19 января докшицкие спасатели отметят профессиональный праздник

(Злева направа): намеснік начальніка аддзела па дзяржаўнай сістэме папярэджання і ліквідацыі НС У. Карпека, намеснік начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні В. Баравікоў, начальнік аддзела МНС Г. Галоўчыц і яго намеснік па дзяржаўным пажарным наглядзе В. Купрэвіч.

(Злева направа): намеснік начальніка аддзела па дзяржаўнай сістэме папярэджання і ліквідацыі НС У. Карпека, намеснік начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні В. Баравікоў, начальнік аддзела МНС Г. Галоўчыц і яго намеснік па дзяржаўным пажарным наглядзе В. Купрэвіч.

Прыходзіць на дапамогу людзям, абараняць ад рознай небяспекі жыццё і здароўе грамадзян – справа ганаровая і высакародная. Грамадства высока ацэньвае самаадданасць тых, хто ў любы час знаходзіцца на баявых пастах і гатовы рызыкаваць уласным жыццём дзеля выратавання іншых. Гонар і годнасць, мужнасць і адвага, гатоўнасць да самаахвяравання з’яўляюцца адметнымі рысамі шматлікіх пакаленняў выратавальнікаў.
Такім чынам, сёння ёсць падстава расказаць пра людзей, якія прыходзяць на дапамогу любому з нас у цяжкую хвіліну. Гутарым з начальнікам райаддзела МНС Генадзіем Галоўчыцам.

– Генадзій Іванавіч, слова выратавальнік у большасці людзей асацыіруецца з мужнасцю і смеласцю? Ці так гэта?


– Згодны, без гэтых якасцяў чалавек не стане рызыкаваць сваім жыццём альбо здароўем, каб выратаваць іншага. Наш асабісты састаў гэту ісціну добра разумее, таму і працуе пад сцягам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, на якім ёсць словы прафесіяналізм, адвага і гонар.
– Якія асаблівасці мае служба выратавальніка?
– У складанай сітуацыі трэба ўмець хутка зарыентавацца і аператыўна прыняць правільнае рашэнне. Нашым выратавальнікам у мінулым годзе ўдалося зберагчы жыццё шасці чалавекам. Прыходзілася даставаць пацярпелых з вады, выносіць з пылаючага дома і вызваляць заціснутага чалавека, які трапіў у ДТЗ, з аўтамашыны. На жаль, ёсць факты гібелі людзей на пажарах. У гэтых выпадках, магчыма, ёсць і нашы недапрацоўкі.
– Што ўяўляе сабой тэхнічная аснашчанасць асабістага саставу, ці дазваляе яна якасна праводзіць выратавальныя работы?
– У нашым аддзеле ёсць усё патрэбнае. За апошнія два гады матэрыяльна-тэхнічная база крыху абнавілася, мы атрымалі новы гідраўлічны інструмент, а таксама тры адзінкі спецтэхнікі. Будзем чакаць іншых навінак, ад іх, як вядома, ніхто не адмовіцца.
– Ваш штат работнікаў укамплектаваны поўнасцю?
– На сённяшні дзень у нас працуюць 77 чалавек, але спецыялістаў не хапае. Ёсць вакансіі начальнікаў варты, старшага інспектара інспекцыі нагляду і прафілактыкі, старшага інжынера па грамадзянскай абароне. Так што з радасцю чакаем таго, хто мае спецыяльную адукацыю і жадае ў нас працаваць. Штогод мы выбіраем кандыдатаў з ліку выпускнікоў школ і накіроўваем на вучобу ў камандна-інжынерныя інстытуты ў Мінск альбо Гомель, толькі не ўсе вяртаюцца дамоў, некаторыя застаюцца працаваць у абласных цэнтрах.
– Генадзій Іванавіч, зразумела, што галоўнае ў любой структуры – гэта людзі…
– Калектыў наш вельмі згуртаваны. Кожны дзень, часам рызыкуючы жыццём, нашы супрацоўнікі выконваюць небяспечную, складаную, аднак вельмі патрэбную людзям работу, пры гэтым кіруюцца галоўным этычным прынцыпам – самаахвяраванне дзеля абароны жыцця чалавека.
– Якімі будуць вашы пажаданні ў Дзень выратавальніка?
– Кожнаму хачу пажадаць моцнага здароўя, як мага менш выездаў на пажары і аварыі. Паспяховага рашэння баявых задач і – каб нашых выратавальнікаў заўсёды чакалі іх сем’і!

***

IMG_0451Так супала, што Дзень выратавальніка ў Беларусі адзначаецца разам з вялікім праваслаўным святам – Вадохрышчам, і гэта вельмі сімвалічна. Людзі, якія змагаюцца са стыхіяй, часам цаной свайго жыцця ратуюць іншых, знаходзяцца пад асаблівым нябесным заступніцтвам.

Верацейскі хлопец Аляксандр Ясючэня (на здымку) трапіў у выратавальную службу, можна сказаць, выпадкова. Пасля школы ён закончыў Глыбоцкае прафтэхвучылішча, адбыў службу ў арміі і вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі пажарнага. Так, у маладога юнака пачаліся неспакойныя будні. Але смеласць і рашучасць, уменне хутка ацэньваць сітуацыю дапамагалі байцу спраўляцца не толькі з агнём. Не раз прыходзілася выязджаць камандзіру на месцы дарожна-транспартных здарэнняў, браць у рукі гідраўлічныя нажніцы, дамкратам падымаць машыны і даставаць з-пад жалеза пацярпелых у аварыі людзей.
Многія ведаюць пра пажар, які адбыўся ў Докшыцах па вуліцы Міцкевіча ў першыя дні гэтага года. У тую ноч, калі паступіў сігнал аб узгаранні дома, якраз нёс варту Аляксандр. Дзякуючы зладжанай рабоце каманды, удалося выратаваць жыццё гаспадыні, якая атрымала апёк дыхальных шляхоў. Толькі, на жаль, яе мужу выжыць не ўдалося – яго смерць урачы канстатавалі ўжо ў бальніцы.
Больш як 15 год Ясючэня спраўна нясе службу ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. У калектыве яго цэняць і паважаюць. Дома з дзяжурства заўсёды чакаюць жонка і трое дзетак.
– У маім жыцці ўсё склалася так, як я і хацеў. Хоць пасля першых трох гадоў маёй работы ў пажарнай службе была магчымасць уладкавацца на працу ў Мінск да брата, але, узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, я вырашыў нічога не мяняць. Як можна здрадзіць родным мясцінам, дзе прайшло тваё дзяцінства? – разважае Ясючэня. – Мой бацька ў свой час працаваў у лясніцтве, кожны дзень вадзіў мяне з сабой у лес. Цяпер нават не ўяўляю жыцця без прыроды. Дарэчы, любіць яе прывучыў і сваіх дзяцей. Зімою гэта, канечне, лыжы, летам – звычайныя прагулкі.
Знаходзіць час Аляксандр Ясючэня для сваіх любімых заняткаў – палявання і зварачных работ. Дарэчы, жыхарам Верацейкі добра знаёмы незвычайны матацыкл, які майстар на ўсе рукі сканструяваў сам. Усюдыход на трох пнеўмаколах можа ездзіць і па лесе, і па полі, і нават па вадзе, праўда апошні варыянт Аляксандр пакуль не апрабаваў.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *