Каждое лето Докшицкая детская районная библиотека проводит конкурс среди юных читателей

Кожнае лета дзіцячая раённая бібліятэка праводзіць конкурс сярод юных чытачоў. Сёлета ў “Банку прачытаных кніг” зарэгістраваліся 56 удзельнікаў. Сярод іх – хлопчыкі і дзяўчынкі, якія аддалі перавагу адпачынку не за камп’ютарам, а за чытаннем кніг. Лета скончылася, і трэба падводзіць вынікі. А гэта аказалася не так проста, бо кожны з удзельнікаў конкурсу стараўся і чытаў, чытаў, чытаў… Адны выбіралі кнігі па таўшчыні, другія – па цікавасці зместу. Усё гэта ўлічвалі арганізатары конкурсу. Такім чынам, самымі лепшымі чытачамі вызначана 26 дзяцей. Яны былі запрошаны ў бібліятэку на сустрэчу за “салодкім” сталом, дзе атрымалі падарункі.

IMG_3406
Ілля Клігус прыбег у бібліятэку адным з першых, дапамог расставіць на стале прысмакі і чакаў сваіх сяброў, з якімі сустракаецца на гэтым мерапрыемстве не першы раз. Актыўнай чытачкай была старэйшая сястра хлопчыка, спадзяюцца на сустрэчу тут і з яго малодшым братам. “Бібліякрошкай” назвалі дашкольніка Кірыла Яцкоўскага. З дзядулем прыходзіць у кнігасховішча Мацвейка Сяменя, а Ліза Казлоўская — з сястрой. Сямейнае чытанне любяць і ў сям’і Казловых, дзяўчынка Агнія з якой таксама стала адной з пераможцаў конкурсу. Васіліса Гушчык – даўнішні сябра бібліятэкі, удзельніца ўсіх мерапрыемстваў, якія адзначаюцца. Настасся Марозава два летнія месяцы адпачывала за межамі Докшыц і вельмі хвалявалася, што не паўдзельнічае ў конкурсе. Але за месяц яна паспела прачытаць столькі кніг, што з лёгкасцю апынулася сярод пераможцаў. Разам ходзяць за кніжкамі сёстры Насця і Саша Багаткевічы. Арцём Казлоў, Злата Яцкоўская, Даша Нагібовіч, Насця Казлоўская, Насця Камінская таксама лепшыя чытачы. А вось Віка Крыкун ніколі не расстаецца з кнігай. Яна заўсёды лепшы чытач: і па выніках года, і па выніках летніх чытанняў. Кіра Ігошына – лепшая чытачка мінулага года – стала пераможцай і сёлета. Пастаянна наведвае бібліятэку разам з мамай і старэйшай сястрой Сяргей Наумец. Абсалютныя пераможцы конкурсу – Віялета Будзько і Улад Стадольнік – з гонарам могуць назваць сябе лепшымі чытачамі. Разам з імі гэта званне атрымаў Мацвей Несцяронак, які заўсёды ходзіць у лідарах.

Дашкольніца Ангеліна Альхімёнак разам з мамай – пастаянныя чытачкі і наведвальніцы дзіцячай бібліятэкі. За гэта лета перачыталі ажно 68 кніг!
У дзіцячай бібліятэцы заўсёды шумна і весела ад наведвальнікаў, значыць кніга запатрабаваная, жывая.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота А. Канавалавай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *