парадак, хапае якога на некалькі прыездаў ці прыходаў вясёлых кампаній. А потым лаўкі і столікі ламаюцца, дошкі ад раздзявалак ідуць у вогнішча, прыбіральні маюць такі выгляд, што зайсці туды практычна немагчыма.
Першым на маршруце было возера Медзазол каля вёскі Бірулі. Выгляд зоны адпачынку парадаваў рэйдавую групу: там былі столікі з лаўкамі, абуладкаванае кастрышча, кантэйнеры для збору смецця, масток для ўваходу ў ваду, прыбіральня, раздзявалка і нават інфармацыя з правіламі паводзін грамадзян і кантактамі адказных за зону адпачынку асоб. Забягаючы наперад, можна смела сказаць, што толькі гэта зона адпачынку мела патрэбны выгляд. Адказвае за парадак на ёй Бярэзінскі біясферны запаведнік. Гэта ж установа адказвае і за зону адпачынку на рацэ Бярэзіна ў населеным пункце Беразіно. Толькі вось парадку на гэтым участку не назіраецца.
Псавалі выгляд і на першым, і на другім вадаёмах у Бягомлі брудныя прыбіральні, раздзявалкі, ператвораныя ў сметнікі, адсутнасць масткоў для ўваходу ў ваду. За парадак там у адказе ўчастак камунгаса. Прыгожы пейзаж, што адкрываецца з берага Дамашкаўскага возера, засмучаюць пустыя пластыкавыя бутэлькі ад піва і раскіданыя пакецікі ад салёных прысмакаў да напою. Па гэтым было бачна, што месца карыстаецца попытам у насельніцтва. Толькі вось за кожнай кампаніяй прыбіральшчыка не паставіш. Выснова: адпачыў – прыбяры за сабой. Гэта пытанне, пэўна, уласнай культуры. Нядрэнна было б і падсыпаць пад’езд да гэтага месца адпачынку, якое замацавана за санаторыем “Лясное”. Не знайшлі ўдзельнікі рэйду раздзявалкі на возеры з боку в. Будачы, якое ў кампетэнцыі санаторыя “Баравое”. Даволі прывабны выгляд мае зона адпачынку Ваўча, замацаваная за заводам “Ветразь”. У яе папулярнасці ўпэўніліся ўдзельнікі рэйду, калі сустрэлі на беразе вадаёма людзей, што ўстанаўлівалі палаткі.
Масткоў, якія вядуць да вадаёма ў Камайску – шмат. А вось ступіць на большасць з іх наўрад ці хто адважыцца (здымак № 1). Даволі складана было адшукаць і прыбіральню, быццам бы схаваную за вальерамі ў далечыні ад вадаёма. Сцежка да яе зарасла травой па пояс. Раздзявалку ж на гэтым месцы ўвогуле забыліся прадугледзець. Выпраўляць становішча будзе таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Шмат пытанняў і да стану зоны адпачынку каля вадаёма ў Янках, які замацаваны за ААТ “Таргуны”. Адно з іх, як дабрацца да раздзявалкі? (здымак № 2) Ніхто асабліва не займаўся і возерам Сэрвач. Мінулагоднія лаўкі, столікі і навесы пакрыху прыходзяць у нягоднасць. У кантэйнерах і каля іх – сметнікі (здымак № 3). Навесці парадак трэба Докшыцкаму ПМС.
Ад адказных за зоны адпачынку залежыць многае, ды не ўсё. Трэба, каб і тыя, хто там адпачывае, не толькі чакалі стварэння для іх належных умоў, але і самі былі ўдзячнымі за зробленае і не пакідалі пасля свайго вясёлага адпачынку тое, што ў крымінальных хроніках называюць “актам вандалізму”. Парадак – гэта не справа чужых рук, парадак — справа агульная.
Тэкст і фота
Наталлі НАВІЦКАЙ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *