Максим Кушель из Волколатской школы Докшицкого района мечтает достичь успехов Дарьи Домрачевой

IMG_1253Максім Кушэль, якога вы бачыце на нашым здымку, – зорка Валкалацкай школы. Яго спартыўныя дасягненні, якія юнак заслужыў бясконцымі трэніроўкамі і падтрыманнем здаровага ладу жыцця, вядомы не толькі ў раёне і вобласці, а нават у рэспубліцы. Сёлета ў саставе зборнай Віцебскай вобласці Максім удзельнічаў у спаборніцтвах па зімнім мнагабор’і “Здароўе”. Каманда, у якой малады хлопец быў капітанам, заняла першае месца!

– Першыя лыжы я атрымаў у падарунак ад бабулі, калі мне было 3 гады, – дзеліцца ўспамінамі юнак. – Вельмі падабалася выходзіць з імі на прагулкі ў лес. У сярэдніх класах з’явіўся сапраўдны інтарэс да бегу на лыжах. У 6 класе я стаў удзельнікам і прызёрам раённых спаборніцтваў “Снежны снайпер”, пасля чаго мяне адправілі на вобласць. Менавіта першыя перамогі падштурхнулі да больш актыўных падрыхтовак і трэніровак. На гэта звярнулі ўвагу мае настаўнікі фізкультуры – Павел Шылько і Міхаіл Зямчонак. Міхаіл Андрэевіч пазнаёміў з асноўнай тэхнікай катання на лыжах. Ён працягвае і зараз мяне трэніраваць. Падабаецца маё спартыўнае захапленне і бацькам: усё, што патрэбна для заняткаў, заўсёды дапамагаюць набыць.

Дарэчы, гэты год юны спартсмен лічыць самым паспяховым у плане спаборніцтваў. У абласным зімовым мнагабор’і “Здароўе” (лыжы, стральба, падцягванне, скачкі ўдаўжыню), а таксама ў абласной спартакіядзе па зімовым мнагабор’і “Абаронца Айчыны” сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнага ўзросту ён заняў трэція месцы.

Акрамя заняткаў фізкультуры, Максім захапляецца геаграфіяй і чарчэннем. Летам, каб заўсёды быць у форме, бегае і трэніруецца ў стральбе. Юны валкалацкі біятланіст марыць дасягнуць поспехаў Дар’і Домрачавай. У верасні мінулага года хлопец прыняў удзел у сустрэчы з лепшай спартсменкай нашай краіны на мінскім гарадскім біятлоне.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: адзінаццацікласнік Максім Кушэль з настаўнікам-трэнерам Міхаілам Зямчонкам.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *