Лауреатом премии имени Героя Советского Союза Туснолобовой-Марченко стала Татьяна Лапшина из Бегомля Докшицкого района

У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для паўнацэннага мацярынства. Галоўнае — жаданне саміх жанчын мець дзяцей. Бо так прыемна, калі з кожным годам становіцца ўсё больш тых, каму можна сказаць: “Са святам маці, матуля!”
У гэтым годзе 6 жанчын Віцебшчыны былі ўдастоены ордэна Маці і 25 – атрымалі прэміі імя Героя Савецкага Саюза Тусналобавай-Марчанка. Лаўрэатам такой прэміі стала і наша зямлячка Таццяна Лапшына з Бягомля. Пасля прыезду з урачыстага прыёму, які праходзіў у аблвыканкаме, Таццяна Уладзіміраўна падзялілася сакрэтам сямейнага шчасця.

РЭД 181Сваю другую палавінку яна знайшла ў Мінску, там Таццяна жыла да замужжа. Пазнаёміліся ў царкве, завязалася сяброўства, якое потым перарасло ў вялікае каханне. Пасля вяселля Барыс і Таня паехалі вучыцца ў Маскоўскі біблейскі каледж. Другой радзімай для мужа і жонкі стаў Бягомль. Зараз яны выхоўваюць чацвёра дзяцей: усе растуць у любові і дабрыні, радуюць маму і тату.
– Наша сям’я, перш за ўсё, заснавана на любові да Бога, на ўзаемапаразуменні паміж мужам і жонкай, — сцвярджае Таццяна Уладзіміраўна. – Вядомае выказванне: “С милым рай в шалаше” — не пустыя словы. Разам можна пераадолець абсалютна ўсё. Трэба толькі захацець гэта зрабіць.
Падчас размовы з гаспадыняй увагу прыцягнула дошка на сцяне ў кухні з надпісам: “Не отказывай в благодеянии нуждающемуся, когда рука в силе сделать его”. Таццяна патлумачыла, што на дошку кожны дзень заносіцца пэўная вытрымка са Свяшчэннага пісання, якой стараюцца прытрымлівацца ўсе члены сям’і. Выдатная ўстаноўка на дзень!
Добрыя сэрцы сямейнай пары не змаглі застацца раўнадушнымі да дзвюх сястрычак — Дзіяны і Насці. Зараз ім 11 і 9 год адпаведна. Іх, непатрэбных сваёй роднай маці, Таццяна ўбачыла, працуючы ў дзіцячым садзе. Кожны дзень назірала за імі, а праз некаторы час прапанавала мужу стаць для дзяўчынак прыёмнымі бацькамі. Барыс не быў супраць: спачатку Дзіяну і Насцю бралі да сябе па выхадных і святах, а крыху пазней усе сталі жыць разам — вялікай дружнай сям’ёй. Такім чынам, жаданне мець сястрычак у старэйшай дачкі Лізы збылося. Пасля таго, зразумела, клопатаў прыбавілася. Складана было з Настачкай: дзяўчынка са шматлікімі хранічнымі захворваннямі пачала размаўляць толькі ў чатыры гады. Па начах яна плакала, а Таццяна, як да сваёй роднай крывінкі, уставала і супакойвала яе. З часам сястрычкі “абжыліся”, і прыёмныя бацькі сталі для іх як родныя мама і тата. Год таму сваім з’яўленнем на свет Лапшыных парадаваў сын Веньямін.
Таццяна не раздзяляе дзяцей на сваіх і чужых. Усіх аднолькава любіць, клапоціцца і аберагае. А дзеці, у сваю чаргу, радуюць бацькоў поспехамі ў вучобе, дэманструюць здольнасці ў маляванні, ігры на музычных інструментах. А ў хуткім часе Лапшыны ацэняць дэтэктыўную аповесць, якую пачала пісаць 12-гадовая Ліза.
Кожны член сям’і Лапшыных таленавіты па-свойму. Бацька — Барыс Уладзіміравіч — майстар разьбы па дрэве. З-пад яго рук выйшла нямала прыгожых работ. Шматлікія вешалкі ў выглядзе кляновых галінак, пано, драўляныя ружы паспяхова прадаваліся на спецыялізаванай выставе ў Мінску. Таццяна з тых жанчын, каму адначасова ўдаецца і агонь сямейнага ачагу падтрымліваць, і рэалізоўвацца ў прафесіі. Яна мае адукацыю педагога і псіхолага, закончыла інстытут турызму, захапляецца ландшафтным дызайнам, у будучым плануе заняцца аграэкатурызмам.
Сёння Лапшыны жывуць у чаканні пераезду ў новы прасторны дом, будаўніцтва якога ідзе да завяршэння. З сабой яны возьмуць усе тыя ісціны, на якіх будавалася іх сямейная ідылія.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Таццяна Лапшына з дачкой Лізай і маленькім Веньямінам.
Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *