Иван Станиславович и Нина Андреевна Петровичи из Бегомля отпраздновали золотую свадьбу

петровичиУ сярэдзіне красавіка Іван Станіслававіч і Ніна Андрэеўна Пятровічы з Бягомля адзначылі залатое вяселле. 

Пад’язджаем да сядзібы нашых герояў і адразу бачым парадак і акуратнасць ва ўсім: у роўнай стужцы пафарбаваных платоў, гаспадарчых пабудовах і ўвогуле — на кожным квадратным метры зямлі. На парозе вялікай дыхтоўнай хаты нас сустракае гаспадыня – Ніна Андрэеўна. Адразу заўважае, што саромеецца ўвагі прэсы. Пераконваем, што паўвека побач – тэрмін, вялікае выпрабаванне і шчасце. А таму не грэх пра гэта расказаць. На тым і пагаджаемся.
Гадзіна размовы ў сям’і пралятае хутка. Жанчына ўзгадвае розныя эпізоды з жыцця, разважае пра лёс. Я між тым паволі аглядаю ўтульную залу: кветкі, дзіцячыя цацкі ў шафе, шмат партрэтаў пад шклом. На адным з іх прыгожая дзяўчына. Ніна Андрэеўна з сумам ловіць мой позірк:
– Гэта мая малодшанькая – Алёнка. Яна хварэла. Мы доўга лячылі. Іван вазіў яе ў санаторыі, але да васямнаццаці дачушка не дажыла паўгода… Гэта наш боль на ўсё жыццё. Нічога цяжэйшага за яго няма.
Ніна Андрэеўна заціхае. Колькі хвілін сядзім моўчкі. Пакрысе жанчына пачынае размову ўсё з тых жа фотаздымкаў, праўда ўжо ў сямейным альбоме.
– Вось сын Андрэй. Яго хлопцы — нашы ўнукі Коля і Ільюша. А гэта мы з дзедам на вяселлі ва ўнучкі. У нашай старэйшай дачушкі Ані дзве дзяўчынкі – Надзея і Даша. А вось гэты малышок – наш праўнучак Мішка. – Вочы субяседніцы свецяцца радасцю.
– Ніна Андрэеўна, а як вы Івана Станіслававіча свайго сустрэлі?
– Я сама з Альхоўкі, вёскі, якой ужо няма. З цягам часу мы пераехалі ў Паляне. Там, лічыце, пасуседстве жыў Іван. Сябравалі, хадзілі на танцы. Ён іграў заўжды, і да сённяшняга з баянам не расстаецца. Потым я вучыцца паехала ў Падсвілле на прадаўца. А ён – у Полацк у лясны тэхнікум. Ведаем адзін аднаго амаль усё жыццё.
– А вяселле сваё памятаеце?
– Памятаю добра. І ведаеце чаму? Таму што вяселля вялікага ў нас якраз і не было. Маладыя былі вельмі, кахалі, згаварыліся пажаніцца. Я тады ў Докшыцах ва ўнівермагу працавала, будучы муж заканчваў вучыцца ў тэхнікуме. Распісаліся ў адзін дзень, завіталі да гаспадыні, у якой я кватаравала, і… раз’ехаліся. Ён – на вучобу, я на працу.
Іван Станіслававіч у лясной гаспадарцы свой чалавек. Закончыў тэхнікум, потым інстытут. Працаваў у розных месцах, жонка з сям’ёй заўсёды побач старалася быць. Кажа, што куды іголка, туды і нітка, а інакш, якая гэта сям’я. Вось і ў Бягомль Пятровічы пераехалі гадоў з дваццаць пяць таму з-за таго, што гаспадара накіравалі працаваць у лясгас. Тыя, каму даводзілася рабіць з Іванам Станіслававічам, узгадваюць пра яго толькі добрым словам.
Ніна Андрэеўна пакрысе асвоілася на новым месцы. Пятровічы заўжды трымалі вялікую гаспадарку: дзве каровы, свінні, трусы, іншая жыўнасць, ды і на зямлі работы хапае. Да таго ж жанчына захапляецца пляценнем. Кошыкамі і пляцёнкамі ўсю сям’ю забяспечвае. Хаця, бывае, і засумуе па Докшыцах, па месцах, дзе прайшлі маладыя гады. Сядуць яны тады з мужам у машыну і да дачкі накіруюцца ў Чырвонае Беразіно. Але часцей усе едуць да дзядулі з бабуляй у Бягомль. То ўнукі парадуюць, то ўнучкі, а то і ўсе разам – і сум, як рукой знімаецца.
– Як жа вы здолелі столькі гадоў побач? – на адыход пытаюся.
– У жыцці ўсяго хапае. Але жаліцца не трэба. Стараемся слухацца – я яго, а ён мяне. Папрашу дапамагчы – дапаможа. Іван што скажа, дык і я прыслухоўваюся. Неяк гэтак.
…І сапраўды, можна ўвесь час быць побач, слухаць, але не чуць. А можна прыслухоўвацца і жыць адным жыццём на дваіх. Гэта надзвычай складана і залежыць ад кожнага ў пары. Хто зразумеў такую ісціну, той яе беражэ.
НА ЗДЫМКУ: “залатыя” вясельныя юбіляры Ніна Андрэеўна і Іван Станіслававіч Пятровічы.

Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *