Везде успеть, всё попробовать

IMG_7400Словы, вынесеныя ў загаловак, можна смела назваць жыццёвым крэда Святланы Гаўрылавай – лаўрэата раённага конкурсу “Настаўнік года” ў намінацыі “Замежная мова”. Яна паспявае быць настаўнікам англійскай мовы, класным кіраўніком, весці некалькі гурткоў, браць удзел разам з вучнямі ў розных конкурсах, акцыях і перамагаць у іх, спяваць на сцэне, адбіваць чачотку ў ірландскім танцы, выхоўваць двух сыноў, быць жонкай і гаспадыняй прыватнага дома.

Сказаць, што толькі ў Святлане Мікалаеўне дырэктар Крулеўшчынскай школы Уладзімір Піскуновіч бачыў кандыдата на ўдзел у конкурсе, будзе няпраўдай. Як прыхільнік дэмакратыі, ён запрасіў у кабінет усіх, хто па сваіх прафесійных якасцях мог прэтэндаваць на перамогу. Далей слова было за самімі педагогамі. Гаўрылава паціснула плячамі і кінула: “А чаму б і не паспрабаваць?” Толькі, карыстаючыся момантам, папрасіла ў кіраўніка дапамогі і падтрымкі. Ён паабяцаў і слова сваё стрымаў. Зараз Святлана Мікалаеўна шчыра прызнаецца, што без каманды ўдзельнічаць у конкурсе немагчыма і таму сваё званне шчодра дзеліць паміж усімі, хто дапамагаў яго здабываць. Прафесійны конкурс для яе – гэта ўжо пройдзены этап, і зараз усе думкі займае Усерасійская адкрытыя алімпіяда “Наша спадчына”, у якой прымала ўдзел каманда Віцебскай вобласці. У яе складзе – вучні Святланы Мікалаеўны. Паралельна ў галаве нараджаецца сцэнарый калядных святкаў, якія яна, як кіраўнік курса “Асновы праваслаўнай культуры”, будзе ладзіць разам са сваімі выхаванцамі і вучнямі нядзельнай школы прыходу. І так заўсёды. Многія калегі дзівяцца, як яна ўмее рабіць некалькі спраў разам, паспяваць усюды і мець да ўсяго інтарэс. А муж кпіць, што дадому часцяком прыходзіць толькі начаваць ад сваіх вучняў і бясконцых грамадскіх спраў. У душы ж ганарыцца і шкадуе, каб не перасіліла сябе. А ёй усё цікава!

Чвэрць веку працуе ў школе, але і сёння, як і ў тым далёкім 1989-м, радасць ахоплівае сэрца, калі на зададзенае пытанне бачыць “лес” рук у адказ. За столькі год працы паспрабавала многія формы выкладання прадмета, але любімай, як і раней, застаюцца ролевыя гульні. Для настаўніка гэта даволі працаёмкая і напружаная работа, затое вучні ад яе маюць практычную карысць. Яны максімальна заняты, у іх развіваецца лагічнае мысленне, да станоўчых вынікаў падбухторвае дух спаборніцтва. Дзеці вучацца правільна размаўляць, будаваць дыялог, захоўваючы пры гэтым этыкет паводзін. Без ведання замежнай мовы сёння вельмі складана нават сярэднестатыстычнаму чалавеку. Таму ўсе памкненні Святланы Мікалаеўны накіраваны на тое, каб у выпадку неабходнасці ўспомніць хоць нешта набытае на яе уроках маглі не толькі такія вучні, як залатая медалістка Віка Крупская, але і тыя, у каго ў дзённіку прыпісаліся намнога ніжэйшыя адзнакі.

Маючы да ўсяго інтарэс, з задавальненнем ездзіць на семінары і курсы. Тым, што назапасіла, шчодра дзеліцца з калегамі па метадычным аб’яднанні, якім кіруе ўжо некалькі год. Не так даўно брала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе з даследчай работай “Біблейскія сюжэты ў сусветным мастацтве”. Пералічваць асабістыя дасягненні ці перамогі вучняў гэтага цікавага, няўрымслівага чалавека можна і далей, але лепш зрабіць адпаведныя вывады і павучыцца ў Святланы Мікалаеўны інтарэсу да жыцця, працы, да пастаяннага пошуку і перамог.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: настаўніца англійскай мовы Крулеўшчынскай СШ С.М. Гаўрылава за любімай справай.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *