Бриллиантовую свадьбу отметили Виктор и Мария Батуры из Бегомля

IMG_0406Сёння ў хаце Віктара і Марыі Батураў госці гамоняць амаль з раніцы. Прычына таму вельмі важная і ўрачыстая: гаспадары адзначаюць брыльянтавы юбілей. Іх завіталі павіншаваць паважаныя госці – старшыня Бягомльскага сельвыканкама Мікалай Трахінін, кіраўнік справамі Людміла Дашыневіч, дырэктар СГФ “Бягомльскі” Анатоль Бальшуноў. Дзеці, унукі, праўнукі, пляменнікі дасылалі свае віншаванні праз раённую газету, абласное тэлебачанне, а сёння прыехалі ў Ваўчу асабіста, каб выказаць сваю любоў і пашану да блізкіх і дарагіх людзей. Дзядуля з бабуляй пры зборы такой колькасці гасцей адразу крыху разгубіліся, а потым прыйшлі ў сябе і стала бачна, якімі яны былі ў маладосці. Віктар Міхайлавіч крыху ганарлівы, цану сабе ведаў, але не ўстаяў перад бойкай, вострай на язык дзяўчынай з Вускрам’я. Згуляў з ёй Цярэшку на Каляды і праз некалькі дзён сватоў заслаў. Сумна было без яе жартаў і шпілек, якімі яна так і сыпала вакол і ў яго адрас таксама. Марыя Сцяпанаўна не растраціла сваіх жартаў і за 60 год сумеснага жыцця.

– Прыехаў у сваты на санях, з гарманістам, – распавядае яна пра сваё вяселле. – Я села і паехалі, вэлюм развіваецца, я радуюся. Трымаю рукамі вянок на галаве, каб вецер не знёс. Раптам сані, як дрыгануцца, мы ледзь носам у снег не забурыліся. Аказалася, аглобля зламалася. Неяк жа дацягнуліся да Ваўчы. Гэта аглобля мне і перашкодзіла адразу назад вярнуцца, калі ўбачыла маленькую хатку на два акенцы, у якой трэба было жыць.

Гэта жартам, а калі сур’ёзна, то Марыя пасля той беднасці і нястачы, у якіх вырасла, была і такому жытлу вельмі рада. Бацька ў яе памёр яшчэ ў 1939 годзе, пакінуўшы сямёра дзяцей. Вайну перажылі толькі двое. Жылі ў зямлянцы, хаваліся ў лесе, галадалі. Былі дні, што елі адну зайцаву капусту. Не менш голадна было і ў Ваўчы. Адно шчасце, што не спаленай засталася хата Віктара. Ён таксама сірата, бацька пасля кантузіі на вайне пражыў пару год і памёр. Адным словам, спадзявацца маладыя маглі толькі на сябе, на свае працавітыя рукі.
Так, як працавалі яны, сённяшнія хлопцы і дзяўчаты, якія не ведаюць, што такое голад, не будуць ні за якія грошы. Віктар Сцяпанавіч ад цямна да цямна ў лесе збіраў жывіцу, Марыя Сцяпанаўна, якая мела за плячыма сямігодку, спачатку брыгадзірыла, але потым пайшла сплаўляць лес, бо там хоць нейкія грошы ды плацілі. Уявіць немагчыма, як жанчына магла скакаць з багром у руках па бярвёнах? Але ж гэта было. Каб зарабіць на кавалак зямлі пад бульбу (яго выдзялялі толькі членам калгаса), Марыя вечарамі, а то і ноччу, палола калгасныя буракі. Таму работа даяркі, на якую потым перайшла, была ёй ужо лёгкай. Без дэкрэтных водпускаў нарадзіла пецярых дзяцей. Вышыванкамі, якія сама ткала і аздабляла ўзорам, яе хата ўпрыгожана і зараз.

Цяпер яны і самі здзіўляюцца, дзе бралі сілы на такое жыццё? Пэўна, сапраўды, цяжкасці толькі больш загартоўваюць. Але ж не толькі гора было. І вяселлі гулялі, і песні спявалі, а за працай затое не было калі “дурнатой займацца, як гэта робяць асобныя цяперашнія маладыя”. З гэтым сцвярджэннем людзей з сямейным стажам даўжынёй у 60 год складана не пагадзіцца.

Зараз Батуры жыццём задаволены, каб толькі яшчэ здароўе не падводзіла. Праз дарогу дом сына Валодзі, адкуль ім прыносяць нават прыгатаваную ежу. Але грубкі старыя цепляць самі, праўда, дровы прыносіць сын. Як сапраўдны гаспадар, Віктар Міхайлавіч трымае каня, яго, канечне, таксама даглядае Уладзімір, але без гэтай жывёлы старэйшы Батура не можа. Яна была яго захапленнем усё жыццё (у вайну падлеткам, не пабаяўся, украў каня ў немцаў). Першую медыцынскую дапамогу атрымліваюць ад дачкі Валянціны, якая працуе ў Бягомльскай бальніцы медсястрой. У гарпасёлку жыве і меншы сын Пётр. На вялікі жаль, яшчэ двух сыноў бацькі перажылі. Аднаго страцілі тры гады назад. Пра Шуру Марыя Сцяпанаўна ўспамінае кожную хвіліну і выцірае хусцінкай вочы, гледзячы на яго вялікі партрэт.

Віктар і Марыя Батуры ў іх узросце – сёння адзіная пара ў некалі вялікай вёсцы Ваўча, і гэтым яны шчаслівыя, хаця, як і паложана, Марыя Сцяпанаўна бывае пабурчыць для прыліку на мужа, а Віктар Міхайлавіч усё роўна зробіць па-свойму. Мужык ён нарэшце, ці не мужык?

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Марыя і Віктар Батуры з сынам Уладзімірам.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *