Небольшая деревня Буй Докшицкого района издавна была известна своими источниками

Невялічкая вёсачка Буй, што ў Крыпульскім сельсавеце, здаўна была вядома сваімі крыніцамі. Старыя людзі расказваюць, што “сваю” крынічку меў кожны сялянскі двор. Яна служыла прыродным халадзільнікам, у які летам ставілі бляшанку з малаком, восенню – кадку з агуркамі. На крынічнай вадзе рыхтавалі ежу, ёй мыліся ў лазнях. І ўжо тады было вядома, што вада гэта мае гаючую сілу. Лічылі яе святой, не інакш. У сярэдзіне мінулага стагоддзя прыязджалі вучоныя, бралі ваду на пробу. Прызналі яе аздараўленчай і вырашана было будаваць у гэтых мясцінах санаторый. Але да спраў не дайшло. Перавага была нададзена крыніцы на Бягомльшчыне. Рашаючую ролю адыграла яе месцазнаходжанне: паблізу ад трасы Мінск – Віцебск. Так быў пабудаваны санаторый Баравое.

 Настаяцель Свята-Пятра-Паўлаўскай царквы іерэй Аляксей Кушнярэвіч

Настаяцель Свята-Пятра-Паўлаўскай царквы іерэй Аляксей Кушнярэвіч

Буйская ж вадзіца, калі ў гэтых месцах пачалася меліярацыя, схавалася пад зямлю. Успомнілі пра яе Анатоль і Раіса Панцюховы ў час будаўніцтва ў Гняздзілаве царквы. На тое, каб адрадзіць крыніцу, у іх ужо сіл не хапіла, але марай сваёй Анатоль падзяліўся з айцом Аляксеем Кушнярэвічам, калі той стаў настаяцелем Свята-Пятра-Паўлаўскай царквы. Мінулым летам бацюшка пры падтрымцы старшыні Крыпульскага сельвыканкама Міхаіла Акуняўца распачаў адраджэнне гаючай вадзіцы ў вёсцы Буй.

– Па справах службы, я яшчэ загадваю місіянерскім аддзелам у Полацкай епархіі, – гаворыць айцец Аляксей, – часта даводзілася суправаджаць групы паломнікаў да святых крыніц. Пры гэтым заўсёды ўспамінаў пра буйскую крыніцу. Думалася, што наш доўг вярнуць яе людзям. Можа яе святая сіла дапаможа адрадзіць Гняздзілаўскі край, вярнуць у яго духоўны пачатак, прывабіць сюды паломнікаў.

З Божага благаславення дружна ўзяліся за справу, і зараз крынічка наша ўжо плешчыцца ў калодзежы. Вакол яе ўзвялі падмурак. Вясной на яго паставім драўляны зруб з макаўкай. І атрымаецца купель, дзе можна будзе акунацца, а побач – набіраць ваду. Першае хрышчэнне ў святой вадзе ўжо адбылося. Летам з поўным акунаннем хрысціў у ёй дарослага мужчыну з Расіі.

Плануем яшчэ зрабіць Дом паломніка, дзе б людзі змаглі адпачыць з дарогі, а то і заначаваць. Пад яго аддала хату сваякоў адна са спадчыннікаў. Вось так усім мірам і працуем.

Старшыня Крыпульскага сельвыканкама М.М. Акунявец задаволены зробленым

Старшыня Крыпульскага сельвыканкама М.М. Акунявец задаволены зробленым

Айцец Аляксей прасіў падзякаваць усім добрым людзям, хто адгукнуўся на яго просьбу і сэрцам зразумеў усю веліч той справы, якая распачата на беразе ніколі не замярзаючай рэчкі Буйкі. Мікалай Шульгат даў калодзежныя кольцы, Сяргей Абірала дапамагаў тэхнікай. Аляксандр Сакірка, Дзмітрый Буюк разам з сябрамі склалі зруб. Шмат уклалі сіл у будаўніцтва Віталь Пашкевіч, Аляксандр Вайцяховіч, Міхаіл Залатуха. Усё лета мужчыны, а разам з імі і айцец Аляксей, працавалі не пакладаючы рук. Сапраўды, шчаслівы той, хто разумее, што няма на нашай зямлі больш жыватворных месцаў, чым святыя крыніцы і храмы Божыя.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Настаяцель Свята-Пятра-Паўлаўскай царквы іерэй Аляксей Кушнярэвіч; 2. Старшыня Крыпульскага сельвыканкама М.М. Акунявец задаволены зробленым.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *