Катя Курцевич из Докшицкого района увлекается новым видом декоративно-прикладного искусства

7Вясна амаль у кожнага чалавека асацыіруецца менавіта з кветкамі, што сваімі колерамі расфарбоўваюць наваколле, якое абуджаецца ад зімовай спячкі. Каця Курцэвіч знайшла спосаб захоўваць у сваім сэрцы пачуццё вечнай вясны і дзяліцца ім з людзьмі, якія знаходзяцца побач з ёй. Амаль год яна захапляецца новым, вельмі цікавым і прыгожым відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – канзашы.

– Гэта вырабы з атласных стужак, – раскрывае незнаёмую назву Каця. – З’явіўся гэты від мастацтва ў Японіі. Ён нечым падобны на арыгамі – у канзашы з кавалачкаў атласных стужак складаюцца кветкі, якімі ўпрыгожваюць жаночыя прычоскі. Аж да сярэдзіны 20-га стагоддзя канзашы былі не проста модным аксесуарам, а паказчыкам сацыяльнага статусу японкі, па якім можна было меркаваць пра яе прыналежнасць да пэўнага пласту грамадства, пра замужжа і нават колькасць дзяцей. Цікава яшчэ тое, што для кожнага сезона вырабляліся свае кветкі патрэбнага колеру.

Заколкі і абручы для валасоў, якіх Каця перарабіла за гэты час вельмі шмат, здзіўляюць не толькі прыгажосцю, але і майстэрствам выканання. Кожны пялёстак і лісцік атрымліваюцца як жывыя. Любімыя кветкі ў дзяўчыны – ружы, але штучны сад, зроблены яе рукамі, змяшчае ў сабе розныя кветкі. Родныя, звярнуўшы ўвагу на вырабы Каці, пачалі заказваць для сябе непаўторныя фларыстычныя ўпрыгожанні. Праз некаторы час з кветкамі ў валасах пачалі хадзіць сяброўкі, суседзі, знаёмыя. Дзяўчына паказала сваё майстэрства на выставе ў Цэнтры дзяцей і моладзі, пасля чаго многія гараджане зацікавіліся новым відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Нарадзілася Каця ў Докшыцах, але бацькі набылі дом у Крыкунах. Там, у царстве прыроды, чэрпае натхненне таленавітая дзяўчына.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *