Качество молока Докшицкий цех Лепельского МКК гарантирует

Вядучы хімік Святлана Папкоўская закладвае пробы на выяўленне антыбіётыкаў у малацэ.

Вядучы хімік Святлана Папкоўская закладвае пробы на выяўленне антыбіётыкаў у малацэ.

Малако, якое паступае ў Докшыцкі цэх Лепельскага малочнакансервавага камбіната, праходзіць пільную праверку і апрацоўку: ахаладжэнне і ачыстку. Перш, чым малакавоз разгрузіць прывезеную прадукцыю, малако трапляе ў лабараторыю на аналіз. Тут правяраюць яго на кіслотнасць, ступень чысціні, шчыльнасць, арганалептыку і абавязкова на наяўнасць у малацэ антыбіётыкаў.

У светлым, на сучасны лад абсталяваным пакоі сустракаюць прадукцыю з жывёлагадоўчых ферм тры лабаранткі пад кіраўніцтвам вядучага хіміка. Ім працуе ў апошні час Святлана Папкоўская, якая трапіла на завод пасля заканчэння Пінскага тэхнікума мяса-малочнай вытворчасці.

Прайшла ўсе ступені росту: была лабаранткай, майстрам цэха, мікрабіёлагам, вядучым хімікам. Як кажуць, ведае справу і тэарэтычна, і практычна. Лабаранткі штогод праходзяць перападрыхтоўчыя курсы, якія арганізоўвае галаўное прадпрыемства. Урэшце, усе разам стаяць на варце здаровай і чыстай прадукцыі, якая так патрэбна людзям рознага ўзросту.

Каб прыняць малако, дастаткова 20 хвілін. Першыя пробы робяць на ступень чысціні. Падагрэтае малако прапускаюць праз спецыяльныя фільтры. Наколькі яно чыстае, бачна візуальна. Затым спецыяльнымі апаратамі “Белхан Сэнсар” і “Твін-Сэнсар” правяраецца наяўнасць антыбіётыкаў. Тэст-палоскі даюць магчымасць за 10 хвілін вызначыць іх прысутнасць, і калі ёсць – то які ўтрымліваецца антыбіётык: тэтрацыклін, леваметыцын, стрэптацыд ці бета-лактан. Да нядаўняга часу пробы рабілі толькі на два віды антыбіётыкаў. Дарэчы, на іх працэнтную колькасць не звяртаецца ніякай ўвагі. Партыя малака, нават з невялікай іх колькасцю, вяртаецца назад. Пасля дэгустацыі робяць інгібіруючыя пробы – вызначаюць, ці засталося ў малацэ штосьці з мыйных сродкаў. Для гэтага ёсць дэльватэст: калі сіні раствор, у які заліваецца малако, праз 4 гадзіны стане бясколерным, значыць, ніякіх хімічных элементаў у ім не ўтрымліваецца. Немалаважную ролю для вызначэння класа прадукцыі дае рэдуктазная проба, якая паказвае бактэрыяльнае асемяненне малака. Без станоўчага аналізу рэдуктазы малако з усімі іншымі нават выдатнымі паказчыкамі клас “экстра” не атрымае. А сюды ўваходзіць і аналіз на колькасць саматычных клетак, які робіцца адзін раз у 10 дзён.

Каб папярэдзіць паступленне няякаснай прадукцыі з жывёлагадоўчых ферм, малочнакансервавы камбінат забяспечвае гаспадаркі ўсімі мыйнымі, дэзынфіцыруючымі і фільтруючымі сродкамі, а даільныя залы – сасковай гумай, шлангамі, пульверызатарамі… Апошнім штрыхом у рэканструкцыі Докшыцкага цэха Лепельскага МКК былі абсталяваны спецыяльныя цэнтралізаваныя мыйкі для малакавозаў і заводскага абсталявання. Усе работнікі ідуць на прадпрыемства праз санпрапускнік. Тым не менш, прадукцыя, якая паступае з цэха на галаўное прадпрыемства, зноў праходзіць аналагічныя праверкі, а ў некаторых напрамках нават больш разгорнутыя аналізы. А таму можна быць упэўненым, што малочная прадукцыя, якая трапляе на паліцы крамаў, чыстая, здаровая, карысная для ўжывання.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *