Г.п. Бегомль Докшицкого района отпраздновал свой день рождения

“Ёсць у кожнага свой неабжыты куток…,” – гэтыя радкі з верша Юрася Свіркі, якія прадэкламаваў у час свайго выступлення на свяце Бягомля старшыня сельвыканкама Мікалай Трахінін, сталі як бы лейтматывам усяго мерапрыемства. Трэці год бягомльцы адзначаюць дзень нараджэння свайго мілага сэрцу куточка, дзякуючы галаве мясцовай улады, сапраўднаму патрыёту свайго гераічнага і шматпакутнага краю.

Зямля працавітых людзей, якія, каб пракарміцца на сваім пясочку, працавалі да сёмага поту, нарадзіла нямала герояў, таленавітых людзей. Увайшла ў гісторыю, як радзіма партызанскай брыгады “Жалязняк”, Герояў Савецкага Саюза Чэрныша і Юхнаўца, Ціткова і Манковіча, слынных паэтаў Пімена Панчанкі, Юрася Свіркі, Алеся Ставера. Іх імёны памятаюць сучаснікі і не менш аддана працуюць, каб сённяшні Бягомль з кожным годам станавіўся больш багацейшым і прыгажэйшым.
Па традыцыі свята пачалося з малебна за ласку боскую для гэтай зямлі, які правіў настаяцель царквы Усіх Святых іерэй Валерый Цімкоў (здымак першы).

Здымак 1

Здымак 1

Потым працэсія, у якой знаходзіліся кіраўніцтва раёна, прадпрыемстваў і арганізацый Бягомля, госці свята, мясцовыя жыхары ад памятнага знака ў гістарычнай частцы гарпасёлка рушыла да цэнтральнай плошчы. Яшчэ адзін малебен быў адслужаны ля Паклоннага Крыжа на ўездзе ў Бягомль.
Урачыстасць адкрыў М.А. Трахінін (здымак другі).

Здымак 2

Здымак 2

З прывітальным словам выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў В.У. Сівіцкая, якая за плённую, шматгадовую працу ўручыла Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта дырэктару СГФ “Бягомльскі” А.М. Бальшунову, трактарысту філіяла С.П. Шпэту, трактарысту Бягомльскага ўчастка РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” І.В. Батуру, рабочай завода “Ветразь” В.П. Ковель. Граматы раённага Савета дэпутатаў за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці – Н.С. Піменавай, М.М. Сварцэвічу, С.А. Дубко.

Кранаючым атрымалася ўшанаванне самых маленькіх жыхароў Бягомля. Сёлета тут нарадзілася 16 дзетак. Шчаслівыя бацькі з будучым гарпасёлка, якое ціхенька сапло ў калясках, горда прадэфілявалі да сцэны, дзе ім уручылі падарункі (здымак трэці).

Здымак 3

Здымак 3

Сваім сучасным выглядам, добраўпарадкаванымі вуліцамі, скверамі і плошчамі гарпасёлак удзячны абласной, раённай уладам і самім жыхарам. Зараз усё зробленае трэба не толькі захаваць, але развіваць і памнажаць. Сярод бягомльцаў ёсць сапраўдныя гаспадары, якія свае сядзібы ператварылі ў куточкі ўтульнасці і прыгажосці. Такіх людзей мясцовая ўлада прывітае і цэніць. Падарункі за лепшы панадворак атрымалі Дзмітрый Разумовіч, Антаніна Ільясевіч, Іна Юхнавец, Аляксандра Сысоева.

Музычна-тэатралізаванае аздабленне ўрачыстасці цудоўна зрабілі работнікі культуры разам з дырэктарам ГДК Вольгай Круглянінай. У ім зіхацелі талентамі непараўнальныя Сяргей Дубко і Кацярына Смірнова, Алена Хіневіч і Алена Літвінчук, Анатоль Макараў і Аліна Войніч, Георгій Маміканян, ансамбль “Сакавіца” і госці свята – народны ансамбль “Вярба”.

Вячэрняя канцэртная праграма была аддадзена пераможцам конкурсу “Таленты Бягомльшчыны”. Дарэчы, ініцыятарам гэтага рэгіянальнага конкурсу стаў таксама Мікалай Трахінін, які добра памятае, што там, дзе ёсць хлеб, павінна гучаць і песня. Бягомльшчына заўсёды была багатым краем на таленты, толькі не заўсёды шанцавала ёй на людзей, якія іх шанавалі. Зараз для самадзейнасці наступіў залаты час і бягомльскія артысты сталі ўпрыгожаннем канцэртаў на раённай сцэне.

У час цырымоніі ўзнагароджання, якую праводзіла старшыня райсавета Валянціна Сівіцкая, Дыпломамі райвыканкама і райсавета дэпутатаў адзначаны конкурсныя праграмы Бягомльскай бальніцы, Бягомльскай сярэдняй школы і школы-інтэрната, Удзячнасцямі – санаторыя “Баравое” і СГФ “Бягомльскі”. Асабістую Удзячнасць атрымалі Вікторыя Піменава, Алег Закрэўскі, Надзея Турчанка, Зоя Трахініна, Аліна Анісовіч, Генадзь Бандарэнка, Вадзім Ціханскі і іншыя самадзейныя артысты.

На працягу дня працавалі шматлікія гандлёвыя палаткі, дзіцячыя атракцыёны. Заключным акордам гэтага цёплага, шчырага, багатага на музыку, песні і забавы свята стаў шыкоўны святочны феерверк. З днём нараджэння, Бягомль!

Тэкст і фота
Тамары АЛЬШЭЎСКАЙ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *