В ОАО «Барсучанка» Докшицкого района первыми приступили к севу озимого рапса.

Сёлета ААТ “Барсучанка” ад рэалізацыі рапсу атрымала выручку ў памеры каля мільярда рублёў. І хоць вырошчваюць яго не на вялікім участку (335 гектараў) пры добрай ураджайнасці вынік атрымліваецца станоўчы. Сёлета пад азімы клін плошчу не павялічылі, але з той жа адказнасцю падышлі да сяўбы на зіму. Задоўга да яе падабралі папярэднік. Ім стаў ячмень. А таму поле за Масловічамі ва ўрочышчы “Цемяшына” першым абудзіў гул камбайнаў. Як толькі ўбралі збажыну з палеткаў, выпусцілі трактары з плугамі. Шчыравалі Аляксандр Рамашоў і Сяргей Альхімёнак. За імі пайшлі з культыватарамі Пётр Аляхновіч і Павел Анашкевіч. На ўнясенні ўгнаенняў працуе Уладзімір Андрыеўскі, а сее Віктар Качынскі.

– Надвор’е спрыяла таму, каб палявыя работы весці высокімі тэмпамі, – гаворыць галоўны аграном акцыянернага таварыства Андрэй Альхімёнак. – Без затрымкі ішло жніво. Хлопцы працавалі старанна. Нават выдзеліць лепшых сярод іх складана. Галоўным было правільна расставіць акцэнт. Напрыклад, на ворыве непераўзыдзеным з’яўляецца Рамашоў, на сяўбе – Качынскі. І хоць механізатары з адказнасцю выконваюць кожны давераны ім працэс, ёсць работа, якая ім падабаецца больш за іншую.

– Я магу араць і падвозіць зерне, выконваць іншыя работы, але з асаблівым задавальненнем сею, – гаворыць Віктар Пятровіч. – На рапсе трактар практычна не спыняецца. Як заправіш сеялку раніцай, дык аж да вечара працуеш без перапынку: насенне дробнае, хапае на вялікую плошчу. А таму і выходзіць 40 гектараў за змену лёгка.

Што значыць “лёгка” можна зразумець толькі тады, калі ўбачыш, а то і паспрабуеш сябе ў ролі механізатара. Быць пільным і віртуозам – неабходнасць. Тэмпы, канечна, важна, але не менш, калі не больш за гэта, і якасць патрэбна. Урочышча, дзе барсукоўцы вялі сяўбу і адначасова рыхтавалі глебу пад яе, мае змешаную контурнасць. У адным месцы вялікі гон, а завярнулі за кусты і стала поле вузкім, звілістым. Тым не менш толькі бачыш чырвоныя плямы ад тэхнікі то ў адным баку, то ў другім. Механізатары шчыруюць, а значыць, будзе ўраджай.

IMG_2399-восстановлено цв41111
– Не падкорміш – не атрымаеш, – усміхаецца аграном. – Тут нельга ігнараваць ніводным пунктам у тэхналагічным працэсе. Перад пасевам уносім калій і фосфар, пасля яго, пакуль не з’явяцца ўсходы, – гербіцыды супраць пустазелля. А там – і барацьбу са шкоднікамі вядзём – уносім інсекціцыды. Доглядныя работы абавязковыя.

У ААТ “Барсучанка” першымі ў раёне прыступілі да сяўбы азімага рапсу. За імі – ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Трэба і астатнім сельгаспрадпрыемствам уключацца ў работу, каб не выйсці па-за межы аптымальных тэрмінаў.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: за штурвалам магутнага трактара ў счэпе з шасціметровай сеялкай Віктар Качынскі; ідзе сяўба азімага рапсу.
Фота А. Канавалавай.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *