Отличный дуэт Ирины и Ксении образовался в Парафьяновской школе Докшицкого района

IMG_0509Дыплом ІІ ступені па беларускай мове і літаратуры па выніках ІІІ этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах стаў знакавай падзеяй для вучаніцы 9 класа Параф’янаўскай СШ Ксеніі Грыгаровіч. Радасць ад атрыманай узнагароды яна раздзяляе разам са сваёй настаўніцай Ірынай Станіславаўнай Палачанінай, якая, пачынаючы з 5 класа, пачала прывіваць дзяўчынцы любоў да роднай мовы. Але аб усім па парадку.

Перш, чым вучыць дзяцей, зразумела, Ірыне Палачанінай трэба было набыць адпаведную адукацыю. Паколькі дзяўчынка была выдатніцай, справа стаяла толькі за выбарам ВНУ.

– Нарадзілася я ў маляўнічай вёсцы Парэчча Сітцаўскага сельсавета, дзе панаваў асаблівы ўклад жыцця, – расказвае настаўніца. – Людзі стараліся ўсё рабіць на выдатна: і вучыцца, і працаваць. Мне вельмі пашчасціла жыць па суседстве з Марыяй Браніславаўнай Дзюбак – таленавітай настаўніцай, паэткай, з якой мы шмат часу праводзілі разам, маглі гадзінамі пісаць сачыненні. Заўсёды марыла быць падобнай на яе. Гэты чалавек і адыграў вызначальную ролю ў выбары маёй будучай прафесіі. Пасля заканчэння інстытута ў Віцебску спачатку непрацяглы час выкладала прадмет у Докшыцкай вочна-завочнай школе, а з 1990 года пачала працаваць у Параф’янаўскай СШ.

– Ірына Станіславаўна, як вы распазналі талент у Ксеніі?

– Не заўважыць яго было немагчыма. Яна да кожнага ўрока рыхтавалася больш, чым патрэбна, цікавілася дадатковай літаратурай, творча падыходзіла да любога задання, – адзначае Ірына Палачаніна. – Тое, што Ксенія атрымала Дыплом, лічу не толькі сваёй заслугай, а і яе маці (дарэчы, таксама настаўніцы беларускай мовы і літаратуры), якая дапамагала настройваць дачку на вучэбны працэс, падтрымлівала псіхалагічна. І канечне ж, асабістую стараннасць маёй вучаніцы. У мінулым годзе Ксенія ўжо паспрабавала свае сілы на алімпіядзе, дзе заняла чацвёртае месца, і гэта пры тым, што праграму 9 класа яна яшчэ не вывучала.

– Наступнае пытанне да Ксеніі. Ці занадта строгая Ірына Станіславаўна?

– Побач са строгасцю прысутнічае дабрыня, як гэта і павінна быць, – кажа дзяўчынка. – Яна ўмее трымаць клас у тым сэнсе, што вучні яе слухаюць і паважаюць. Разам з тым яна вельмі патрабавальная, без гэтай якасці настаўніка, напэўна, уся падрыхтоўчая работа да алімпіяды была б марнай. Канечне, крыху крыўдна, што не хапіла літаральна некалькіх балаў для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Але я не журуся, яшчэ ёсць час падрыхтавацца лепш і праверыць свае здольнасці.

– Чым табе блізкі менавіта гэты вучэбны прадмет?

– Па-першае, у маёй сям’і заўсёды размаўлялі на беларускай мове. А па-другое, я зразумела, што сапраўдную асалоду атрымліваеш, калі чытаеш беларускіх празаікаў і паэтаў: цікаўлюся творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа, у захапленні ад Уладзіміра Караткевіча, асабліва ад яго твора “Дзікае паляванне караля Стаха”, люблю вершы Максіма Багдановіча.

– Ксенія, ёсць жаданне звязаць жыццё з настаўніцкай дзейнасцю?

– Дакладна не магу адказаць на пытанне. Магчыма гэта будзе штосьці звязанае з фармацэўтыкай. Хаця і прафесія настаўніка мне падабаецца, я ганаруся, што мае бацькі вучаць дзяцей.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Ксенія Грыгаровіч і яе настаўніца
Ірына Палачаніна.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *