В Докшицком районе состоялось отчетное собрание Территориального центра социального обслуживания населения

IMG_1165Адбыўся справаздачны сход Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па выніках работы за 2014 год. У яго рабоце прынялі ўдзел галоўны спецыяліст аддзела сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Таццяна Салдатава, старшыня райсавета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Тулоўская.

Са справаздачай аб рабоце ТЦСАН за мінулы год выступіла яго дырэктар Марыя Курдзека. Яна адзначыла, што цэнтр — гэта шматфункцыянальная ўстанова, якая прадастаўляе састарэлым грамадзянам, інвалідам і іншым катэгорыям насельніцтва розныя сацыяльныя паслугі. На пачатак года на надомным абслугоўванні знаходзяцца 874 чалавекі, якіх даглядаюць 113 сацыяльных работнікаў. У структуру цэнтра ўваходзяць восем аддзяленняў, кожнае з якіх выконвае сваю функцыю. У 2014 годзе адкрыта новае аддзяленне – дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Для аказання дапамогі асобам, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, пры аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Крулеўшчыне адкрыты антыкрызісны пакой. Каб платныя паслугі сацыяльнай службы былі больш даступнымі, створаны і працуюць пяць брыгад з ліку сацыяльных работнікаў і адна брыгада ў саставе псіхолага, юрыста, рабочых аддзялення тэрміновай сацыяльнай дапамогі. Цэнтр кантралюе работу аддзяленняў кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў, дзе створаны годныя ўмовы для пражывання. Сярэдні ўзрост іх пастаяльцаў – 80 гадоў. Кошт утрымання аднаго чалавека ў месяц складае 3,5 мільёна рублёў. Каля 60-ці працэнтаў ад гэтай сумы пакрывае пенсія грамадзян. Астатнія выдаткі аплачваюцца з бюджэту раёна.
Дапоўнілі выступленне дырэктара цэнтра больш падрабязнымі справаздачамі пра сваю работу загадчыкі ўсіх аддзяленняў. Інфармацыя выступоўцаў падмацоўвалася дэманстрацыяй слайдаў з графікамі і фотаматэрыяламі.
Звяртаючыся да прысутных у зале, Таццяна Салдатава зазначыла, што работа нашага Тэрытарыяльнага цэнтра займае лідзіруючую пазіцыю ў параўнанні з іншымі такімі ж установамі вобласці, і гэта заслуга кожнага члена калектыву. У Докшыцкім тэрытарыяльным цэнтры большая, чым у іншых раёнах вобласці колькасць аддзяленняў, высокі паказчык па аказанні разавых сацыяльных паслуг. Як нідзе, тут практыкуюцца новыя тэхналогіі сацыяльнай работы.
IMG_1167– На жаль, многія дзеці забыліся пра сваіх бацькоў. Таму, асобнае дзякуй сацыяльным работнікам, якія для многіх сваіх падапечных сталі роднымі людзьмі. Вы іх вочы і вушы, бо менавіта вам першым прыходзіцца бачыць і чуць праблемы, цяжкасці і хвіліны радасці пажылога чалавека, – рэзюмавала Таццяна Міхайлаўна і ўручыла ўдзячнасць камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама сацыяльнаму работніку з Бярэзінскага сельсавета В.І. Міхаль. Граматы і ўдзячнасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых органаў уручыла таксама лепшым сацыяльным работнікам Алена Тулоўская (на здымку). Іх атрымалі Т.В. Гмыза з Бярозкаўскага сельсавета, Л.А. Ставер з Бягомльскага, М.І. Скробут і І.Ф. Каляга з Крулеўшчынскага, І.С. Шпак з Бярэзінскага, В.П. Плыгаўка з Парплішчанскага сельсаветаў, а таксама А.М. Макатовіч і Н.В. Козак — работнікі аддзяленняў кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў з Сітцаў і Крулеўшчыны.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая напрыканцы сходу выказала спадзяванне, што большасць планаў, якія былі агучаны, Тэрытарыяльны цэнтр увасобіць у жыццё.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *