Спортсмен-турникмен появился в Докшицком районе

IMG_7219Памятаеце, як у дзяцінстве вельмі хацелася быць падобным на супер-герояў папулярных фільмаў? Толькі вось адны марылі і працягвалі сядзець ля тэлевізара, а другія пачыналі самаразвівацца. З цягам часу нічога не змянілася, калі толькі да блакітных экранаў дадаліся маніторы камп’ютараў і іншыя дзівосы тэхнікі, якія прывялі да з’яўлення новай шкоднай звычкі. Але не зніклі тыя энтузіясты, што не сядзяць на месцы, а пачынаюць спасцігаць новае, карыснае, разумнае дзеля сваёй жыццёвай мэты. А мэта павінна быць у кожнага разумнага чалавека, бо яна фарміруе характар і дапамагае знайсці сэнс жыцця.

Калі мне расказалі, што ў Докшыцкай СШ № 1 ёсць хлопцы, якія займаюцца гімнастыкай на турніках, я нават уявіць не магла, што гэта асаблівы спартыўны рух, які апошнім часам бурна развіваецца. “Street Workout” – так называецца спартыўны накірунак, які сабраў звычайных хлопцаў, што ўдасканальваюць свае фізічныя здольнасці заняткамі на турніках. Іх называюць турнікмэны, а захапленне – турнікманіяй. Вучань 11 класа СШ № 1 Арцём Плюта – адзін з іх (на здымку).
Тры гады таму хлопец таксама не ведаў пра «Street Workout». На занятках па фізкультуры трэба было здаваць нарматывы па падцягванні, і аказалася, што гэта не так проста без падрыхтоўкі. Арцём звярнуўся па дапамогу да бацькі, і яны разам пачалі хадзіць на турнікі на пляцоўку ля школы. Так падцягваннямі і адцісканнямі сталі ўдасканальвацца фізічныя здольнасці юнака, а на фізкультуры ён пачаў усіх здзіўляць сваімі паказчыкамі. Аднойчы аднакласнікі папрасілі зрабіць звычайны пад’ём з пераваротам – у  яго атрымалася. Гэта і стала пачаткам захаплення гімнастыкай. У інтэрнэце хлопец  знайшоў спецыяльныя відэа-заняткі, і на той жа пляцоўцы ля школы пачаў развіваць сваю фізічную сілу ў новым, больш складаным накірунку. Да Арцёма пачалі далучацца сябры, амаль кожны дзень яны праводзілі трэніроўкі, развучвалі новыя элементы. Калі зазірнуць да хлопца на старонку «УКантакце», то можна ўбачыць тое, што ён можа. Сярод простых практыкаванняў ён засвоіў складаныя, такія як “рускія абароты”, “перашмыг”, “вейлер” і шмат іншых. Разам з сябрамі навучыўся выконваць парныя элементы.
– Мне часта задаюць пытанне: навошта гэта? – расказвае Арцём. – У першую чаргу – для сябе, для самаразвіцця. Канечне, у гэтым навучальным годзе больш увагі надаю вучобе, але спорт дапамагае расслабіцца і сняць напружанне. У 2013 годзе пашчасціла пабываць на 2-ім Фестывалі Workout у Рэспубліцы Беларусь, які праходзіў у Мінску. На ім турнікмэны не толькі з нашай краіны, але Рассіі і Украіны дзяліліся вопытам. Было крута!IMG_7216
Юнак выдатна вучыцца ў школе. Любімыя прадметы – фізіка і матэматыка. Свае добрыя веды часта дэманструе на школьных алімпіядах. Акрамя гімнастыкі захапляецца валейболам і бадмінтонам. Добра малюе (некалі наведваў спецыяльны гурток, а цяпер алоўкам выконвае работы ў стылі анімэ). Некаторы час нават вучыўся жангляваць.
На пытанне пра шкодныя звычкі адказаў, што больш за ўсё раздражняюць тытунь і алкаголь. Калі ёсць пэўныя мэты ў жыцці, то за іх рэалізацыяй на дрэнныя прывычкі проста часу не хопіць. Паспрабуйце знайсці сваё захапленне – не пашкадуеце!

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *