Сегодняшний директор Ситцевского СДК Докшицкого района «дважды шагнула в одну реку»

IMG_6009Кажуць, што два разы ў адну раку не заходзяць. Але ў кожнага правіла ёсць выключэнне. Сённяшні дырэктар Сітцаўскага СДК Яўгенія Кішыла (на здымку) якраз ім і стала. Першы раз у работнікі культуры яна, як актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці, падалася адразу пасля заканчэння Сітцаўскай школы. Пайшла загадваць Лісавіцкім клубам. Працавалася маладой дзяўчыне лёгка і весела. Моладзі ў вёсках у сярэдзіне 80-х гадоў было яшчэ шмат і яна на “ўра” прымала любое мерапрыемства. Сёння Яўгенія Мікалаеўна ганарыцца, што вучылася працаваць у вядомага культработніка Пятра Грыгаровіча, нават сыграла ў яго пастаноўцы Няптуна. З гэтым сцэнарыем ездзілі тады нават на абласны конкурс.

Магчыма, так бы і засталася яна тады ў культработніках, каб не выйшла замуж, нарадзіліся дзеці. Складана іх гадаваць, працуючы вечарамі і ў святы. Пасля дэкрэтнага водпуску запрасілі яе на прампрадпрыемства зменным майстарам. Але прыйшоў Новы год і там дырэктар прызначыў яе адказнай за арганізацыю навагодняга свята. Яна з такім задавальненнем займалася гэтай работай, што муж, калі Жэню праз некаторы час запрасілі ў СДК на вакантнае месца мастацкага кіраўніка, даў на гэта згоду і нават сам прымаў удзел у некаторых мерапрыемствах. А яна і сёння памятае, як зашчаміла сэрца, калі пераступіла парог клуба, пачула пах сцэны. Работнік культуры – гэта прызванне, без якога няма чаго рабіць у гэтай прафесіі, нават, калі маеш адукацыю. У Яўгеніі Мікалаеўны “чырвоны” дыплом Віцебскага каледжа культуры і мастацтва і творчы талент дарыць людзям радасць ад зносін з мастацтвам. Яна адзін з лепшых работнікаў культуры раёна, пра што сведчаць шматлікія граматы, апошнюю з якіх за актыўную работу па арганізацыі культурнага абслугоўвання насельніцтва і развіццё аматарскай мастацкай творчасці яна атрымала па выніках работы за мінулы год.

А мясцовае насельніцтва, можна сказаць, спешчана культурным абслугоўваннем. Адных толькі канцэртаў для яго сёлета было падрыхтавана 26. Апладзіравалі сітцаўскім артыстам і гледачы ў ДП “АграБераснёўка”. На Новы год у абавязковым парадку ставіцца спектакль-казка для дзяцей і праводзіцца рэтра-вечарына для дарослых. Былыя выпускнікі на вечар-сустрэчу пасля ўрачыстасці ў школе ідуць у клуб. Тут іх у імправізаваным кафэ чакае забаўляльная праграма.

Брэндавым стала свята “Святы Серафім ідзе – на кірмаш усіх заве”. Масленіца з гарачымі блінамі і катаннем на конях, свята дзяцінства з казачнымі героямі, абрадавае Купалле і многія іншыя святы сталі традыцыйнымі, іх з нецярпеннем чакаюць вяскоўцы. Перыядычна наведваюцца культработнікі ў аддаленыя вёскі. Сёлета пабывалі з песнямі ў Курдзеках і Плісках, на чарзе – Лісавічы і Параф’янава. Іх чакаюць на ферме і мехдвары, на прампрадпрыемстве і ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання пажылых людзей. Дзякуючы падобнай напружанай рабоце, Сітцаўскі СДК з’яўляеццца адным з лідараў па аказанні платных паслуг. Яго цікавая, творчая работа “ацэньваецца” у 20 мільёнаў рублёў.

Некаторыя з калег па-добраму зайздросцяць Яўгеніі Мікалаеўне ў тым плане, што з ёй побач працуюць апантаныя прафесіяналы, якіх толькі пакліч і яны горы звернуць. Гэта сапраўды. Калектыў работнікаў культуры ў Сітцах на дзіва згуртаваны і дружны. Гэта вопытная, яркая Жана Штоль, якая нясе з сабой вечны пазітыў, і маладая, крэатыўная загадчыца Сітцаўскага філіяла Докшыцкай ДШМ Таццяна Сапажэнка. Эрудыраваныя бібліятэкары Алена Карповіч і Наталля Літвінава. Музыкант-самародак Валерый Войцік і былы тэхработнік з душой артыста Людміла Норавіч. Вось гэта шасцёрка пад чулым кіраўніцтвам Яўгеніі Кішыла і з’яўляецца аўтарамі сцэнарыяў мерапрыемстваў. Увасабляць іх у жыццё дапамагаюць Валерыя Лушчынская, Алеся Голікава, Надзея Сушко, Таццяна Шуткіна, удзельнікі вакальнай групы “Вясёлыя ноткі” і іншыя самадзейныя артысты. Яўгенія Мікалаеўна вельмі ўдзячна дырэктару школы Мікалаю Калбасічу, яго намесніку Наталлі Каляда за ўзаемаразуменне і дапамогу.

IMG_9027 1
Адзін работнік культуры, якім бы таленавітым ён не быў, горы не зрушыць. Той, хто ўмее працаваць з людзьмі, заўсёды ў выйгрышы.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: на свята дзяцінства ў Сітцах гасціў вясёлы Карлсан.
Фота 1. В. Чарвінскага; 2. З архіва СДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *