К севу яровых зерновых приступили в ОАО «Торгуны» Докшицкого района

IMG_9563Пачатак сёлетняй вясны парадаваў цёплым надвор’ем. Аграрыі Докшыччыны стараліся не марудзіць: уносілі ўгнаенні, апрацоўвалі глебу, праводзілі падкормку азімых культур, паступова пачыналі сяўбу яравых. На сённяшні дзень веснавыя палявыя работы комплексна праводзяць усе 10 сельгасарганізацый раёна.
Да сяўбы яравых зерневых прыступіла ў пачатку гэтага тыдня і адкрытае акцыянернае таварыства “Таргуны”. Ва ўрочышча Вецяра першымі выехалі ў поле на трактарах з пасяўнымі агрэгатамі Сяргей Гмырак і Аляксандр Аксючыц (на здымку). Для механізатараў гэта далёка не першая пасяўная. Сяргей Анатольевіч прасторам палёў прысвяціў 15 год, Аляксандр Іванавіч мае 22 гады працоўнага стажу. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, якое не вельмі радуе на гэтым тыдні, механізатары сцвярджаюць у адзін голас, што адмоўных карэктыў яно не ўнясе.
Сяргея і Аляксандра мясцовае кіраўніцтва гаспадаркі лічыць вельмі адказнымі і стараннымі работнікамі, якія з пастаўленымі задачамі заўсёды спраўляюцца лёгка, кожны год “ходзяць у перадавіках”.
– Усяго ў таварыстве запланавана пасеяць 1428 гектараў яравых зерневых, – паведаміў галоўны аграном Аляксей Каротчык. – Пад яравы рапс адведзена 400 гектараў, аднак па ўсім бачна, што прыйдзецца гэту плошчу павялічыць па прычыне невялікай гібелі азімых. Сёлета пад шматгадовыя травы аддалі 1700 гектараў зямлі, спадзяёмся, што гэта паспрыяе ўмацаванню кармавой базы. Насеннем гаспадарка забяспечана на сто працэнтаў.
Палявыя работы ў гаспадарцы праводзяцца ў комплексе: хлебаробы падкормліваюць азімыя, займаюцца ворывам і падрыхтоўкай глебы да сяўбы.
Гэтымі днямі ў таварыства паступілі два новыя трактары “Беларус-952” і адзін “Беларус-3022”. Тэхніка была дастаўлена з пляцовак аграсэрвіснага прадпрыемства Верхнядзвінска і Мінскага трактарнага завода. Як толькі ўсе патрэбныя дакументы будуць аформлены, энерганасычаныя машыны выйдуць у поле. Чакаецца, што ўсяго ў сельгасарганізацыі раёна паступяць 23 новенькія адзінкі тэхнікі.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *