В Докшицком районе живёт рукодельница Светлана Гаранина

Здымак 1

Здымак 1

Са старажытных часоў жанчыны любяць упрыгожваць сябе. Спачатку гэта былі пацеркі з костак, зерня ці звычайнага камення, што служылі так званымі абярэгамі. Калі з’явілася шкло — людзі пачалі навешваць на сябе зробленыя з яго каралі.

Яшчэ ў Старажытным Егіпце з’явіўся новы від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які да сённяшняга часу прыцягвае аматараў рукадзелля сваёй цікавасцю, дэкаратыўнасцю і прыгажосцю. Гэта — бісерапляценне.

Амаль два гады выплятае з рознакаляровых пацерак свае непаўторныя работы Святлана Гараніна (здымак 1). Вось ужо 27 гадоў яна працуе выхавальніцай у Сітцаўскім яслях-садзе.
— Пачалося маё захапленне з кнігі “Бісерапляценне”, якую я аднойчы ўбачыла ў сяброўкі, — успамінае Святлана Вячаславаўна. — У ёй былі даволі простыя схемы, якімі я хутка авалодала. Затым захацелася большага. Тут на дапамогу прыйшоў Інтэрнэт. Выплятаць розныя формы, узоры з маленькіх бісерын — гэта даволі карпатлівая работа. Тут патрабуецца і ўседлівасць, і стараннасць, і ўважлівасць. Але мне гэта так падабаецца, што ўвечары, пасля таго, як спраўлю ўсе хатнія справы, абавязкова дастаю свае прылады — і адпачываю.
Разам з матуляй вырабамі з пацерак захапляецца і дачка Яўгенія. Яна вучыцца ў 10 класе. Свае работы дзяўчына выстаўляла на раённым конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прысвечаным 70-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцка-нямецкіх захопнікаў. Неаднаразова персанальныя выставы Гараніных праходзілі ў Сітцаўскай СШ і дзіцячым яслях-садзе. Шмат сваіх работ падарылі майстрыхі і Сітцаўскай царкве.

Кожны куток рабочага месца ўпрыгожаны работамі выхавальніцы (здымак 2). Не дзіўна, што і дзеці цягнуцца да рукадзелля, майстэрствам выканання якога дзеліцца з імі Святлана Вячаславаўна. На любое свята рыхтуюць падарункі — кветачкі з бісеру.

Здымак 2

Здымак 2

— Дзецям вельмі падабаецца перабіраць у ручках пацерачкі, — расказвае Святлана. — Гэта вельмі добра ўплывае на дробную маторыку малых. Нават хлопчыкам падабаецца вырабляць пацеркі, бранзалеты, пярсцёнкі. А я рада, што некаму магу перадаць тое, чым валодаю сама.

Акрамя штучных кветак ёсць у Святланы Вячаславаўны і захапленне кветкаводствам. З насення вырасціла яна прыгожыя цыкламены, што квітнеюць на вокнах усю зіму. Дома — гаспадарка, упраўляцца з якой дапамагае добры муж. Што яшчэ трэба для жаночага шчасця?

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *