Шахеризада появилась в Докшицком районе

Не для каго не сакрэт, што і хлопчыкі, і дзяўчынкі вельмі любяць казкі. Асабліва глядзець створаныя па іх мультфільмы і кінафільмы. Потым яны мараць быць падобнымі на прынцаў і прынцэс, прыдумваюць гульні, у якіх ператвараюцца ў Папялушак ці Іванаў Царэвічаў. А вось у Анастасіі Кузняцовай (на здымку) у дзяцінстве любімай казкай была “Тысяча і адна ноч”. Маленькай, яна ўпрыгожвала сябе матулінымі пацеркамі, завязвала на сцёгнах хусцінку і танцавала… Потым яна ўяўляла сябе прынцэсай Жасмін з мультфільма пра Аладзіна. Мама Насці любавалася дачушкай і называла яе Шахерызадай.

IMG_4891
Нарадзілася дзяўчына ў Порплішчы. Любіла ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзіліся ў вёсцы. Дарэчы, яе маці працавала ў клубе, таму пытання, кім стаць у будучым, не ўзнікала. Анастасія з задавальненнем вучылася ў музычнай школе, а пасля заканчэння дзевяцігодкі паступіла ў Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтва. Атрымліваючы спецыяльнасць “Народная творчасць, інструментальная музыка”, дзяўчына знайшла студыю ўсходніх танцаў, у якую бегала потым пасля заняткаў. Калі на выхадныя прыязджала дадому, вучыла розным пластычным рухам маці, якая таксама захапляецца Усходам.

Маладым спецыялістам прыйшла Анастасія Кузняцова ў Бягомльскі дом культуры. Акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў мастацкага кіраўніка, адразу арганізавала гурток усходніх танцаў. Не толькі ў Бягомлі, але і ў Прудніках два разы на тыдзень развучвае яна экзатычныя танцы з вучнямі мясцовых школ.

– Дзяўчаткі, якія прыходзяць да мяне, вельмі любяць танцаваць. Усе набылі для сябе касцюмы, таму магу адзначыць, што іх бацькі самі задаволены захапленнем дзяцей. Ёсць у мяне адна ўдзельніца гуртка – Даша Мальцава, якая на канікулы спяшаецца з Мінска ў Бягомль да бабулі. Летам, можна сказаць, яна “жыве” ў Доме культуры! Вельмі добра танцуе ўсходнія танцы, бо займаецца імі ў сталіцы.

Малады культработнік працуе яшчэ не так даўно, але паспела за гэты час добра паладзіць з дзецьмі і навучыць іх свайму майстэрству. Таму ўдзельнікі гуртка – частыя госці розных мерапрыемстваў, і не толькі ў Бягомлі. Выязджалі яны з “гастролямі» ў Бярозкі, Пруднікі, Замасточча. Нават з беларускім выканаўцам Андрэем Шумаком давялося выступіць на канцэрце ў санаторыі “Лясное”. Цяпер рыхтуюцца бягомльскія танцоркі да канцэрта на Дзень маці. Назвай адразу заінтрыгавалі – “Арабская ноч”. Спадзяёмся, што ўсходні каларыт прыйдзецца даспадобы гледачам.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *