В Докшицах прошли памятные мероприятия, посвящённые выводу войск из Афганистана

Ускладанне кветак да помніка.

Ускладанне кветак да помніка.

У нядзелю, 15 лютага, споўнілася роўна 26 гадоў з таго часу, калі апошнія падраздзяленні савецкіх Узброеных сіл пакінулі тэрыторыю Афганістана. Кожны год былыя воіны-інтэрнацыяналісты збіраюцца разам, каб успомніць перажытае і ўшанаваць памяць пра загінуўшых таварышаў. Па ўсёй краіне ў гэты дзень традыцыйна праходзяць мітынгі і памятныя мерапрыемствы. Не сталі выключэннем і Докшыцы.
Адным з важнейшых момантаў гэтага дня стала ўскладанне кветак да сімвалічнага помніка воінам-інтэрнацыяналістам, якія не вярнуліся з вайны. Словы падзякі за выкананы доўг удзельнікам баявых дзеянняў выказаў старшыня райвыканкама Алег Пінчук.
– Вы чэсна адстойвалі інтарэсы сваёй краіны, – адзначыў Алег Леанідавіч. – Доўг кожнага з нас – не забывацца пра гэту вайну, пра тыя страты, якія яна нанесла. Памяць павінна выхоўваць і заклікаць да міру, згоды, дыпламатыі і недапушчэння гібелі людзей.
Працягам памятнага мерапрыемства стала канцэртная праграма “Афганістан баліць у маёй душы”, падчас правядзення якой асобныя актывісты Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане атрымалі ўзнагароды.
На сцэну былі запрошаны Віктар Казачэнка і Аляксандр Стульба, якія з рук старшыні райсавета Валянціны Сівіцкай атрымалі граматы раённага Савета дэпутатаў. За актыўны ўдзел у дзейнасці грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз ветэранаў у Афганістане”, патрыятычнае выхаванне моладзі і ў сувязі з 26-годдзем з дня вываду савецкіх войскаў з Рэспублікі Афганістан Сяргею Каляга быў уручаны ўдзячны ліст раённага выканаўчага камітэта.
У гэты дзень ваенны камісар раёна Генадзій Пацэвіч выказаў словы падзякі ўдзельнікам баявых дзеянняў за іх ратны доўг, а таксама мясцоваму саюзу ветэранаў вайны ў Афганістане, які ў цесным узаемадзеянні з раённай уладай і ветэранскай арганізацыяй праводзяць вялікую ваенна-патрыятычную работу па выхаванні нашай моладзі.

 

Узнагароды атрымалі Віктар Казачэнка і Сяргей Каляга.

Узнагароды атрымалі Віктар Казачэнка і Сяргей Каляга.

Грамату Віцебскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Валянцін Андрыеўскі ўручыў Мікалаю Рошчупкіну, а за актыўнае асвятленне жыцця воінаў-інтэрнацыяналістаў у раённай газеце ўзнагародным знакам “За заслугі” 1 ступені была адзначана журналіст Нэлі Бяляўская.
Працягам мерапрыемства стаў канцэрт, які падрыхтавалі работнікі культуры. Прагучалі песні ў выкананні Вольгі Шылковай, Андрэя Чабана, Таццяны Канцавой, Андрэя Воранава, Таццяны Лукшы, Вольгі Маслоўскай. Танцавальны нумар падрыхтаваў калектыў “Акцэнт”.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *