Международный день театра в Докшицах отметили премьерой

IMG_8081Міжнародны дзень тэатра Докшыцкі народны тэатр адзначыў прэм’ерай. На галоўнай сцэне раёна давалі спектакль “Асцярожна, жанчыны!” Аўтар п’есы – малады кінасцэнарыст, драматург і рэжысёр Андрэй Курэйчык.

У гэты вечар гледачам была прапанавана французская гісторыя ўзаемаадносін мастака Сержа Дзюбуа з трыма жанчынамі, з якімі ён сустракаецца… паралельна. Канечне, для яго надзвычай важна, каб тры музы – студэнтка Лулу, бармэнша Жаклін і арыстакратка Марысабель – не ведалі пра існаванне адна адной. Колькі часу Сержу ўдаецца трымаць сваіх жанчын на адлегласці. Але ў адзін, не вельмі добры для мастака дзень, гераіні даведваюцца пра існаванне адна адной. Жадаючы “паквітацца” з Сержам, яны ладзяць суд над мастаком.
На што здатны тры пакрыўджаныя французскія жанчыны рознага ўзросту і сацыяльнага статусу, гледачам дэманстравалі артысткі народнага тэатра. Вользе Жалткевіч удалася роля наіўнай, лунаючай у аблоках, студэнткі Сарбоны. Экспрэсію і вострую характарнасць свайго персанажу – бармэншы Жаклін – на сто працэнтаў перадала Тамара Альшэўская. Вытанчанасць і высокі стыль прасочваліся ў кожным руху арыстакраткі Марысабель у выкананні Ірыны Дзяхканавай. А вось адчуваць грымучы кактэйль жаночай помсты на ўласнай скуры давялося выканаўцу галоўнай (і адзінай) мужчынскай ролі Сержа – Валерыю Шышла, які ўдала раскрыў гледачам працэс пераацэнкі жыццёвых каштоўнасцей свайго персанажа. Па сутнасці гэта французская гісторыя можа не мець тэрытарыяльнай і часовай мяжы, сюжэт вечны. Гледачы шчыра прымалі акцёрскую ігру за сапраўднасць, не шкадавалі эмоцый і апладысментаў.
Асобна трэба сказаць пра чарговую ўдалую работу рэжысёра тэатра Ганны Яцкоўскай. За тры дзесяцігоддзі, адданаму служэнню Мельпамене, яна заўжды трымала высокую планку канчатковага выніку дзейнасці тэатра – прэм’ерных спектакляў і чарговых паказаў. Гэта рэжысёр, які зрабіў сябе сам і падараваў асалоду быць артыстам не аднаму дзясятку нашых землякоў. Докшыцкі народны тэатр годна трымае зададзеную вяршыню. Якімі сіламі гэта робіцца, гледачам, дзякуй богу, невядома. Пэўна ў гэтым і сіла сапраўднага, а не самадзейнага майстэрства.

Наталля СТАШЭВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: сцэна са спектакля.
Фота Ю. Шульгата.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *