В Докшицах ветеранам вручили юбилейную медаль «70 лет Победы в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.»

IMG_3595У памяшканні раённай дзіцячай бібліятэкі прайшло ўрачыстае мерапрыемства, на якое былі запрошаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. На вялікі жаль, былых салдат ужо часцяком падводзіць здароўе, таму на свята прыбылі толькі самыя моцныя. Цёплыя словы падзякі выказаў ім старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук.
– Прыміце ад сённяшняга пакалення нізкі паклон за тое, што адстаялі незалежнасць нашай краіны, прынеслі ёй перамогу ў вялікай і страшнай вайне, – сказаў ён. – У краінах-суседках ужо ёсць спробы перапісаць гісторыю, забыць пра яе ўрокі. Мы будзем заўсёды памятаць пра трагедыю вайны, пра мільёны загінуўшых і мужнасць тых, хто перамог фашызм.
Алег Леанідавіч пажадаў ветэранам здароўя і дабрабыту, падзякаваў за актыўную жыццёвую пазіцыю.
Потым наступіў самы ўрачысты момант сустрэчы: уручэнне юбілейнага медаля “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941– 1945 гг.” Ганаровую місію выканалі старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук і раённы ваенны камісар Г.В. Пацэвіч. На адну ўрадавую ўзнагароду стала больш у заслужаных людзей, былых салдат і партызан Я.І. Козела, М.А. Гічанскага, Е.І. Парцянка, І.М. Пярэдні, П.Д. Арцёмава, Г.Г. Шаклюцкай, Ф.П. Астроўка, П.І. Длужнеўскага.
Яшчэ адна ўзнагарода – юбілейны медаль “70 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” быў уручаны старшыні раённага Савета аб’яднання ветэранаў І.І. Падрэзу і намесніку старшыні райвыканкама В.Ю. Рандарэвіч. Гэтыя людзі летась шмат зрабілі для належнага святкавання святой і важнай для кожнага беларуса даты.
Ад імя моладзі герояў мінулай вайны вітала сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук. Ад імя ветэранаў словы падзякі раённай уладзе, школьнікам, якія часта наведваюць ветэранаў, сказалі Пётр Арцёмаў і Ганна Шаклюцкая.
З замілаваннем слухалі галоўныя героі свята прачулыя песні пра вайну і “смуглянку” ў выкананні Андрэя Чабана, Вольгі Шылковай, юных спевакоў і музыкантаў. Сіла мастацтва вярнула сівых ветэранаў у мінулае і не ў аднаго з іх па шчацэ скацілася сляза, калі загучалі “Жураўлі” Р. Гамзатава.
За ўспамінамі ў ветэрана Ягора Іванавіча Козела былі слёзы радасці. Ён прымаў цёплыя словы віншаванняў, падарункі з нагоды свайго дня нараджэння і сам частаваў прысутных шампанскім і цукеркамі. 91 год дастойна пражыў на зямлі былы салдат, няхай яшчэ жыве на ёй доўга і шчасліва.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі сустрэчы.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *