Юбилей свадьбы отпраздновала семья Жучкевичей из деревни Яново Докшицкого района

IMG_0095Удалечыні ад цэнтральнай дарогі ў немнагалюднай вёсцы Янова, што ў Бярозкаўскім сельсавеце, жывуць муж і жонка Жучкевічы. Паўвека прайшло з таго часу, як яны злучыліся ў шлюбе. За гэты час нарадзілі дзвюх дачок і сына. Дзеці не забываюцца пра пастарэлых бацькоў, наведваюць іх узімку і летам. Асабліва часта бываюць той парой, якая патрабуе руплівых маладых рук.

Да нядаўняга часу бацькі трымалі карову. Мабыць, яна і цяпер была б у іх хляве, ды захварэла. А вось конь па-ранейшаму іх памочнік. Прывычныя да пастаяннай працы вяскоўцы цяжка развітваюцца з жыўнасцю нават тады, калі становяцца нямоглымі. А калі яшчэ могуць трымаць у руках і рыдлёўку, і вядро з мешанкай – працуюць.

… Сцяжынка да хаты вымецена ад снегу. На вяроўках — памытая бялізна. А ў хаце за сталом з газетай сядзіць гаспадар. Любіць Іван Уладзіміравіч пачытаць перыядычныя выданні, сярод якіх абавязкова раённая газета. Кажа, што гэтай парой больш і займацца няма чым. У жонкі ж сваё меркаванне.

– А я шмат часу аддаю тэлефонным размовам, – гаворыць Ніна Іванаўна. – Пакуль з дачкой пагутару, затым з нявесткай – дык пэўны час і пройдзе. Унучкі-студэнткі патэлефануюць, сын пацікавіцца здароўем ды справамі нашымі. Мне ж і на кухні трэба пакорпацца, каб паесці прыгатаваць. Разам з намі мама жыве, якой ужо за 90, за ёй догляд патрэбен.

Усё жыццё пражылі Жучкевічы з маці-цешчай. Народ сцвярджае, што горш за прымацкую долю нічога не бывае. А вось Іван Уладзіміравіч на цёшчу не скардзіцца. Ды і прымакам сябе не лічыць. Гэты дом пабудаваў сам, бо той, дзе пачыналі жыць, згарэў. Іван – прыезджы. У пачатку 60-х гадоў, калі ішла электрыфікацыя раёна, хлопец з-пад Навагрудка трапіў на Докшыччыну. Кватаравала брыгада электрыкаў у Янове. На вясковых танцах і пазнаёміўся Іван з Нінай. І хоць хлопец скончыў ПТВ, адслужыў у арміі і ўжо шмат дзе папрацаваў, яноўская дзяўчына запала яму ў сэрца. Хутка і вяселле згулялі. Пражылі душа ў душу 50 гадоў. Як кажуць, дзяліць не было чаго, апрача сумесных планаў, праблем, задач. Ніна працавала поварам у садку, Іван – электрыкам у РЭСе, потым у мясцовым саўгасе. Пэўны час быў нават галоўным інжынерам, бо вопыт меў вялікі, практычныя веды – таксама. Не хапіла толькі адукацыі. Затое сын ажыццявіў бацькавы планы – вывучыўся на інжынера. Дачка таксама атрымала добрую прафесію. Але галоўнае, чым могуць пахваліцца бацькі – гэта тое, што выхавалі ў сваіх дзяцей павагу і любоў да людзей, працавітасць і адказнасць. Магчыма, зрабілі гэта больш на сваім прыкладзе, чым на словах.

– У нас, як ва ўсіх, былі пэўныя рознагалоссі ў пунктах погляду, – гаворыць Ніна Іванаўна, – аднак злосці не было. Мы хутка знаходзілі кансэнсус. Не сварыліся, не зневажалі адзін аднаго. Да састарэлых адносіліся цярпліва. Я вельмі ўдзячна мужу, што дапамагае з доглядам за мамай. Без яго мне было б вельмі цяжка. Гэта бачаць дзеці, і яны стараюцца нам дапамагчы. Невядома, як прыйдзецца дажываць век, але вельмі хочацца верыць, што перад канцом будзе каму патрымаць за руку.

Залатое вяселле Жучкевічаў не было пышным, як гэта, калі збіраецца вялікая колькаць гасцей, якія весяляцца так, што гул ідзе па ўсёй вёсцы. Прыехалі родныя. З сабой прывезлі пачастункі, накрылі багаты стол і … засыпалі “маладажонаў” ружамі. Сярод зімы, маразоў, холаду сагравалі душу пажылых бацькоў ярка чырвоныя і беласнежныя суквецці на доўгіх зялёных ножках, разносіўся па хаце водар свежых клубніц. І не трэба казкі, каб зімой сустрэліся 12 месяцаў, калі жыве павага і любоў, якія б’юць крыніцай з душы самых родных і блізкіх людзей.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Іван і Ніна Жучкевічы.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *