Шчырая размова Прэзідэнта і прадстаўнікоў СМІ

лукашенкоАдкрыты дыялог Аляксандра Лукашэнкі з беларускімі і замежнымі журналістамі доўжыўся больш за сем гадзін, што з’яўляецца абсалютным рэкордам такіх сустрэч.

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі СМІ праходзіла ў новым фармаце — не звычайнай прэс-канферэнцыі, а адкрытага дыялогу, у час якога журналісты як задавалі пытанні, так і выказвалі сваё меркаванне па ўсіх напрамках.
У самым пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы адзначыў, што закрытых тэм няма, і выказаў гатоўнасць адказаць на ўсе пытанні, якія цікавяць прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ.
Усяго журналісты задалі некалькі дзясяткаў пытанняў, якія датычыліся самых розных тэм: знешняй і ўнутранай палітыкі Беларусі, эканамічнай і фінансавай сітуацыі ў краіне, дыверсіфікацыі экспарту, кадравай палітыкі і заработных плат, праблемных пытанняў у будаўніцтве і ЖКГ, карупцыі, рэагавання дзяржорганаў на крытыку СМІ, кантакту чыноўнікаў з журналістамі. Размова датычылася ўкраінскай тэматыкі і ў цэлым праблематыкі забеспячэння бяспекі і міру. Размова ішла і аб супрацоўніцтве з Расіяй, аб узаемадзеянні ў рамках інтэграцыйных структур, у тым ліку ў Саюзнай дзяржаве, Еўразійскім эканамічным саюзе, а таксама аб адносінах з Захадам. Аляксандр Лукашэнка асаблівую ўвагу ўдзяліў супрацоўніцтву з Кітаем, а таксама многім іншым тэмам.
Прэзідэнт на ўсе пытанні адказваў шчыра, адкрыта і падрабязна.

Аб канфлікце ва Украіне

На пытанне аб тым, якім чынам можна прадухіліць кровапраліцце, Аляксандр Лукашэнка адказаў: «Неабходна адпаведнае жаданне ўцягнутых у гэты канфлікт кіраўнікоў дзяржаў і гэтых рэспублік (ЛНР і ДНР. — Заўвага БЕЛТА). Трэба пераадолець усялякія рознагалоссі і помніць, што там гінуць дзеці. Гінуць мірныя, ні ў чым не вінаватыя людзі, якім дзявацца няма куды. З васьмі мільёнаў на тэрыторыі Данецка і Луганска ўжо засталося тры з палавінай — чатыры мільёны чалавек. Ды пераступіце вы праз гэтыя амбіцыі, сядзьце і дамоўцеся!»
«Прыязджайце ў Мінск на любым узроўні, я гатовы ў гэтым удзельнічаць. Калі ёсць воля кіраўнікоў, вызначаецца лінія (сутыкнення. — Заўвага БЕЛТА), літаральна за некалькі дзён адводзіцца цяжкае ўзбраенне і пачынаюцца далейшыя мірныя працэсы. Трэба спыніць гэту вайну, і не шмат для гэтага трэба. Я ў гэтым проста ўпэўнены», — падкрэсліў беларускі лідар.

Завяршыць пачатыя аб’екты і прывесці ў парадак дарогі

Для надання Мінску глянцу трэба завяршыць пачатыя аб’екты і прывесці ў парадак дарогі. Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што сталіцы Беларусі не хапае глянцу. А для гэтага трэба надаць завершаны выгляд пабудаваным ужо кварталам, раёнам і мікрараёнам. «Гэтага не хапае, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы шмат набудавалі, часам хаатычна, непрадумана. Цяпер трэба з улікам пабудаванага надаць завершаны выгляд усяму гэтаму».
У беларускай сталіцы, дадаў Прэзідэнт, вельмі многа на паверхні праблем, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння: трэба прывесці ў парадак дарогі, разабрацца з пустуючымі будынкамі і ўчасткамі. «Мы павінны дапрацаваць Мінск з улікам таго, што паступова скарачаем жыллёвую праграму, каб не перанасяліць сталіцу. Будзем перакідваць у рэгіёны магутнасці, больш там будаваць. Працэс таксама не вельмі ідзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы, паабяцаўшы «дзергануць» адказных за гэта службовых асоб.
Прэзідэнт канстатаваў, што ў Мінску шмат праблем, але і зроблена нямала. «Цяпер трэба ўсё завяршыць, давесці да лагічнага канца, так, каб Мінск быў прыгожым. За наступную пяцігодку мы гэту праграму рэалізуем, — адзначыў ён. — У сталіцы грошай дастаткова, трэба разумна імі распарадзіцца і завяршыць тое, што мы не дарабілі».
«У нас вельмі многа задум. Сродкі на гэта заўсёды знойдуцца — няхай па мінімуму. Я не настойваю, каб у Мінску была нейкая глабальная будаўнічая пляцоўка, але рухацца трэба. І парадак наводзіць у Мінску трэба, каб гэта сапраўды быў твар нашай краіны», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Добраўпарадкаванне — справа агульная

Навядзеннем парадку і добраўпарадкаваннем гарадоў і раённых цэнтраў павінна займацца не толькі дзяржава — насельніцтва таксама павінна актыўна прымаць у гэтым удзел.
Адказваючы на пытанне, якія месцы ўвайшлі б у ТОП лепшых мясцін для наведвання і адпачынку ў Беларусі, калі б яго давялося складаць кіраўніку дзяржавы, беларускі лідар адказаў: «Я люблю сваю краіну — ад наваколля Оршы, дзе я нарадзіўся, да Белавежскай пушчы, дзе пабываў толькі будучы Прэзідэнтам. У нас шмат нацыянальных паркаў, я ўзяў гэтыя цудоўныя мясціны пад кантроль. Браслаўскія азёры, Бярэзінскі запаведнік, Белавежская пушча, Прыпяцкі запаведнік і іншыя». Кожны з абласных цэнтраў таксама па-свойму цудоўны і ўнікальны.
За апошнія гады ўсе гарады Беларусі прыкметна абнавіліся. Дзяржава зрабіла для гэтага вельмі шмат, цяпер гараджане самі павінны займацца гэтым пытаннем і прыводзіць іх у парадак. «Пачынаючы ад пад’ездаў, вуліц, клумбаў, дрэў, на гэта грошы не трэба траціць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Падводзячы вынік, ён адзначыў: «У нас цудоўная, зручная, прыгожая краіна з пэўнымі недахопамі, так будзе заўсёды. Але мы будзем працаваць над гэтымі недахопамі — пачынаючы ад клумбы і завяршаючы карупцыяй, пра якую сёння ўжо гаварылі. Мы ўсё роўна праб’ёмся, зробім нашу краіну яшчэ прыгажэйшай».

Жыллёвае пытанне
Прыярытэт у будаўніцтве будзе аддадзены жыллю.
«У бягучым годзе запланавана пабудаваць каля 5 млн кв.м жылля. Хацелася, магчыма, і больш, але пры фарміраванні бюджэту было відаць, што ні банкі, ні мы больш не пацягнем. Але і гэта нямала. Можа, і нельга перанапружвацца ў гэтых адносінах, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Тыя важныя інфраструктурныя аб’екты, якія пачалі ўжо будаваць, прадоўжым узводзіць. У новыя лезці не будзем, каб не павялічваць нагрузку на бюджэт. Але прыярытэтам пры гэтым застанецца ўсё роўна жыллё».
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў асаблівым прыярытэце будзе будаўніцтва арэндных кватэр.
Аб барацьбе з карупцыяй

Міжнародныя эксперты прызнаюць сур’ёзнасць барацьбы з карупцыяй у Беларусі — заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нельга сказаць, што ў Беларусі карупцыю «не спрабавалі выпаліць гарачым жалезам». «Нават міжнародныя эксперты, якія да нас адносяцца не вельмі, гэта прызнаюць», — сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: «Пазбавіцца ад яе ўраз немагчыма. Як чалавек, які займаўся шмат гэтымі пытаннямі, не скажу, што нельга ад яе пазбавіцца, але не скажу, што і можна». Кіраўнік дзяржавы дадаў, што, магчыма, маюць рацыю тыя людзі, якія кажуць, што карупцыю нельга перамагчы, але можна звесці да мінімуму.

Альтэрнатывы мінскаму фармату для перагавораў па Украіне няма

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не бачыць эфектыўнай альтэрнатывы мінскаму фармату для перагавораў па Украіне.
«Я не ўяўляю пакуль іншых фарматаў для перагавораў, чым мінскі. Тут як-ніяк, але многага дасягнулі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы пры гэтым, што пункты заключанага ў беларускай сталіцы мемарандума да нядаўняга часу заставаліся прыярытэтнымі для проціборствуючых бакоў. Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што апошнія пару тыдняў намеціўся адыход ад мінскіх пагадненняў. Акрамя таго, з’явілася інфармацыя аб новых фарматах правядзення перагавораў, напрыклад нармандскім. «Калі хочам усё пачаць з нуля і нічога потым не зрабіць, можна выдумляць новыя фарматы. Можна ў Астану ехаць, ніхто не супраць. Астана пляцоўку прапануе. Толькі пытанне: а чым не падыходзіць мінская пляцоўка? Мінскі фармат будзе перакрэслены, дамоўленасці, якіх дасягнулі, — выкінуты на памыйніцу», — сказаў ён.
У выпадку перафармаціравання перагавораў па Украіне, на яго думку, урэгуляванне канфлікту давядзецца пачынаць з нуля, што, адпаведна, негатыўна паўплывае на сітуацыю.
Паводле яго слоў, на захаванні мінскай пляцоўкі і захаванні дамоўленасцей настойвае і Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка.
«Зацягванне вайны — не ў чыіх-небудзь інтарэсах. І мінскі фармат, я чамусьці перакананы, будзе запатрабаваны літаральна ў бліжэйшы час. Іншага фармату няма, і шкодна пачынаць перафарм.
Індустрыяльны парк «Вялікі камень» можа прынесці мільярдныя даходы
Рэалізацыя кітайска-беларускага праекта «Індустрыяльны парк «Вялікі камень» можа прынесці мільярдныя даходы, — заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неаднаразова наведваў Кітайскую Народную Рэспубліку, у тым ліку яшчэ да свайго прэзідэнцтва. Больш таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў звярнуць увагу на кітайскі вопыт яшчэ калі быў дэпутатам парламента, калі выбіралі курс развіцця краіны. Але тады гэта прапанова была жорстка раскрытыкавана.
«І што адбываецца праз больш як 20 гадоў? Кітай — гэта імперыя, гэта другая эканоміка ў свеце, гэта першая краіна па экспарце. Гэта дзяржава, якая сёння фактычна забяспечыла шматпалярнасць у свеце, і гэта вельмі важна, — лічыць Прэзідэнт. — Я заўсёды гаварыў аб тым, што Кітайская Народная Рэспубліка — гэта дружалюбная нам дзяржава. Беларусь ганарыцца сваімі адносінамі з такімі краінамі, як Расія, Кітай, Індыя і іншымі. Гэта нашы сябры, якія заўсёды гатовы падставіць плячо».
Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў беларуска-кітайскія адносіны. У якасці аднаго з пазітыўных прыкладаў ён назваў кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». «Гэта мільярды, у якіх зацікаўлены Кітай, у прыватнасці, у будаўніцтве там суперсучасных прадпрыемстваў, і гэта мільярды даходаў у нашу краіну. Калі мы рэалізуем гэты праект, тады ў нас не будзе праблем ні з золатавалютнымі рэзервамі, ні з падтрыманнем курса нацыянальнай валюты», — лічыць кіраўнік дзяржавы. Ён таксама сказаў, што ў бліжэйшы час тэма стварэння парка будзе разглядацца на ўзроўні Прэзідэнта.
Ён таксама падкрэсліў: «Калі вы будзеце ламаць дзверы ва ўрадзе, я вас пасаджу. Не ламайце нічога, дзейнічайце ў адпаведнасці з законам, прайдзіце гэты шлях нармальна, цывілізавана. Выйдзіце на галасаванне, я вам гарантую поўную бяспеку, толькі нічога не ламайце і не крышыце. Вось і ўсё, не трэба нікога баяцца».

Спыніць выплату зарплаты ў канвертах

«Зарплата ў канвертах — з’ява ненармальная. Такая праблема існуе, будзем разглядаць гэта пытанне, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я даў распараджэнне падумаць аб тым, як вывесці з ценю плацяжы і заработную плату. І мы гэта зробім».
Прэзідэнт запэўніў, што ў выпадку падрыхтоўкі адпаведнага нарматыўнага дакумента ён не будзе «скрыты ад людзей, без публічнасці гэта пытанне не вырашым».

Пакончыць з «беспарадкам у будаўніцтве»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка будзе жорстка рэагаваць на «беспарадак у будаўніцтве». «Я не пацярплю такога беспарадку ў будаўніцтве, як гэта было апошнія гады. Разбасячыліся, сорамна проста. Які аб’ект дзяржаўны не прымаюць, то пачынаюць потым каштарысы правяраць: усюды падман… Не ведаю, можа, і дзяржслужачыя тут замешаны, як карупцыянеры. Пачынаем разбірацца, пачынаем саджаць, пачынаем кампенсаваць дзяржаве ўрон, які нанесены… У будаўніцтве ў нас непарадку і недысцыплінаванасці больш, чым у любой іншай сферы», —адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Не навядуць парадак (будаўнікі ў сваёй сферы. — Заўвага БЕЛТА) — паадкручваем галовы. Хопіць на іх глядзець, каб яны разбойнічалі і крыўдзілі людзей», — таксама сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 1990-я пасля заняпаду ў будсферы было зроблена многае, каб яе аднавіць. У тым ліку была наладжана вытворчасць неабходнай тэхнікі. Цяпер галіна забяспечана ўсім.
«З Расіі паток назад пайшоў», —таксама канстатаваў Прэзідэнт, маючы на ўвазе вяртанне беларускіх будаўнікоў, якія паехалі на заработкі ў Расію. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што не трэба цяпер па гэтай прычыне звальняць каго-небудзь з беларускіх бударганізацый, каб уладкаваць на работу тых, хто вярнуўся. «Паехалі ў свой час за доўгім рублём. Цяпер вярнуліся. Тут сёння таксама рынак сціснуўся. Работы ўжо не столькі. Няхай шукаюць. Я даў такія ўказанні», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

001546_26323У Беларусі не павінна быць лішніх чыноўнікаў
«Аптымізацыя — бесперапынны працэс. Гэта датычыцца ўсіх, хто на бюджэце, — не толькі дзяржслужачых, але і ваенных, міліцыі і іншых. І не таму, што ў нас сёння цяжкасці ў эканоміцы, грошай не хапае, справа ў тым, што дзяржава павінна адыходзіць з эканомікі настолькі, наколькі гэта трэба. Некаторыя функцыі дзяржаўны апарат не павінен ажыццяўляць, таму мы гаворым аб дыверсіфікацыі дзейнасці дзяржапарату, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Не трэба займацца тым, што не дасць эфекту. Аптымізацыя праводзіцца для таго, каб убраць непатрэбныя функцыі».
У кампактнай краіне з такой уладай не павінна быць лішніх чыноўнікаў, падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён прызнаў, што зарплата ў дзяржслужачых мізэрная. «Але мы трапілі ў такія нажніцы, што не можам сабе падняць заработную плату, бо людзі ў нас небагата жывуць, —адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба скарачаць функцыі, скарачаць дзяржапарат, а грошы пакідаць. Калі да сярэдзіны года сітуацыя палепшыцца, што-небудзь дабавім».

Папулізму ў сферы зарплаты не будзе
«Цэны ў дзяржаве мы ўзялі пад кантроль, робім гэта разумна. У доларавым эквіваленце зарплата ўпала, ну і што? Вось калі б цэны выраслі на 30-40 працэнтаў, тады іншае пытанне, тады сапраўды можна гаварыць аб зніжэнні дабрабыту людзей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у мінулым годзе ўпершыню за апошнія гады ўдалося дабіцца таго, што рост прадукцыйнасці працы быў вышэйшы, чым рост заработнай платы. «Апераджальны рост зарплаты над прадукцыйнасцю працы ў нас зацягнуўся недапушчальна доўга — на чатыры або пяць гадоў. Цяпер мы прывялі гэтыя параметры ў адпаведнасць, і нам трэба што б там ні было гэта ўтрымаць. Калі мы будзем з›ядаць больш, чым вырабілі — у грашовым выражэнні, зразумела, то якая будзе эканоміка?» — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым, дадаў ён, гэта не азначае, што зарплата ў краіне не будзе расці. «Ёсць у прадпрыемства даходы — плаціце, ніхто не будзе стрымліваць. У бюджэтнай сферы прынцып такі: ёсць грошы — плацім, няма грошай — трэба пацярпець. Ніякай папулісцкай палітыкі пад выбары не будзе, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы ўжо забылі, дзе друкарскі станок стаіць. Выключана, каб мы яго ўключылі і пачалі друкаваць грошы».

Прэзідэнт даручыў вывучыць стан цэн на прадукты харчавання
«Быў перыяд, калі цэны ў Беларусі на тавары былі ў 2-3 разы ніжэйшыя, чым у Расіі. І нам каштавала страшных намаганняў пераадолець такую з’яву, як вываз прадукцыі з краіны, асабліва з прыгранічных раёнаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы былі вымушаны ў сувязі з гэтым трымаць парытэт цэн».
Гаворачы аб сённяшняй сітуацыі, Прэзідэнт адзначыў: «Але не думаю, што цяпер можа быць вельмі вялікая розніца ў цэнах у Беларусі і Расіі. Мы трымаем цэны крыху таннейшыя, чым у вас (у Расіі. — Заўвага БЕЛТА). Вы не можаце кантраляваць цэны — у вас няма такіх рычагоў і такой структуры, вы іх даўно ліквідавалі. А мы можам кантраляваць цэны, аж да сельскага магазіна. Улада заўсёды трымае гэтыя пытанні пад кантролем і рэгулюе іх».
«Калі цэны ў нас будуць ніжэйшыя, тавар вывезуць, калі будуць вышэйшыя — нашы людзі паедуць да вас за таварам», — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да расійскага журналіста, які задаваў пытанне. Прэзідэнт даў даручэнне вывучыць існуючае становішча і далажыць яму параўнальны аналіз цэн у Беларусі і Расіі

Аб прэзідэнцтве
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не мае права самастойна адмовіцца ад прэзідэнцтва, калі па-іншаму не вырашыць народ. Ён таксама адзначыў, што яму было б непрыемна прайграць прэзідэнцкую кампанію, але не баіцца гэтага.
«Я не пайду і пайсці не магу. Не маю права. Я ўжо тлумачыў: калі абрушыцца краіна, а я пайшоў сам, то мяне абвінавацяць у баязлівасці. З мяне спытаюць. І яны будуць мець рацыю», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Я палітык. Я павінен змагацца, як гэта прынята па законах палітыкі. У мяне ёсць нейкі багаж. Мяне цяжка ў нечым абвінаваціць, зачапіць за што-небудзь», — дадаў ён.
«Знімаць сваю кандыдатуру на выбарах або не ісці на выбары я не маю права, калі ў мяне няма на гэта падстаў… Калі я буду жывы і здаровы ў 2015 годзе, вы, магчыма, мяне ўбачыце ў спісах кандыдатаў у прэзідэнты», — дадаў Прэзідэнт.

Лукашэнка: бяспека беларускай дзяржавы — мой кроўны абавязак
«Калі я не забяспечу бяспеку дзяржавы, народ мне не даруе. Гэта мой кроўны абавязак», —падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што дзеля забеспячэння бяспекі краіны важна ўлічваць шырокі спектр меркаванняў і спыняць тых, хто распальвае канфлікты ўнутры краіны. «Калі на ўсходзе Украіны прадоўжацца ваенныя дзеянні, у гэтым балоце збярэцца дрэнь з усяго свету. А потым гэтыя наёмнікі папаўзуць у Расію і да нас — вось, што мяне больш за ўсё хвалюе. Для мяне ўсё роўна, хто будзе ваяваць супраць Беларусі. Калі ён прыйдзе да нас з мячом, мы адкажам тым жа», —падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: мы вырвемся са складанага становішча ў эканоміцы
Прэзідэнт адзначыў, што ў некаторых СМІ прапануюць правесці ў краіне так званыя структурныя рэформы. «Я разумею, на што яны намякаюць. На тое, каб мы парэзалі, раздалі прадпрыемствы, неэфектыўныя — закрылі. Закрыць — розуму многа не трэба. Але заўсёды трэба думаць аб наступствах», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Незалежная Беларусь узяла са свайго мінулага лепшае для эканамічнага развіцця. «Я гэта ў першыя прэзідэнцкія выбары сказаў: мы пакінем толькі лепшае. Мы пакінулі: запусцілі прадпрыемствы. Яны працавалі і нядрэнна працавалі. І будуць працаваць. Я вам гарантую: будуць працаваць. Мы вырвемся з гэтага складанага становішча, у якое трапіла наша эканоміка», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы нагадаў аб важнай задачы, якая была актуальнай у першыя гады яго прэзідэнцтва і не страчвае актуальнасці цяпер. Размова ідзе аб дыверсіфікацыі экспарту, у тым ліку прадуктаў харчавання. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларуская прадукцыя запатрабавана не толькі ў Расіі, але і ў краінах далёкага замежжа. «Можна нарошчваць экспарт. Сёння вялікі попыт на нашу прадукцыю ў Венесуэле, у Кітаі і гэтак далей. Ёсць вельмі шмат прадукцыі, якую мы вырабляем на зямлі і можам сёння свабодна прадаваць», — упэўнены Прэзідэнт.

У цэнтры ўвагі быў і будзе чалавек
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што да канца свайго прэзідэнцтва не адмовіцца ад сацыяльна арыентаванай мадэлі ў развіцці дзяржавы. Аб гэтым сёння сказаў ён у час адкрытага дыялогу з журналістамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Тая мадэль, якая была ў нас з вамі і існуе да гэтага часу, мы ад яе ні ў якім разе не адмаўляемся. Мы называем яе сацыяльна арыентаванай, гэта значыць у цэнтры знаходзіцца чалавек. Я ад яе не адмоўлюся да канца свайго прэзідэнцтва. Мы гэту мадэль намацалі, мы гэту мадэль стварылі, мы гэты шлях вызначылі і па ім трэба ісці, не шарахаючыся, асабліва ў перыяд крызісу», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт канстатаваў, што імкненне чалавецтва, асобных грамадстваў і людзей да перамен жыве ў крыві і гэта натуральна. «Але як кіраўнік дзяржавы, які адказвае за мільёны людзей, у тым ліку гэта паўплывае і на нашых суседзяў пэўным чынам, я не маю права паддавацца такім эмоцыям. Я таксама хацеў бы перамен, здзівіць я магу любой мадэллю. Але ці гатовы вы ўспрыняць гэту мадэль? Ці гатова грамадства да тых вялікіх навацый, якія могуць прапанаваць палітыкі, у тым ліку і я? Думаю, што не заўсёды», — падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб стане спраў у эканоміцы Беларусі пасля распаду СССР, калі людзі заходзілі ў магазін як у пустыню, калі на руках былі прадуктовыя талоны, за якія складана было атрымаць тавар. «З таго часу мы пакрыху аднаўлялі нашу эканоміку. Мы тое, што лепшае засталося нам ад Савецкага Саюза, ад той эканомікі, паднялі з калень, таму што іншага ў нас не было. Рэфарматараў было шмат, якія заклікалі зрабіць так, як у Расіі, як цяпер ва Украіне. Але цяпер жа мы разумныя, цяпер жа многія разумеюць, што мы ні ў якім разе не павінны былі ісці тым шляхам абвальнай прыватызацыі, бо мы парадзілі б алігархічны капіталізм і мелі б усе вынікі гэтага капіталізму», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, аднаўленне эканомікі праходзіла не без праблем, існуюць праблемы і цяпер. «Але яны пароджаны не намі. Калі вы аб’ектыўныя, то разумееце, што цяперашні стан, ды і мінулы крызіс, былі знешнімі. Свет, дарэчы, не выйшаў з крызісу. Так, Амерыка «задыхала», Кітай больш-менш. Усё астатняе ў нас яшчэ не паднялося. І дабавілася бяда, крызіс нашых суседзяў, з якімі мы гістарычна, эканамічна і фінансава звязаны», —адзначыў Прэзідэнт.

Аб брацкіх сувязях Беларусі, Расіі і Украіны
Паводле ацэнкі Прэзідэнта, мінулы год быў багаты на падзеі і на перамогі беларускіх спартсменаў, сярод якіх паспяховае выступленне на Алімпіядзе ў Сочы — упершыню ў гісторыі быў такі вынік. У ліку важных дасягненняў —паспяховае правядзенне ў Мінску чэмпіянату свету па хакеі. Гэта лепшы чэмпіянат свету, як прызналі замежныя партнёры.
Упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі беларускія аграрыі змаглі атрымаць рэкордна высокі ўраджай.
Прэзідэнт падкрэсліў, што 2014 год быў у Беларусі не толькі Годам гасціннасці, але і годам памяці, патрыятызму, 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «На гэту тэму апошнім часам шмат размоў, будзе жаданне — мы таксама сёння пагаворым больш дэталёва на гэту тэму», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
«На вялікі жаль, 2014 год быў адзначаны і эскалацыяй міжнароднай напружанасці не толькі ў суседняй роднай нам Украіне, але і ў многіх пунктах нашай планеты, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Тым не менш трагедыя брацкага народа прымусіла нас яшчэ раз задумацца аб тым, наколькі важна, каб у краіне былі мір, спакой і парадак».
Ён адзначыў, што Беларусь, Расію і Украіну аб’ядноўваюць цесныя гістарычныя, культурныя і эканамічныя сувязі. «Разарваць гэтыя сувязі нельга, і наўрад ці гэта каму-небудзь сёння дазволена і наогул магчыма. Мне хацелася б, каб год 70-годдзя Вялікай Перамогі, гэты год, стаў для нашых народаў напамінам аб тым, што толькі разам, плячо ў плячо мы можам перажыць цяжкія часы і процістаяць любым самым страшным пагрозам».

(Паводле БелТА.)

Комментарии:

Один комментарий для “Шчырая размова Прэзідэнта і прадстаўнікоў СМІ

  • 02.02.2015 в 5:14 дп
    Permalink

    Добрый день, земляки!
    Я рад тому, что вы имеете сильного президента — это видно и по этому материалу.
    Всегда слежу за успехами Белой Руси. Например, на спортивных состязаниях, когда русские проигрывают, болею за вас. По биатлону переживаю за Дарью Домрачеву.
    Так держать!
    Справка: зовут меня Витольд Ярмакович, родом из Виржев, Докшицкого района. Живу в Волгограде, — журналист сайта «Город героев». Мои любимые темы — история с краеведением, всё иллюстрирую сам, как бывший фотожурналист, имеющий даже медаль ВДНХ СССР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *