Борис и Татьяна Лапшины из Бегомля учат работе на земле и христианским ценностям

dsc_ 037Домік з вежай, як на сапраўдным палацы, па вуліцы Барысаўскай у Бягомлі, адразу прыцягвае ўвагу: і сваім крыху нязвыклым відам, і добраўпарадкаваным участкам з маляўнічым мастком, і садам з паўднёвымі раслінамі. Жывуць у ім Барыс і Таццяна Лапшыны, якія восем год таму ўзялі на выхаванне дзвюх сястрычак – Насцю і Дзіяну.
Гэты крок не быў выпадковым парывам. Таццяна працавала ў дзіцячым садку, і туды ж хадзілі дзве дзяўчынкі з прытулку. Глядзець на іх без слёз было немагчыма. З букетам хвароб, абсалютна запушчаныя, яны нагадвалі маленькіх звяркоў. У старэйшай Дзіяны невылечаныя адэноіды нават змянілі рысы твару, у меншай – трохгадовай Настачкі, якая выглядала на паўтара годзіка, валоскі раслі толькі на адным баку галоўкі. Дзеці не ведалі смаку нармальнай ежы, пастаянна плакалі ноччу, да дрыжыкаў баяліся ўсяго, нават маленькіх куранят, не ведалі, што рабіць з цацкамі, і спакойна адчувалі сябе толькі ў бальніцы, бо ў ранейшым сваім кароткім жыцці пастаянна там знаходзіліся. Адным словам, ужо праз тры месяцы пасля таго, як сястрычкі з’явіліся ў іх доме, сужэнцы Лапшыны зразумелі, што аднаго толькі жалю для таго, каб вырасціць гэтых дзетак, будзе мала. Больш спатрэбіцца цярпення, вялікай працы, умення і бясконцай любві.
З таго часу прайшло восем год. Дзіяна вучыцца ў пятым класе, Насця – у чацвёртым. Здаровыя, прыгожыя дзяўчынкі, са сваімі прыхільнасцямі, асаблівасцямі характару, як і ўсе дзеці. Дзіяне для спакойнага існавання трэба пастаянна адчуваць, што яе любяць, і тады яна забывае нават пра канкурэнцыю з Лізай – роднай дачкой Лапшыных, якая на год за яе старэйшая. Бацькі гэта ведаюць і таму стараюцца ім купляць аднолькавыя падарункі. Паехаць у Германію летам на адпачынак сябры сям’і запрасілі толькі Лізу, Таццяна ўгаварыла, каб прынялі яшчэ і Дзіяну. Насці пашанцавала пабываць у Англіі. Дзяўчаткі не павінны думаць, што дзеці ў нас розныя, яны ўсе для нас – аднолькавыя, лічыць мама. Ёй, як прафесійнаму педагогу, псіхолагу, настаўніку фізкультуры з вышэйшай адукацыяй пра гэта, канечне, лепш ведаць.
Дзякуючы таму, што кожны дзень сястрычкі робяць урокі пад пільным кантролем мамы, яны нядрэнна вучацца. Дзіяна з задавальненнем наведвае школу мастацтваў, дзе іграе на фартэпіяна і займаецца харэаграфіяй, а Насця любіць маляваць. А яшчэ яны з самага ранняга дзяцінства пякуць бліны, паліваюць градкі, мыюць посуд, кормяць курэй. У Лізы ў тры годзікі ўжо былі свае лейка і грабелькі. Мама давярала ёй корпацца на асобна адведзенай для гэтага маленечкай градцы. Ад яе вучыліся хатнім абавязкам Дзіяна з Насцяй. Праца – гэта тое, што лепш за ўсялякія іншыя методыкі выхоўвае чалавека, лічаць Лапшыны, і ў гэтым яны абсалютна правыя.

– У нас ёсць хлебапечка, машына, што мые посуд і ўсякія іншыя сучасныя механізмы, якія аблягчаюць быт, – гаворыць Барыс, – але ж дзяўчынкі, будучыя гаспадыні і маці, павінны ўмець шмат чаго рабіць, бо ў жыцці можа ўсё спатрэбіцца. Праца яшчэ нікога не сапсавала.
У самога таты залатыя рукі рэзчыка па дрэве. Калекцыі яго рэчаў людзі бачылі не на адной выставе. Шкада, што справа гэта ўсё ж такі мужчынская, а то, магчыма, і дзяўчаткі навучыліся б.

Не вельмі хочацца весці пра гэта гаворку, але, пэўна, усё ж такі трэба. Убачыўшы ў чарговы раз дружную сям’ю Лапшыных на агародзе, у садзе, некаторыя “нераўнадушныя” грамадзяне кідаюць касыя погляды: зноў, маўляў, “эксплуатуюць” сіротак. Адна бойкая пенсіянерка з былых сталічных жыхарак (і па гэтай прычыне яна лічыць патрэбным пастаянна павучаць жыхароў правінцыяльнай Бягомльшчыны), якая зараз вярнулася на малую радзіму, палічыла патрэбным “адкрыць вочы” на гэта і карэспандэнтам раённай газеты. Менавіта таму, шчыра кажучы, мы і наведалі сям’ю, хаця ў службе аховы дзяцінства, калі мы пазнаёмілі іх з інфармацыяй, што паступіла ад кабеты, вельмі здзівіліся. На іх думку, дзеці ў адукаванай, матэрыяльна забяспечанай сям’і педагогаў, якая шчыра прытрымліваецца хрысціянскай маралі, знаходзяцца ў вельмі добрых умовах. Пагадзіліся з імі і мы пасля знаёмства з Лапшынымі. Сем год стажу прыёмных бацькоў – гэта не восем дзён. Дарэчы, за гэты час біялагічная маці дзяўчатак, якая жыве ў Крулеўшчыне, і, як абавязаная асоба, мае доўг дзяржаве ў 100 мільёнаў рублёў, у Бягомль і вачэй не паказала.
Крыху раней, як год назад, у Таццяны з Барысам нарадзіўся маленькі Венечка. Не чым іншым, як цудам, яны гэты факт не называюць. Справа ў тым, што некалькі год таму Таццяне ўрачы вынеслі безапеляцыйны вердыкт – больш дзяцей не будзе. А Веня, трэба думаць, гэта Ласка Божая людзям, якія, выконваючы запавет Яго, праяўляюць міласэрнасць, спачуванне і любоў да гаротных дзіцячых душ.

НА ЗДЫМКУ:
Барыс і Таццяна Лапшыны
са сваімі дзецьмі:
Насцяй і Венечкам.

Тамара Альшэўская.

Комментарии:

Один комментарий для “Борис и Татьяна Лапшины из Бегомля учат работе на земле и христианским ценностям

  • 05.05.2015 в 7:38 пп
    Permalink

    Так приятно, что на моей малой родине есть такие замечательные люди, как семья Бориса и Татьяны!
    Желаю, что бы в вашей семье всегда царили любовь и гармония, а всякие завистники проходили стороной.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *