Учеников Берёзковской школы Докшицкого района с Днём знаний поздравили гости из Министерства юстиции РБ

Першага верасня ва ўсіх школах Докшыччыны адбыліся ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя Дню ведаў. З самага ранку на іх спяшаліся па-святочнаму прыбраныя хлопчыкі і дзяўчынкі.

IMG_3564
Школьны парог Бярозкаўскай сярэдняй школы ў гэтым навучальным годзе пераступілі 66 вучняў. Адметнасцю свята – 1 верасня – для гэтай установы адукацыі з’яўляецца тое, што ўжо на працягу 10-ці год сюды прыязджаюць госці з Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Гэты год не стаў выключэннем: павіншаваць дзяцей і педагогаў з Днём ведаў прыехалі міністр Алег Сліжэўскі і прэс-сакратар Людміла Мазан.

Самымі маленькімі і непасрэднымі ўдзельнікамі свята сталі першакласнікі. Не зусім усведамляючы, куды яны трапілі і што іх чакае наперадзе, нядаўнія выпускнікі дзіцячага садка прыцягвалі ўвагу дарослых. Цікава было назіраць, як адзін з першаклашак бесклапотна ўнюхваўся ў букет з кветак, другі – не пераставаў пазяхаць…

Настаўнікам жа трэба будзе навучыць іх чытаць і пісаць, прывіць любоў да традыцый роднай школы і вучыць быць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны.
– Кожны раз прыязджаю ў Бярозкаўскую СШ з асаблівым пачуццём, – гаварыў Алег Сліжэўскі. – Школьныя гады – гэта цяжкая праца ў час атрымання ведаў, але разам з тым тут кожны для сябе знаходзіць сяброў, перажывае шмат радасных эмоцый, якія потым успамінаюцца на працягу ўсяго жыцця. Жадаю ўсім вучням атрымліваць ад ведаў толькі задавальненне, настаўнікам – любіць сваю прафесію, а для першакласнікаў няхай школьныя гады стануць самымі лепшымі.

Пасля віншаванняў маленькія віноўнікі ўрачыстасці атрымалі з рук міністра юстыцыі падарункі – усё, што патрэбна для вучэбнага працэсу (на здымку). Герой з вядомага мультфільма – Паштальён Печкін, які раптоўна з’явіўся на свяце, перадаў пасылку Алегу Сліжэўскаму. Распісаўшыся ў яе атрыманні, міністр перадаў першакласнікам кнігі – “Беларусь – наша Радзіма”. Важкім падарункам для ўсёй школы, які папоўніў яе матэрыяльна-тэхнічную базу, стаў новы камп’ютар.
З цёплымі словамі віншавання да вучняў і настаўнікаў звярнуўся таксама старшыня райвыканкама Алег Пінчук.

– Школа ў Бярозках – адна з самых старых у раёне, сёлета ёй споўніцца 60 год. Аднак гэта акалічнасць не перашкаджае будынку выдатна выглядаць, – адзначыў Алег Леанідавіч. – Усё гэта, дзякуючы тым праграмам, якія рэалізуюцца ў нашай краіне, – адраджэнне малых гарадоў, будаўніцтва аграгарадкоў і, канечне, вялікаму ўкладу ў агульную справу ўсяго калектыву ўстановы. Працэс выхавання і адукацыі адбываецца менавіта ў школе, тут рыхтуюць дзяцей да дарослага жыцця. Ад старанняў саміх вучняў, дапамогі настаўнікаў і бацькоў залежыць паступіць выпускнік на тую спецыяльнасць, аб якой марыў, ці не. Таму жадаю ўсім ажыццяўлення планаў і мар.

Дзень ведаў у трыццаты раз сустракае дырэктар Бярозкаўскай дзіцячага садка-сярэдняй школы Лілія Плуч:

– Гэты дзень для мяне вельмі хвалюючы, чакаю яго з вялікім нецярпеннем. Заўсёды радуюся, калі бачу шмат вучняў, – гаварыла Лілія Яраславаўна. – Наш калектыў настаўнікаў працуе зладжана, вопытныя педагогі стараюцца да кожнага вучня знайсці свой падыход, даць як мага больш ведаў, каб потым вучні маглі ганарыцца сваімі дасягненнямі.

Па традыцыі на школьнай лінейцы першакласнікі прачыталі вершыкі, выпускнікі далі наказы маленькім, уручылі ім падарункі і сімвалічны ключ ад школьных дзвярэй. Зразумела, не абышлося ў гэты дзень без кветак.
Завяршальным акордам мерапрыемства стаў школьны званок, пасля чаго першакласнікаў праводзілі за парты пад апладысменты і стрэлы хлапушак.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *