Бегомльская средняя школа Докшицкого района принимала смотр-конкурс юных инспекторов дорожного движения

93Чарговы год запар Бягомльская сярэдняя школа прымала раённы агляд-конкурс юных інспектараў дарожнага руху. Каманды ўдзельнікаў з 13 навучальных устаноў раёна красавіцкім суботнім ранкам прыехалі ў гарпасёлак. На адкрыцці мерапрыемства прысутнічалі начальнік аддзялення ДАІ РАУС Аляксандр Сташэвіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Парцянка.

Мерапрыемства пачалося з пастраення каманд і ўзняцця дзяржаўнага сцяга. Хлопчыкі і дзяўчынкі аглядалі каманд-саперніц. Усе яны на працягу года рыхтаваліся да чарговага конкурсу ЮІДР: вучылі Правілы дарожнага руху, рашалі білеты з заданнямі, разбіралі з настаўнікам непрадбачлівыя сітуацыі, якіх штодзень безліч на дарозе. Па некалькі разоў замацоўвалі навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі пацярпелым, збіраліся на рэпетыцыі агітацыйных брыгад. Агляд-конкурс даў ацэнку ўсёй гэтай рабоце. Пасля афіцыйных урачыстасцей каманды паспяшаліся на розныя этапы конкурсу згодна з вынікамі жараб’ёўкі. І калі ў класе, дзе правяралі веды ПДД была цішыня, якую перапынялі толькі крокі тых, хто выканаў заданні і выходзіў за дзверы, то на трасе-іспыце фігурнага кіравання веласіпедам наперабой гучалі дзіцячыя галасы. Адны імкнуліся даць параду, другія проста падтрымлівалі таварышаў. А вось у актавай зале, дзе выступалі агітбрыгады, не было роўных вучням Парплішчанскай СШ.
У асабістым заліку лепшыя веды на тэарэтычным экзамене на веданне ПДР паказаў Ілья Якубовіч з Бягомльскай школы. Першая на гэтым этапе Бягомльская СШ, другая – СШ № 2 г. Докшыцы, трэцяя – Бярозкаўская СШ. Не было роўных на этапе фігурнага кіравання веласіпедам Івану Самсановічу з першай гарадской школы, добра адкаталі Уладзіслаў Рудзь з гэтай жа школы і Ангеліна Траплоўская з Бягомля. Лідары этапу – гаспадары спаборніцтваў, за імі Сітцаўскія школьнікі і вучні СШ № 2 г. Докшыцы. Лепшыя тэарэтычныя веды па аказанні першай медыцынскай дапамогі ў Міхаіла Бондара з СШ № 1, добра справіліся з гэтым заданнем. Аляксей Сакалоўскі і Анастасія Шавель з Бярозкаўскай СШ. У выніку гэтая школа і выйшла ў пераможцы іспыту, на другім месцы Бягомль, на трэцім — Параф’янава. Пераможца агітацыйна-мастацкага этапу – Парплішчанская СШ, за ёй СШ № 1 г. Докшыцы, на трэцяй прыступцы Бярэзінская СШ. Увогуле журы адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі ўсіх школьных агітбрыгад.
Па выніках конкурснага дня ў агульнакамандным заліку пераможцамі сталі вучні Бягомльскай СШ, на другім месцы каманда ЮІДР Бярозкаўскай СШ, трэція – навучэнцы СШ № 1 г. Докшыцы. У гэтым годзе наш раён будзе прымаць рэгіянальны этап агляду конкурсу ЮІДР. Па папярэдняй інфармацыі мерапрыемства адбудзецца ў гэтай жа школе 4 мая.

Наталля НАВІЦКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: падчас конкурсу агітбрыгад.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *