Марина Войтехович обладательница редкой, но важной профессии в Докшицком районе

IMG_1881Прафесію метэаролага не аднясеш да масавых. Яна, безумоўна, рэдкая. Тым не менш, вынік прафесійнай дзейнасці людзей, якія штодзень сочаць за атмасфернымі з’явамі, заўжды запатрабаваны. Шмат каму прагноз надвор’я вельмі неабходны ў прафесійнай дзейнасці. Што тут крывіць душой, усе мы, калі не ведаем, як завязаць ці працягнуць размову, таксама звяртаемся да гэтай тэмы.

Кожны год дзень работнікаў метэаралагічнай службы праходзіць пад пэўным дэвізам. Сёлета ён гучыць так: веды пра клімат, як аснова дзеянняў па клімаце. Гэта вельмі актуальна ў сувязі з неабходнасцю прымаць самыя смелыя рашэнні ў барацьбе са зменамі клімату.

Пра сакрэты і асаблівасці работы ў службе, якая сочыць за надвор’ем, мы пагутарылі з начальнікам мясцовай метэастанцыі Марынай Вайцяховіч (на здымку), якая працуе тут дзесяць гадоў, а са снежня мінулага ўзначаліла яе.

– Марына Мікалаеўна, у кожнага свой шлях, як вы сталі метэаролагам?

– Па першай спецыяльнасці я тэхнік-тэхнолаг. Закончыла каледж у абласным цэнтры, але не працавала па ёй ні дня. На метэастанцыю трапіла выпадкова. Шчыра прызнацца, хоць і жыву ў Докшыцах ад нараджэння, я нейкі час нават не ведала пра яе існаванне. Там было свабоднае месца і былы дырэктар Валянціна Крывічаніна прапанавала, а я згадзілася. Рашаючую ролю адыграла тое, што яшчэ са школы вельмі люблю геаграфію. І, ведаеце, мне пашчасціла трапіць у добры калектыў сапраўды вопытных работнікаў. Маімі настаўнікамі былі Т.І. Кішэня, І. В. Гамановіч, Т.С. Чысцякова, якія зараз на заслужаным адпачынку. Цяпер вучуся завочна на чацвёртым курсе Дзяржаўнага гідраметэаралагічнага ўніверсітэта ў Санкт-Пецярбургу.

– На першы погляд ваша работа здаецца не надта складанай, ці так гэта?

– Пра гэта нам часта кажуць. Людзям падаецца, што паглядзеў на прыборы, запісаў штосьці і на гэтым усё. Але калі пачынаеш паглыбляцца, расказваць пра класіфікацыю воблакаў, іх назвы, пра тое, што кожная з’ява прыроды мае сваю кодавую лічбу, меркаванні змяняюцца. Для неспецыялістаў усё, што сыплецца з неба – град, а на метэастанцыі ўдакладняюць: гэта снежныя зярняткі ці ледзяны дождж. На самой справе ў нашай прафесіі мала рамантыкі, а вось складанасцей хапае. Бюлетэнямі, якія мы складаем штодзённа, карыстаюцца райвыканкамы і ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання нашага і Глыбоцкага раёнаў. Але, нягледзячы ні на што, метэаролагі любяць сваю справу. Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць увесь наш калектыў са святам. Што можа пажадаць метэаролаг? Добрага надвор’я кожны дзень і выканання жаданняў!

Гутарыла
Наталля СТАШЭВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *