Дмитрий Курныш работает инженером в «Бегомльском лесхозе»

IMG_4248Калі на афіцыйным узроўні аналізуюць замацаванне маладых спецыялістаў на першым месцы працы, заўжды называюць дзве галоўныя лічбы. Адна з іх – колькасць моладзі, якая прыехала на прадпрыемства ці ў галіну, другая лічба – колькасць тых, хто застаўся пасля абавязковай адпрацоўкі. Зразумела, што першых заўжды больш чым другіх. Наш сённяшні герой – інжынер па знешнеэканамічнай дзейнасці ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” Дзмітрый Курныш не сапсаваў статыстыкі замацавання кадраў у лясгасе.

У 2006 годзе з дыпломам аб заканчэнні Полацкага ляснога тэхнікума маладога спецыяліста накіравалі майстрам у Бягомльскае лясніцтва. Два гады адпрацоўкі праляцелі даволі хутка. Дзмітрый паступіў на завочнае ў інжынерна-тэхналагічную акадэмію ў Бранску і вырашыў застацца працаваць у лясгасе і далей. Прычын гэтаму было некалькі. Па-першае, маладому чалавеку даверылі спачатку пасаду інжынера па якасці ў прамысловым аддзеле, а потым тую, якую займае зараз. Для маладога мужчыны, якому няма яшчэ і трыццаці – добры задзел на будучыню. Па-другое, аплата працы інжынера і сацыяльны пакет у лясгасе нядрэнныя. Па-трэцяе, хлопец ён бягомльскі, любіць сваю мясцовасць. Тут яшчэ ў школьныя гады сустрэў будучую жонку Вераніку. Працуючы, абзавёўся жыллём, якое дабудоўвае, тут нарадзілася дачушка Дзіяна, побач бацькі.
Сённяшняя пасада Дзмітрыя – важная і сур’ёзная. Кажучы афіцыйнай мовай, ён у адказе за мытнае дэклараванне леса- і піламатэрыялаў, якія лясгас адгружае на экспарт у Літву, Латвію, Польшчу, Германію, Бельгію і іншыя краіны блізкага і далёкага замежжа. Канешне, не ўсё атрымліваецца гладка адразу. Бывае, што на мытню прыходзіцца з’ездзіць некалькі разоў, дакументы пераправіць, прасачыць якасць загрузкі на станцыі, але гэта дынамічнасць справы падабаецца Дзмітрыю. Ён дадае, што зараз вельмі ўдзячны бацьку Анатолю Пятровічу, які таксама працуе ў лясгасе, за слушную параду не імкнуцца адразу ва ўніверсітэт, а пачынаць з малога. Скончыць тэхнікум, атрымаць практычныя веды, уладкавацца на працу, а затым вучыцца далей. Гэта дае важныя для жыцця ісціны: можна пачынаць з малога і чагосьці дабіцца, пры гэтым атрымаць спецыяльнасць і магчымасць самастойнага заробку.
Замацаванне кожнага маладога спецыяліста – гэта асобная гісторыя. Толькі вось калі чалавек трапляе па размеркаванні на малую радзіму, атрымлівае пры гэтым дастойны заробак, адчувае перспектыву і добрае стаўленне калектыву, то хутчэй за ўсё ён далучыцца да другой лічбы, якая адлюстроўвае колькасць замацаваных спецыялістаў.

НА ЗДЫМКУ: інжынер па знешнеэканамічнай дзейнасці ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” Дзмітрый Курныш.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *