У Сергея Шпета со своим директором трудовые отношения без подводных камней.

DSC00028 slМенавіта так ахарактарызаваў працоўныя адносіны з Сяргеем Шпэтам дырэктар СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў” Анатоль Бальшуноў. Механізатар, які з радасцю садзіцца за штурвал магутнага “Беларуса” ў счэпе з плугамі ці сеялкай, нядаўна дасягнуў 50-гадовага юбілею. У час ранішняга нарада на мехдвор прадпрыемства прыехалі прадстаўнікі райсельгасхарчу. У адрас юбіляра гучалі шчырыя словы віншаванняў і пажаданні здароўя, шчасця, дабрабыту. А будзе гэта тады, калі сам чалавек пастараецца. І няхай у свой юбілей Сяргей атрымаў грамату і памятны падарунак з раёна, пыласос ад дырэкцыі сельгасфіліяла, дабрабыт сям’і залежыць ад яго працы.
Пасля заканчэння школы хлопец з Асавоў падае дакументы ў Лепельскае ПТВ. Там атрымлівае спецыяльнасць механізатара меліярацыйных работ. На працу ўладкоўваецца ў тады яшчэ саўгас “Бягомльскі”. Затым была армія, вяртанне на радзіму. І зноў праца на палях саўгаса. Аднак, як не паспрабаваць таго, што побач, што прыцягвае, абяцае высокія заробкі, свабоду дзеянняў, бо ў суботу і нядзелю стабільныя выхадныя? Так, механізатар пэўны час працуе ў мясцовым філіяле раёна электрычных сетак. Але хутка “наеўся” і вялікіх грошай, і пастаянных камандзіровак за межы Бягомля, раёна. Вярнуўся зноў у сельгаспрадпрыемства, узяўся за спакон вякоў сялянскую справу – араць ды сеяць. Бальшуноў упэўнены, што не трэба ў гэтым дзеянні шукаць ніякіх абставін, якія вяртаюць чалавека да каранёў сваіх, апрача звычайнага прыцягнення зямлі. На думку кіраўніка, той, хто паспрабаваў сябе ў ролі аграрніка, іншым не задаволіцца. Вось таму і ідуць да яго ўладкоўвацца на працу. І вынікаў дасягаюць выдатных. Напрыклад, першынство ў раёне ў групе аналагічных гаспадарак мае “Бягомльскі” ў раслінаводстве. Аб гэтым было сказана на свяце работнікаў аграпрамысловага комплексу, што прайшло на мінулым тыдні ў раёне. А Сяргей Шпэт, які араў і сеяў, затрымліваўся дапазна на рабоце, працаваў “пад цыганскім сонцам”, сур’ёзна-жартаўліва дадае: “З Бальшуновым на вайне мы б ішлі толькі ў наступленне. Умее ён весці за сабой. Зацікавіць маральна і матэрыяльна. Яму хочацца верыць, бо словы са справай не разыходзяцца”. Падтрымліваюць, цэняць і паважаюць свайго кіраўніка ў калектыве. Аналагічна адносіцца да іх і кіраўнік.
Бальшуноў гаварыў пра тое, што Сяргей – механізатар ад Бога: якасць выкананых ім работ не падвяргаецца крытыцы. З яго слоў зразумела і тое, што механізатар працуе без стомы і гатоў выканаць значна большы аб’ём работ. Нагадаў словы Сяргея, калі завялі размову пра смаленскія землі, якія трэба камусьці перадаць. Тады Шпэт бойка адказаў: “Была б такая магчымасць, мы ўжо былі б там”. І пацверджанне сказанаму ёсць: 200 гектараў асушаных бераснёўскіх земляў распрацавалі бягомльскія механізатары. Узаралі ўсе няўдобіцы вакол населеных пунктаў на тэрыторыі сельсавета.
– Хлопцы рвуцца ў бой, – смяецца дырэктар, – а Сяргей ідзе наперадзе.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: механізатар СГФ “Бягомльскі” Сяргей Шпэт у юбілейны дзень.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *