Двойчы расстраляны

Даведаўся, што ў вёсцы Маргавіца Докшыцкага раёна спраўляе стагадовы юбілей ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сямён Паўлавіч СТАВЕР. Паехаў да яго. Вёску пад такой лірычнай назвай адшукаў адразу за Бягомлем. Хата ветэрана, звычайная, шаляваная, знаходзілася ў пачатку аднаго з завулкаў. У двары высока ў неба раскінулі галлё бяроза і два магутныя клёны. А сам двор акружалі акуратныя, але даўнія пабудовы, у якіх раней, відаць, трымалі шмат рознай жыўнасці. Збоку ад прыступак дашчанага ганка, пад маленькім застрэшкам віднеўся складзік дроў: з гнілаватых дошак, не дужа тоўстай вольхі. Падумалася міжволі: «Маглі б такому ветэрану прывезці і больш прыстойнае!»

Сустрэў мяне ветліва паўнаваты, але даволі рухавы мужчына: сын ветэрана – Павел. Прыехаў ён з Бешанковічаў даглядаць бацьку.
Сам ветэран, «узброіўшыся» акулярамі, сядзеў на канапе з газетай у руках. Павел патлумачыў, што бацька ад вокладкі да вокладкі прачытвае раёнку, «Аргументы і факты» і, калі пападзецца, – «Сельскую газету». А яшчэ – раманы. Побач ляжала тоўстая кніга Васіля Смірнова «Адкрыццё свету».
Піла-двуручка на аднаго
Сустрэў Сямён Паўлавіч ветліва, запрасіў на каву. Спакваля ўсё больш ажыўляўся, разгаварыўся. Як выявілася, вядомыя беларускія паэты, Алесь Ставер і Юрась Свірка, – яго пляменнікі, якіх ён вучыў у школе. Расказваў пра жыццё проста, не пахваляючыся, нават з гумарком: пра першыя «магазінныя» штаны, пра тое, як у вайну яго двойчы ледзь не расстралялі, спачатку свае, а потым немцы, пра партызанскі парад у калошах і іншае. Узнагароджаны за баявыя дзеянні ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны.
На жаль, узнагарод гэтых няма. Аднойчы заявіліся ў хату капітан з жанчынай, папрасілі ўзнагароды быцам бы ў музей. Аказаліся махлярамі.
– Так прыстойна выглядалі, ніколі не падумаў, што жулікі, – перажывае ветэран.
 Пры напамінку аб сакрэце даўгалецця паведаў, што ніколі не піў гарэлкі і не курыў. А яшчэ ўвесь час знаходзіць нейкую фізічную работу. Маўляў, тады лепшае адчуванне. Сын Павел падказаў, што пабудовы ля хаты – справа рук бацькі:
– Ён і ў 99 гадоў браў пілу-двуручку і патрабаваў, каб яму прыносіў дошкі ці пяток бярвенняў. Стараўся падаць танчэйшых, гнілаватых, каб лягчэй рэзаць было. Ён тады крыўдаваў. Пілаваў адзін. Я ў свае гады двуручкай не магу гэта зрабіць, бо піла выгінаецца, вібрыруе.
Вось адкуль у складзіку ля ганка ўзяліся не надта добрыя, падгнілыя дровы…
З юбілеем ветэрана павіншавалі родныя, сельсавецкая і раённая ўлада. І калі хтосьці з начальства звярнуўся: «Сямён Паўлавіч, што вам зрабіць яшчэ, у чым маеце патрэбу?», чакалі ўсяго, толькі не такога адказу ветэрана:
– Ведаеце, у нашым бягомльскім саўгасе было шмат кіраўнікоў. Справы ішлі ў іх не надта. А вось з’явіўся Анатоль Бальшуноў, і ўсё памянялася: і гаспадарка стала адной з лепшых у раёне, і людзі задаволеныя. Дырэктар сумленны, справядлівы і гаспадарлівы. Падтрымайце яго!..
Удалося запісаць на дыктафон расказ Сямёна Паўлавіча, які падаецца ў скарочаным выглядзе. Уражвае, што ветэран не толькі цудоўна ўсё памятае, але і называе дакладна прозвішчы і імёны людзей.
Партызаны паставілі да сцяны
– Сто гадоў… Не верыцца, што працягнуў столькі. Шчыра кажучы, я на гэтым свеце не тое што сто, а і года мог не затрымацца. Калі нарадзіўся, у сям’і было ўжо шасцёра дзяцей. Бацьку ўзялі на Першую сусветную вайну, і ён трапіў у палон да немцаў. Бедная маці, як ні білася, як ні старалася, не магла пракарміць столькі ратоў, і я аказаўся непатрэбным дзіцём. Пасадзяць мяне на печы, падвяжуць бульбінку на нітцы да столі, дадуць скарыначку хлеба, каб не плакаў. І вось, на дзіва, так ужо лёсам наканавана, — выкарабкаўся, хаця двое старэйшых дзяцей з галадухі той і хвароб не выжылі.
Пасля бацька ўцёк з нямецкага палону, і жыць стала лягчэй. Ён быў добрым майстрам: умеў печкі класці, цяслярыць. І ўсё ж асаблівага дастатку не было. Памятаю, з шостага класа накіравалі мяне на курсы настаўнікаў. І толькі тады мне ўпершыню, у пятнаццаць год, купілі крамныя штаны. Да гэтага хадзіў у зрэбных, з саматканага палатна.
Курсы гэтыя працягваліся ўсяго паўгода, і ў няпоўныя шаснаццаць я стаў настаўнікам спачатку вясковай школы ў Юхнаўскім сельсавеце, а потым – у Бягомльскім. У апошнім якраз адпрацаваў шэсць гадоў, да самай вайны.
У армію мяне не ўзялі. З прызыўнога пункта адправілі дахаты, а неўзабаве прыйшлі немцы.
Школу не закрылі, і мы працягвалі вучыць дзяцей па савецкіх падручніках.
І вось аднойчы ноччу заявіліся да мяне ў дом партызаны. Прывёў іх аднавясковец, які жыў праз пяць хат. Прыхапілі новы кажушок з вешалкі, а мяне самога вывелі на вуліцу і паставілі да сцяны:
— Ты – нямецкі паслугач!.. Смерць здрадніку!
Шчоўкнулі затворы вінтовак. Я настолькі быў ашаломлены, што і слова не змог вымавіць у сваю абарону. Тут замітусіўся, замахаў рукамі збялелы аднавясковец. Ён ніяк не мог здаўмець, што ўсё гэтым скончыцца:
— Не страляйце! — забалабоніў. — У яго ж сястра Анастасія ў партызанах, а роднага брата Аляксандра, які быў галоўным інжынерам Харкаўскага трактарнага завода, замучылі фашысты, дапытваючыся, дзе закапаў станкі.
Мяне адпусцілі, але яшчэ доўга не змог сысці з месца, бо амярцвелі ногі.
І ўсё ж школу давялося неўзабаве пакінуць. Дырэктарам у нас быў член партыі Іван Паўлавіч Янкоўскі, і мы вялі палітыку супраць акупантаў. Хтосьці данёс. Прыбягае прыцемкам наша дзяўчына, якая ў камендатуры рабіла, і кажа: «Схавайцеся дзе-небудзь! У немцаў загад падпісаны раніцай расстраляць вас траіх». Ну, значыць, дырэктара, настаўніка Радкевіча і мяне. Мы тут жа сабраліся і падаліся балотамі ў Соўскі Бор, да партызан. Я быў правадніком, бо ведаў выдатна гэтыя мясціны. Спачатку камандаваў аддзяленнем кулямётчыкаў, а потым, хоць і быў беспартыйны, прызначылі палітруком. Брыгада называлася «За Радзіму».
Асколак пад самае сэрца
Прыгадваюцца розныя эпізоды той барацьбы з ворагам. Памятаю, у 1943 годзе брыгада атрымала заданне перайсці ў Рудзенскі раён, каб там сумесна з мясцовымі партызанамі біць фашыстаў. Размясціліся ў лясной вёсцы ля ракі Пціч. На другім яе беразе знаходзіліся немцы, якім мы не давалі жыцця дзёрзкімі налётамі. І вось аднойчы здарылася непапраўнае. Калі партызаны наладзілі ў вёсцы танцы з мясцовымі дзяўчатамі, то запрасілі і вартавых, якія ахоўвалі мост праз раку. Якімсьці чынам пра гэта даведаліся немцы і – рванулі праз мост, накрылі нас мінамётным агнём. Пасля таго бою мы пахавалі 22 партызаны, а мяне цяжка параніла асколкамі: у нагу і пад самае сэрца.
Доктара не было, лячыла студэнтка другога курса медінстытута Аня Косарава. Яна ўсё здзіўлялася: «Сямён, чаго ў цябе раны не зажываюць?»
А як яны маглі зажыць, калі асколкі там сядзелі і доўга яшчэ пасля вайны па аднаму з нагі выходзілі, а пад сэрцам так і застаўся па сённяшні дзень.
Аню Косараву прыгадваю вось яшчэ ў сувязі з чым. Было ў яе два брацікі. Аднаму так год дванаццаць, але што за разумнік быў. Адправіцца ў разведку, апранецца пастушком, усюды пройдзе, куды нам, дарослым, доступу не было, усё падлічыць: і зброю, і салдат варожых. Загінуў потым. Мы вельмі перажывалі.
І гэта была далёка не апошняя смерць юных мсціўцаў. Паслалі раз групу падрыўнікоў на чыгунку. Хадзілі-хадзілі, усё незнаёмае там было. Вось мясцовы хлопец, яму год шаснаццаць-сямнаццаць было, напрасіўся: «Давайце я міну падкладу пад рэйкі!» І што там здарылася, відаць, занерваваўся ён, і міна тая ўзарвалася ў яго ў руках. І партызаны нават не змаглі забраць яго цела, такая страляніна пачалася.
Цягнік потым усё ж узарвалі ў іншым месцы, думалі што са зброяй, а як высвятлілася – вёз ён на фронт семечкі сланечніка. І толькі праз месяц удалося пусціць пад адхон эшалон з варожай сілай і тэхнікай…
Усялякае было на вайне. Але адзін жудасны малюнак ніяк не магу забыць. Заглянулі мы ў адну вёску, а там – усе жыхары перабітыя ляжаць, і іх скуматаюць, ядуць свінні, якія павылазілі з загародак. Цэлы тыдзень пасля гэтага я не мог глядзець на страву. Наладзілі мы тады пагоню за фашыстамі, але дагнаць так і не ўдалося.
Раздаваць мог, а вось адымаць апошняе – не…
А была яшчэ блакада, гэта пад канец вайны. Адступалі ў балоты, дзе не маглі дастаць карнікі. З намі – і мірнае насельніцтва. У адной жанчыны было двое малых дзяцей. Адзін хлопчык ішоў сам, а другога, яшчэ да годзіка, несла на руках. І так бедная выбілася з сіл, што пасадзіла, каб не мучыўся, маленькага на купінцы ля берага рэчкі, думала што ўтопіцца. Самой утапіць сэрца, відаць, не дазволіла, і з большым хлопчыкам пайшла далей. Я гляджу – дзіцё плача маленькае, і так шкада мне стала яго. Перадаў хлопцам ПТР, супрацьтанкавае ружжо, а сам узяў хлопчыка на рукі. Бухаліся па балоце. Выберамся на востраў які, адпачнём. Карміў тым, што было: драбочак цукру знайшоўся, бульбінка, хлеб размочваў. Так і адхадзілі мы з ім трое сутак. Потым жанчыну тую, маці хлопчыка напаткалі: бедная, расплакалася ад радасці…
Запомніўся парад Перамогі ў Мінску пасля яго вызвалення ад акупантаў. Нас, партызан брыгады, да яго пачатку, размясцілі ў нейкай вялізнай пуні на сене.
Рыхтаваліся, чысціліся. А ў мяне, як на грэх, парваліся чаравікі. Як ні мудрагеліў, ні ладзіў – рады не даў. Давялося абувацца ў калошы і падвязваць іх вяроўкай. Так і прайшоў… Многія, відаць, бачылі гэты парад у кінахроніцы. Там яшчэ козачка бегла ў страі… Затое пасля парада, калі атрымаў грошы, купіў новыя боты сабе і сястры Анастасіі.
Хоць вайна яшчэ працягвалася, гналі фашыстаў у іх логава, на фронт я больш не трапіў. Прызначылі мяне памочнікам старшыні Пінскага аблвыканкама і даручылі займацца харчразвёрсткай: збіраць у насельніцтва па вёсках зерне, бульбу, мяса, масла. А была ж бедната страшэнная: разбурана, папалена. Прыйдзеш у хату, дзеці галодныя плачуць, а ты – адымай апошняе ад іх. Я не змог. Нават аддаваў, здаралася, тое, што назбіраў. Тады мяне наогул перасталі пасылаць. Я папрасіў старшыню:
– Дрэнны я вам памочнік. Не ляжыць у мяне душа да гэтай работы. Адпраўце мяне ў Бягомль, у школу. Мяне дзеці любяць, я – іх.
«Настаўнік, а за хвост каровы трымаецца»
Так я апынуўся зноў у родных мясцінах. Закончыў завочна Лепельскае педвучылішча, а затым і педінстытут у Мінску. Ажаніўся на настаўніцы. Галіна Рыгораўна, царства ёй нябеснае, няма ўжо, вельмі была такая простая, працалюбівая. Заслужанага настаўніка рэспублікі ёй прысвоілі. Калі двойню нарадзіла, я гаварыў: «Давай хоць трошкі пагляджу?» А яна ноччу падхопліваецца па некалькі разоў, а потым не выспаўшыся ў школу ішла. І планы паспявала напісаць, і ўсё астатняе. Карову яшчэ трымалі. І з гэтай каровай колькі нацярпеліся ўсяго. Гэта ж тады быў такі дурны загад: настаўнікам катэгарычна забаранялі трымаць карову. На сходах пастаянна крытыкавалі мяне:
— Які ты настаўнік? Трымаешся за хвост каровы!
«А куды мне было падзецца, калі сем чалавек у сям’і: я з жонкай, цешча і чацвёра дзяцей. Пакосаў не давалі. Выкошвалі траву па берагах Бярэзіны і вывозілі на лодцы. Адным летам арганізаваў брыгаду касцоў з пенсіянераў, каб дапамагчы саўгасу. Набралася да трох дзясяткаў чалавек, і сыны мае, Павел і Саша, таксама са мной, дзявяты клас якраз закончылі. Два месяцы мы нарыхтоўвалі сена, заробкі былі вельмі слабыя. Бывала, харчоў купіш на дзень на 3 рублі, а за работу атрымаеш 80 капеек. Праўда, у канцы кампаніі, як прэмію, далі воз сена для каровы.
Як пайшоў на пенсію са школы, працаваў яшчэ малаказборшчыкам, вартаўніком на спіртзаводзе. Увогуле, на жыццё не скарджуся. Маю чацвёра дзяцей, 8 унукаў і 10 праўнукаў. Дзеці разляцеліся па свеце: дачка Таццяна ў Севастопалі, сыны Пётр – у Мінску, Аляксандр — ажно на Камчатцы. І толькі вось Павел са мной. Нічога, нам не сумна. Да вясны дажылі, а там – бачна будзе!..
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
saulich@bk.ru
Фота аўтара

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *